Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часу чытаць кніжкі ў мяне штораз менш, а яшчэ менш — каб іх перакладаць. Дык вось мне падумалася, што я выпішу тут пяць загалоўкаў кніжак, якія я з ахвотай прачытаў бы па-беларуску, калі б нехта пераклаў. Магчыма, нехта надумаецца перакласьці. Каб нарабіць смаку такім перакладчыкам, я дазволіў сабе перакласьці па кавалачку з гэтых твораў.


Лорэнс Норфалк, "Папскі насарог", Вялікабрытанія (Lawrence Norfolk, "The Pope's Rhinoceros", 1998)


Ангельскі пісьменьнік Лорэнс Норфалк апублікаваў усяго тры раманы, — "Слоўнік Лемпрыера", "Папскі насарог" і "Ў абліччы дзіка", — але тыя, хто гэтыя рэчы прачытаў, сёньня лічаць яго адным з найбольш арыгінальных і цікавых аўтараў гістарычнай літаратуры ў сьвеце (зразумела, я таксама належу да такіх чытачоў, хоць трэцяй кніжкі, прызнаюся бяз розгаў, яшчэ не крануў).

Адзін з амэрыканскіх рэцэнзэнтаў, пішучы пра зьяўленьне "Папскага насарога", вельмі дасьціпна і па-мойму, вельмі трапна вызначыў жанр, у якім піша Норфалк — historical extravaganza. Ягоныя раманы сапраўды вельмі экстравагантныя, хоць і няма ў іх нічога мадэрнісцкага ці нават постмадэрнісцкага. Норфалк, кажучы вобразна, гэта такі ангельскі Караткевіч, узьведзены ў 6-тую ступень, што тычыцца складанасьці фабулы і глыбіні гістарычнага досьледу эпохі, пра якую піша, але без караткевічаўскай нацыянальнай місіі. Норфалк ня ставіць сабе мэты даказаць, што у ангельцаў ёсьць свая гісторыя, адрозная ад расейскай, а мудрагеліста заплятае ўсялякія неймаверныя гістарычныя інтрыгі з больш і менш вядомых матываў эўрапейскай гісторыі. У яго — магутны дар слова, і заглыбляючыся ў ягоныя экстравагантныя, але па-сутнасьці рэалістычныя палотнішчы, вы сапраўды пачынаеце востра адчуваць пах і смурод эўрапейскай мінуўшчыны.

Вось "Папскі насарог" пачынаецца ў пачатку XVI стагодзьдзя на востраве Узэдам у Балтыйскім моры. На стромкім беразе вострава стаіць кляштар, які паволі, але няўмольна, спаўзае ў мора. Абат і некалькі мніхаў пастанаўляюць выбрацца ў Рым, на аўдыенцыю да папы, і папрасіць яго, Хрыстовага намесьніка на зямлі, каб ён адмаліў у Бога пагібель іхнага прытулішча. З мніхамі ў Рым ідуць і два даволі цьмяныя пэрсанажы, шукальнікі прыгодаў ды шахраі, зь якімі аўтар знаёміць чытача, калі яны выпрабоўваюць самаробны батыскаф, каб знайсьці пахаваны на дне Балтыкі легендарны скарб. А потым сюжэт пераносіцца ў Рым, дзе закручваецца так туга, што немагчыма яго перадаць нават прыблізна (раман налічвае больш за 750 старонак). Нашы астраўляне трапляюць у вір эўрапейскай палітыкі і інтрыгаў на папскім двары. Год на календары 1516, у Ватыкане сядзіць папа Лявон Х, а Гішпанія і Партугалія змагаюцца за тое, як падзяліць між сабою толькі што адкрытыя заморскія землі — то бок, Заходнюю Індыю. Арбітрам гэтага падзелу мае быць ватыканскі пантыфік. Партугальцы пастанаўляюць задобрыць папу і даць яму дзеля пацехі незвычайны хабар — жывога насарога — ды выпраўляюцца па яго ў Заходнюю Афрыку. Нашы два шахраі, якія ў міжчасе нарабілі гармідару ў Рыме, таксама вырушаюць у марское падарожжа па таго насарога.

А далей — яшчэ круцей і цікавей... Адзін з улюбёных і самых экстравагантных хадоў Норфалка ў рамане — зьмена пэрспэктывы апавяданьня. Часам трэба прачытаць добры дзясятак старонак, каб уцяміць, з чыйго пункту гледжаньня паказваюцца падзеі ў дадзеным разьдзеле. Калі не памыляюся, у адным з "афрыканскіх" разьдзелаў раману падзеі разглядаюцца з пэрспэктывы мурашкі, якая сядзіць на нейкай афрыканскай сьцяблінцы і назірае за ўваходам партугальскага карабля ў безназоўнае вусьце ракі. А ў адным з разьдзелаў бліжэй канца кніжкі крывавы эпізод вайны паміж папскімі і кардынальскімі пацукамі ў падзямельлях Ватыкана паказаны з пункту гледжаньня нейкага пацучынага стратэга... Дальбог, не хлушу.

Пачатак першага разьдзелу, у якім аўтар апісвае "геалягічную гісторыю" Балтыйскага мора:

This sea was once a lake of ice. High mountains overlooked a glacial plain frosted with snow and scoured by the freezing wind. Granite basins curved up from under the ice-tonnage to rim it with irregular coasts. In ages still to come, boulder waste and till will speak of the ice pack’s tortuous inching over buried rock and sandstone; moraines and drumlins of advances and recessions that gouge out trenches and shunt forward ridges. The sea-floor here was prepared long before there was a sea to cover it. In the interim came the governance of ice.

Faultlines and fractures healed and welded, grew invisible until the Gulfs of Bothnia and Finland, of Riga and Gdansk were indistinguishable from the central basin that joined them. Northerly blizzards left their drifts of snow which compacted down and thickened until the earth’s very crust tilted under the weight. Veins of frozen oil ran like the hawsers of a ruined fleet, looping and meeting in the dark far below the surface. Grit speckled the ice pack as though blasted out of the earth and suspended in mid-air, boulders shattered and hung immobile in the dark of this catastrophic freeze. Nothing breathed here. This must once have been the deadest place on earth.


Гэтае мора калісьці было лядовым возерам. Высокія горы спаглядалі на ледзяную раўніну, пашэрхлую ад сьнегу і замеценую марозьлівым ветрам. Гранітныя катлавіны выгіналіся пад напорам лядовага грузу і аблямоўвалі яго няроўнымі берагамі. У наступных стагодзьдзях абломкі каменьня і валунная гліна будуць сьведчыць пра зьвілістае перамяшчэньне лядовага паку па пахаваных скалах і пясчаніку, а марэны і друмліны пра насоўваньне і адступаньне ледавікоў, якія павыдзёўбвалі лагчыны і павыпучвалі скалістыя хрыбты. Марское дно было тут падрыхтаванае задоўга да таго, як зьявілася мора, каб яго прыкрыць. У міжчасе наступіла валадарства лёду.

Лініі разломаў і разрывы загаіліся і запаяліся, зрабіліся настолькі нябачнымі, што Батнічны, Фінскі, Рыскі і Гданьскі залівы стала немагчыма адрозьніць ад цэнтральнага вадаёму, які іх злучыў. Паўночныя завеі пакінулі наносы сьнегу, які цьвярдзеў і ўшчыльняўся, пакуль зямная кара не выгнулася пад яго цяжарам. Вены замёрзлай нафты разьбягаліся як швартовы разьбітага флоту, крывуляючы і перакрыжоўваючыся ў цемры глыбока пад паверхняй. Жвір пярэсьціў ледзяны пак, як быццам яго выкінулі выбухам з нутра зямлі і завесілі ў паветры, валуны патрушчыліся і непарушна застылі ў цемрыве гэтай катастрафічнай мерзлаты. Не было тут ні жывога духу. Некалі гэта мусіла быць самае глухое месца на зямлі.


Эсэ Лорэнса Норфалка пра пераклады і перакладчыкаў чытайце ТУТ.
XS
SM
MD
LG