Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці застанецца Каліноўскі на п’едэстале нацыянальнага героя?


Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 28 верасьня


З усіх выдатных дзеячаў беларускай гісторыі Кастусь Каліноўскі, здавалася б, – адна з самых непахісных постацяў. Правадыр нацыянальна-вызвольнага паўстаньня, выдавец першай беларускамоўнай газэты “Мужыцкая праўда”, ён і загінуў па-геройску, на царскай шыбеніцы… Аднак, для сёньняшняй афіцыйнай гістарыяграфіі Каліноўскі – аніяк не нацыянальны герой, пра што можна прачытаць у найноўшых падручніках па гісторыі Беларусі. З гэтай нагоды Беларускае гістарычнае таварыства зладзіла міжнародную навуковую канфэрэнцыю “Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакумэнтах і культурнай традыцыі”, якая прайшла ў Менску 25 верасьня. Пасьля яе заканчэньня мы сустрэліся са старшынём таварыства доктарам гістарычных навук Алесем Краўцэвічам.

Міхась Скобла
Міхась Скобла: “Алесь, што паслужыла канкрэтнай падставай для скліканьня канфэрэнцыі?”

Алесь Краўцэвіч: “Справа ў тым, што асоба Кастуся Каліноўскага ў незалежнай Беларусі нечакана пачала падпадаць пад дэгераізацыю. За савецкім часам Каліноўскі быў больш сацыяльным, чым нацыянальным героем, але ў апошнія гады і гэты міт стаў бурыцца ідэалягічным апаратам. У сёньняшніх падручніках можна прачытаць, што Кастусь Каліноўскі – не беларускі нацыянальны герой. Тамсама напісана, што, наадварот, яго вешальнік Мураўёў – таленавіты адміністратар. Таму мы, прафэсіяналы, навукоўцы, гісторыкі, дактары, кандыдаты і магістры, людзі, якія займаюцца спэцыяльна і той эпохай, і Каліноўскім, вырашылі сабрацца і сказаць сваё слова пра Кастуся Каліноўскага, пра паўстаньне 1863 году. Акрамя Беларускага гістарычнага таварыства у Польшчы, кіраўніком якога зьяўляецца Алег Латышонак, у арганізацыі канфэрэнцыі нам вялікую дапамогу аказаў Польскі інстытут у Менску і асабіста спадар Пётар Казакевіч – дырэктар гэтага інстытуту. Памяшканьне прадаставіў Беларускі інстытут правазнаўства, які месьціцца на вуліцы Караля, 3. Намаганьнямі чыста грамадзкіх інстытуцый нам удалося арганізаваць сур’ёзную навуковую канфэрэнцыю зь якасна надрукаванымі афішамі, з праграмамі, з бэджыкамі для ўдзельнікаў і г.д.”

Скобла: “А каму ў Беларусі патрэбная дэгераізацыя Кастуся Каліноўскага? Хто сьпіхвае яго з пастамэнту нацыянальнага героя?”

Краўцэвіч:
“Вось я трымаю ў руках падручнік па гісторыі Беларусі для 10 клясы са старажытных часоў да кастрычніка 1917 году. Яго аўтары – Трашчанок, Вераб’ёў, Валжанкоў. Гэтыя людзі напісалі падручнік для школаў зь беларускай мовай навучаньня, не валодаючы беларускай мовай. Бо на падручніку пазначана: перакладчыкі з расейскай мовы – Варановіч, Саламаха, Славута. Ажно шэсьць чалавек атрымалі ганарар за гэты падручнік. Ён выпушчаны ў сьвет выдавецтвам “Адукацыя і выхаваньне” накладам 2140 асобнікаў, на ім стаіць грыф: “Дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Падручнік не прадаецца ў кнігарнях, ён адразу разасланы па школах. У ім ёсьць такі падпараграф: “Гістарыяграфічны міт пра Вікенція Кастуся Каліноўскага”, дзе робіцца выснова, што “аніякіх аб’ектыўных падставаў для ператварэньня Кастуся Каліноўскага ў нацыянальнага героя беларускага народу не існуе.” Літаральна на той самай старонцы паведамляецца, што “славуты генэрал Міхаіл Мураўёў” быў ня толькі вешальнікам, але і “таленавітым адміністратарам і арганізатарам”. Такім чынам, вучні павінны засвоіць наступнае: наш герой – не Каліноўскі, наш герой – Мураўёў. Але ў Мураўёва рукі па локці ў крыві паўстанцаў!”.

Скобла:
“Міт пра “Мураўёва ня толькі вешальніка” прапагандуецца не адным Трашчанком. Аднаго разу мне давялося прысутнічаць на міжнароднай канфэрэнцыі ў Празе, на якой выступаў знакаміты чэскі навуковец Міраслаў Грох. Дык ён таксама гаварыў пра амбівалентнасьць асобы Мураўёва – маўляў, ён і караў, і нёс Паўночна-Заходняму краю асьвету. Я не ўстрымаўся і запярэчыў прафэсару, што шыбеніца ня можа быць амбівалентнай…”

Краўцэвіч: “Што зробіш, нават такія шаноўныя дасьледчыкі, як Міраслаў Грох, ня ведаюць беларускай гістарыяграфіі. Ня ведаюць пераважна па той прычыне, што яна недаступная эўрапейскім дасьледчыкам. Якраз на канфэрэнцыі на гэта зьвярталася ўвага. Затое ў Эўропе шырокавядомая расейская гістарыяграфія, яна і прапагандуецца, у тым ліку на розных мовах. Нават наша маленькая суседка Літва мае два англамоўныя гістарычныя часопісы, дзе прапагандуюцца веды летувіскіх гісторыкаў пра іх краіну. А наш Інстытут гісторыі – структурнае падразьдзяленьне Нацыянальнай Акадэміі навук – ня мае аніводнага пэрыядычнага выданьня! Вось вам параўнаньне... Таму мы спрабуем гэтую сытуцыю неяк зьмяніць”.

Скобла: “У канфэрэнцыі бралі ўдзел і польскія навукоўцы. А як ставіцца да асобы Каліноўскага польская гістарыяграфія?”

Краўцэвіч: “Польская гістарыяграфія вельмі станоўча ставіцца да асобы Каліноўскага. Мы з палякамі ня дзелім Каліноўскага. Ён лічыў сябе грамадзянінам былой Рэчы Паспалітай, ён меў кантакты з палякамі, у тым ліку стасункі падпарадкаваньня з цэнтрам паўстаньня ў Польшчы. Паўстаньне 1863 году – гэта наша агульная справа, гэта змаганьне “за нашу і вашу вольнасьць”. Лёзунг са сьцягоў Касьцюшкі выдатна пасуе і да дзейнасьці Кастуся Каліноўскага”.

Скобла: “Нездарма гаворыцца, што паэзія – мова душы. Свой перадсьмяротны верш “Марыська, чарнаброва галубка мая…” Каліноўскі напісаў на беларускай мове. Значыць – душа ягоная прамаўляла па-беларуску. На якой падставе вашыя апанэнты залічваюць Каліноўскага ў палянафілы?”
Гэта чалавек, які аддаў жыцьцё за ідэю, які не завагаўся нават пад шыбеніцай! ...

Краўцэвіч: “Яны выкарыстоўваюць яго падвойнае імя – Вікенцій Канстанцін Каліноўскі, цьвердзячы, што ніякі ён не Кастусь, а – Вікенцій. Хоць на канфэрэнцыі паводле дакумэнтаў было даказана, што ў сям’і ўжывалася імя Кастусь. Нашыя апанэнты выкарыстоўваюць тую акалічнасьць, што паўстанцы мелі сувязь з польскім цэнтрам. Трэба сказаць, што спроба назваць Каліноўскага палякам, палянафілам, які хацеў аддаць беларусаў панскай Польшчы, – вельмі прымітыўная, бо аб’ектыўных падставаў бэсьціць гэтага героя няма. Каліноўскі – герой клясычны. Гэта чалавек, які аддаў жыцьцё за ідэю, які не завагаўся нават пад шыбеніцай! Каліноўскі пасуе на героя нават зьнешне: прыгожы інтэлігентны твар. Я перакананы, што нашыя апанэнты ніколі ня знойдуць рэальных падставаў, каб абліць яго брудам”.

Скобла: “У публікацыях некаторых навукоўцаў (прыкладам, Уладзімера Казьберука) можна прачытаць, што Каліноўскі падчас паўстаньня затэрарызаваў ледзь ня ўсю Гарадзеншчыну. Што праўда, факты ягонай “тэрарыстычнай дзейнасьці”, як правіла, не прыводзяцца”.

Краўцэвіч: “На канфэрэнцыі пра гэта таксама была гаворка ў спэцыяльным навуковым дакладзе. Каліноўскага называлі рашучым. Ён заклікаў да пакараньня сьмерцю здраднікаў паўстаньня са шляхты, але ў рэальнасьці пакараньняў гэтых не было. Прысуды проста не выконваліся. Каліноўскі па сваёй натуры быў мяккім чалавекам, аніякім не тэрарыстам. Вось вам факт для параўнаньня. На загад Мураўёва ў адной Гарадзенскай губэрні было зраўняна зь зямлёй, спалена, вынішчана больш за 500 шляхецкіх сядзібаў, а людзі, усе да аднаго – ад немаўляці да старога, які ня мог хадзіць, высланыя ў Сыбір. Расейскія вайсковыя павятовыя начальнікі мелі поўную ўладу падчас паўстаньня і маглі караць сьмерцю нават бяз выраку ваенна-палявога суду. І некаторыя гэта рабілі, каб выслужыцца. Вось гэта тэрор”.

Скобла: “У канфэрэнцыі прынялі ўдзел больш за трыццаць гісторыкаў. Чые даклады ты можаш адзначыць як найцікавейшыя?”
Каліноўскі заслугоўвае быць на вяршыні пантэону нацыянальных герояў Беларусі ...

Краўцэвіч:
“Пачалася канфэрэнцыя з выдатнага дакладу прафэсара Алеся Смаленчука “Асоба Каліноўскага як дасьледчая праблема”. Выснова дакладу трохі нечаканая: “Няма дасьледаваньня пра нарачоную Кастуся Каліноўскага. А зразумець мужчыну можна, даведаўшыся пра жанчыну, якую ён кахаў.” Бліскучы даклад Аляксандра Радзюка, майго колішняга студэнта ў Гарадзенскім унівэрсітэце, меў назву “Рэпрэсіўная дзейнасьць павятовых ваенных начальнікаў”. Вольга Гарбачова пабудавала свой выступ на апісаньні фатаздымкаў удзельнікаў паўстаньня, якіх захавалася каля 600 штук. Для мяне стаўся адкрыцьцём малады дасьледчык магістар Андрэй Шулаеў з дакладам на тэму “Вэксілялягічныя аб’екты паўстаньня Каліноўскага” (сьцягі, выявы, харугвы). Кожны даклад быў па-свойму цікавы. Увогуле, канфэрэнцыя ўдалася. Мы апублікуем яе матэрыялы асобным выданьнем, і гэта будзе словам прафэсіяналаў у абарону Каліноўскага. Яшчэ раз паўтаруся: Каліноўскі заслугоўвае быць на вяршыні пантэону нацыянальных герояў Беларусі. Яму павінны стаяць помнікі па ўсёй краіне, пра яго трэба пісаць кнігі, здымаць фільмы. І мы маем магчымасьць усё гэта зрабіць, таму што тая эпоха пакінула шмат крыніцаў. У нас ёсьць рэальная падстава “ажывіць” Каліноўскага, паглядзець, якім ён быў. Ягонае жыцьцё, ягонае змаганьне, ягоная сьмерць цалкам адпавядаюць таму, каб ён стаў нацыянальным героем Беларусі №1”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG