Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Максімюк пра пераклады. Частка ІV


Часу чытаць кніжкі ў мяне штораз менш, а яшчэ менш — каб іх перакладаць. Дык вось мне падумалася, што я выпішу тут пяць загалоўкаў кніжак, якія я з ахвотай прачытаў бы па-беларуску, калі б нехта пераклаў. Магчыма, нехта надумаецца перакласьці. Каб нарабіць смаку такім перакладчыкам, я дазволіў сабе перакласьці па кавалачку з гэтых твораў.



Лярш Собю Крыстэнсэн, "Паўбрат", Нарвэгія (Lars Saabye Christensen, "Halvbroren", 2001)


"Паўбрат" Крыстэнсэна — салідны рэалістычны раман (больш за 650 старонак), гісторыя чатырох пакаленьняў адной сям’і ў Осла пасьля ІІ сусьветнай вайны. У сям’і адна асаблівасьць — жанчынам наогул не шанцуе на мужчынаў, і пасьля нейкага амурнага эпізоду
яны застаюцца зь дзецьмі на руках, але без мужоў. Пашанцавала наймалодшай у родзе, Вэры, але толькі напалову. Ёй удаецца выйсьці замуж, і ў яе сына, Барнума, ёсьць законны тата. Але перад тым, у апошні дзень вайны, яе нехта гвалціць на паддашшы роднай камяніцы, і такім чынам, пакуль нарадзіўся шлюбны Барнум — ён жа наратар кніжкі — у яе зьявіўся Фрэд, "паўбрат" Барнума.

Такія раманы як "Паўбрат" трэба чытаць нясьпешна, смакуючы кожны сказ і абзац. Барнум, аўтар кінасцэнараў, паводле якіх ніхто ня хоча ставіць фільмаў — цынік і крыху мізантроп, але ён распавядае сямейную гісторыю выдатна, разбаўляючы свой цынізм і мізантропію кроплямі настальгіі. Ладны шматок нарвэскага пасьляваеннага жыцьця, ня толькі ў сталіцы, але і на правінцыі — далёка на поўначы Нарвэгіі, адкуль паходзіць бацька Барнума — паўстае перад вачыма чытача, так і хочацца сказаць, як жывы.

Ну чаму ў беларускай літаратуры вяршынным дасягненьнем рэалізму 50-х і 60-х лічацца драўляныя раманы І. Шамякіна? Чаму сёньня, у 21-м стагодзьдзі, ніхто не напіша цынічна-настальгічнага раману на старонак 600 пра Менск 60-х або 70-х? Каб можна было чытаць некалькі тыдняў, а то й месяцаў, не сьпяшаючыся і не заглядваючы на апошнюю старонку, каб дазнацца, хто каго забіў і навошта...

Вось "Паўбрата" я і чытаў паволі, не сьпяшаючыся, вышукваючы амаль кожнае чацьвертае слова ў нарвэска-ангельскім слоўніку (тры чацьвертыя я ўжо быў вызубрыў раней на іншым рамане Крыстэнсэна, "Beatles", зь якога пачаў вывучаць нарвэскую "гарадзкую" мову). Я прачытаў раман па-нарвэску больш-менш да траціны, потым зьявіўся чэскі пераклад, і я купіў яго, каб чытаць крыху хутчэй.

Калі Крыстэнсэн прыехаў на прэзэнтацыю чэскага перакладу "Паўбрата" ў Прагу, я схадзіў на гэтую сустрэчу і пагутарыў зь пісьменьнікам. Крыстэнсэн — сёньня, мабыць, самы вядомы ў сьвеце пісьменьнік Нарвэгіі. Але ў кантактах з чытачамі ён — асоба надзвычай сьціплая і нясьмелая. Яму было як бы крыху няёмка за ягоную не зусім гладкую ангельскую мову, на якой ён размаўляў са мною. А мне было няёмка адзывацца да яго на сваёй значна больш шурпатай нарвэскай. Але мы дагаварыліся.

Сцэна згвалтаваньня Вэры:


Men så forstår hun at det ikke kan være moren, og heller ikke Rakel, for disse skrittene har en annen rytme, en annen tyngde, gulvplankene gir såvidt etter, duen i hjørnet slutter plutselig å kurre, dette er krigens skritt som fortsetter å gå, og før Vera får snudd seg griper noen rundt henne og holder henne fast, en tørr hånd presser over ansiktet og hun rekker ikke å skrike heller. Hun kjenner den harske lukten av uvasket hud, den rå stanken fra en fremmed manns munn, en tunge som rasper i nakken. Hun prøver å bite ham, tennene synker i den grove huden, men han slipper ikke taket. Hun far ikke puste. Han løfter henne, hun sparker alt hun kan, den ene skoen faller av og han tvinger henne ned på knærne og bende henne forover. Hun ser at kjolen henger skjevt på snoren i én klype og hun river den med seg i fallet. Han tar hånden bort fra munnen hennes og han puster, men nå som hun kan skrike gjør hun det ikke likevel. Hun ser hendene hans som river opp skjørtet, og det er bare dette hun ser av ham, hendene, og den ene hånden mangler en finger og hun hogger neglene inn i denne hånden, men det kommer ikke en lyd fra mannen, ni fingre, det er alt han er. Han tvinger ansiktet hennes mot gulvet, kinnet gnir over de grove plankene, lyset er skjevt herfra, kleskurven har veltet, duen bruser med fjærene. Hun kjenner hendene hans rundt hoftene, ni fingre som skraper langs huden, og han spjærer henne, han skyver henne fra hverandre, hun hører ham ikke, hun dytter kjolen inn i munnen, tygger og tygger på det tynne stoffet, solen i takluken flytter seg med et rykk, han presser seg gjennom henne og i den samme begynner kirkeklokkene å ringe, alle kirkeklokkene i byen ringer på likt, og duen letter brått fra hjørnet under koksjakten og flakser vilt rundt dem, hun kjenner vinger som slår borti henne og nå er alt for sent, hun er ennå ikke fylt tyve år og det er han som til slutt skrike.

Але тут жа да яе даходзіць, што гэта ня можа быць маці, ні Рахіля, бо гэтыя крокі маюць іншы рытм, іншы цяжар, масьнічыны пад імі амаль не ўгінаюцца, голуб у куце раптам перастае вуркаваць, гэта ваенныя крокі, якія ідуць далей, і перш чым Вэра вырашыць адвярнуцца, нехта яе хапае і моцна заціскае, сухая рука прыкрывае яе твар і яна не пасьпявае крыкнуць. Яна адчувае церпкі пах нямытай скуры, сыры смурод з рота незнаёмага мужчыны, язык, які шаруе па яе карку. Яна спрабуе яго ўкусіць, зубы заглыбляюцца ў шурпатую скуру, але заціск ня слабне. Вэра ня можа дыхаць. Ён падымае яе, яна таўхае яго з усёй сілы нагою, адзін чаравік ссоўваецца, мужчына кідае яе на калені і пахіляе ўперад. Падаючы, яна бачыць сукенку на вяроўцы, якая крыва вісіць на адной прышчэпцы, і цягне яе за сабою. Ён адымае руку зь яе рота, і яна пераводзіць дых, але цяпер, калі можа крычаць, яна гэтага ўсё роўна ня робіць. Бачыць ягоныя рукі, як задзіраюць яе спадніцу, бачыць ад яго ўсяго толькі рукі, на адной бракуе пальца, яна запускае пазногці ў гэтую руку, але мужчына не выдае ні зыку, дзевяць пальцаў, нічога больш. Ён прыціскае яе твар да падлогі, шчака шаруе аб шурпатыя масьнічыны, сьвятло падае ў сярэдзіну касяком, кош зь бялізнай ляжыць перакулены, голуб чысьціць пёркі. Яна адчувае ягоныя рукі на бёдрах, дзевяць пальцаў драпаюць яе скуру, а потым ён распалавіньвае яе, разьдзяляе напалам, яна яго ня чуе, запіхвае ў рот сукенку, раз-пораз заціскае зубы на тонкім матэрыяле, сонца тузаецца ў ваконцы на паддашы, ён уплішчваецца ў яе, і ў той момант пачынаюць біць царкоўныя званы, раззвоньваюцца ўсе званы ў горадзе, голуб падрываецца са свайго седала ў кутку над шахтай з коксам і пачынае дзіка кружляць, яна адчувае павевы ад птушыных крылаў, якія б’юцца над ёю, і цяпер ужо на ўсё запозна, хоць ёй яшчэ няма і дваццаці, і пад канец чуваць ягоны выкрык.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG