Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яшчэ з тыдзень пратрымаемся» — сотні вёсак засталіся безь сьвятла пасьля ледзянога даджджу


Свабода зьезьдзіла ў Асіповіцкі раён, дзе людзі жывуць без электрыкі ўжо чацьвёрты дзень.

«Ніхто ня звоніць нічогачкі, хаджу з малой батарэйкай»

Ад Асіповічаў да вёскі Паплавы — 10 кілямэтраў. Ужо тры дні тут жывуць «як пры царах — з лучынай у хаце».

«Раніцай у аўторак сьвятло двойчы мільганула, і больш ужо не было, — кажуць гаспадары крайняй хаты ў Паплавах. — А чаму, я ня ведаю, ніхто нам не казаў».

Пад Асіповічамі прынамсі ў пяці вёсках, дзе пабывалі карэспандэнты Свабоды, не было электрыкі ўвечары ў чацьвер. Калі яе адновяць ды што робіцца ў суседніх вёсках, самі жыхары пыталіся ў карэспандэнтаў.

«Сувязі ж у нас няма ніякай. Тэлефоны мабільныя разрадзіліся, і сотавыя вышкі таксама без электрыкі стаяць: няма сыгналу».

Ніхто зь мясцовых уладаў сюды не прыяжджаў ды не тлумачыў, у чым справа. Пагатоў невядома, калі ўсё паправяць: да дыспэтчарскай электрасетак не датэлефанавацца. Рэгулярна «з гораду» сюды прыяжджае толькі аўталаўка. Але сьвечак ці ліхтарыкаў, патрэбных у гэтай сытуацыі, там не прадаюць.

«Трэба, каб вы пра старшыню нашага напісалі, — просяць жыхары. — Калі ня трэба, дык ён увесь час да нас прыдзіраецца. А дзе ён цяпер?»

Марыя Антонаўна зь вёскі Паплавы не памятае, каб так доўга адключалі сьвятло з 1961 года, калі тут правялі электрычнасьць
Марыя Антонаўна зь вёскі Паплавы не памятае, каб так доўга адключалі сьвятло з 1961 года, калі тут правялі электрычнасьць

Марыя Антонаўна, 78-гадовая жыхарка Паплавоў, не ўзгадае, каб тут хоць раз адключалі сьвятло так надоўга. У 1961 годзе тут зьявілася электрыка, і адключэньні былі не даўжэй чым на суткі.

«Часта бывала, на падстанцыі нешта псавалася. Але назаўтра ўжо ўключалі, — кажа Марыя Антонаўна. — Ніхто ня звоніць нічогачкі. Вось у мяне малая батарэечка (ліхтарык. — РС), хаджу з батарэечкай».

Абарваныя электрадраты валяюцца проста на двары

Аварыя здарылася праз масавы павал дрэваў. Пасьля моцнага дажджу ў аўторак адразу ўдарылі моцныя маразы, і ўсё абледзянела. Дрэвы пад ільдзяной коркай сталі выгінацца. Асабліва — гнуткія бярозы, яны шмат дзе паваліліся на лініі электраперадач.

Тыповы краявід пад Асіповічамі
Тыповы краявід пад Асіповічамі

У вёсцы Мязговічы, напрыклад, галіна бярозы ўпала на правады каля адной зь вясковых хат. Шматдзетная маці, у чыім двары валяюцца драты, цяпер баіцца выпускаць дзяцей на вуліцу.

«Я дзяцей на руках праз двор пераношу, — кажа кабета. — Вось адна лінія ляжыць на маім плоце, і я ня ведаю, што з гэтым рабіць. Ніхто да нас дагэтуль не прыяжджаў».

Абарваны дрот ад лініі электраперадач ляжыць на вуліцы ўжо тры дні
Абарваны дрот ад лініі электраперадач ляжыць на вуліцы ўжо тры дні

Тут жа побач яшчэ адно дрэва нацягнула электрычныя драты, якія могуць парвацца пад моцным ветрам.

«Я лесьніком раней працаваў, а такога ніколі не назіраў, — расказаў Свабодзе Ўладзімер Шульга, мясцовы жыхар. — Ветравалы былі, але такога — ніколі. Бярозы спрэс усе падаюць. Вось там пасадка за вёскай — усе дрэвы склаліся».

Галіны падаюць пад цяжарам ледзяной коркі
Галіны падаюць пад цяжарам ледзяной коркі

Праз масавыя павалы бярозаў шмат якія дарогі заблякавала. Да вёскі Сьвіханава пару дзён не было праезду.

«Каб вы ўчора прыехалі, дарога да Мязговічаў была як мэтро, — расказаў Юры Адамавіч, мясцовы лясьнік. — Мэтраў 200 было, што бярозы сышліся над дарогай, такі тунэль утварыўся. Мы іх валялі трактарам ды сьцягвалі».

Так выглядаюць шмат якія дарогі ў Асіповіцкім раёне
Так выглядаюць шмат якія дарогі ў Асіповіцкім раёне

У аўторак, у дзень ледзянога дажджу, Юрыя Адамавіча адпусьцілі дамоў толькі каля поўначы — усе лесьнікі прыбіралі паваленыя дрэвы. Калі ў суботу прыйдзе новая абяцаная сыноптыкамі завіруха з мокрым сьнегам, адключэньні сьвятла могуць паўтарыцца, лічыць ён.

Два гады таму адключылі радыёкропкі, вось цяпер зусім бяз сувязі засталіся

Без электрыкі клопату людзям нарабілі лядоўні. Гаспадары выносяць ежу ў вёдрах на вуліцу. На шчасьце, тэмпэратура пакуль мінусавая і безь лядоўні можна абысьціся.

Сувязь таксама зьнікла пасьля таго, як селі батарэі ў мабільных тэлефонах. Стацыянарныя тэлефоны працуюць, але шмат дзе старую тэлефонную лінію замянілі на бесправадную.

«Мы дык нічога ня ведаем, — кажа Аляксандар Дамарад, жыхар Мязговічаў. — Радыёкропку яшчэ два гады таму абрэзалі, а прыёмнік ад электрасеткі працуе».

Пасьля 6-й вечара мясцовыя жыхары запальваюць сьвечкі
Пасьля 6-й вечара мясцовыя жыхары запальваюць сьвечкі

Увечары ён сядзіць са сьвечкай да 8-й гадзіны, а потым кладзецца спаць. Засталося толькі дзьве сьвечкі. Кажа, на адны суткі хопіць.

Галіна Міхайлаўна, пэнсіянэрка з Асіповічаў, называе сябе й свайго мужа «дачнікамі», што жывуць у Дубралёве. Яны маюць шмат ліхтароў, якія сілкуюцца ад электрыкі. Пакуль сьвятла на вячэрнія размовы хапае.

Лядоўня цяпер толькі на вуліцы
Лядоўня цяпер толькі на вуліцы

«Як надакучыць балбатаць, узгадваць маладосьць, так і кладземся. Учора а 9-й леглі», — кажа яна.

«Сьвятла няма — хоць якая разнастайнасьць»

Вёскі без электрыкі афіцыйна названыя раёнамі бедзтва, але людзі, зь якімі гаварыла Свабода, настроеныя даволі пазытыўна. Шмат хто кажа, што безь сьвятла складана, але ніхто не панікуе. Спрацоўвае прынцып «Магло быць і горш».

Пасьля аблівахі ў аўторак лёдам пакрылася ўсё
Пасьля аблівахі ў аўторак лёдам пакрылася ўсё

На фэрмах, якія таксама засталіся без электрыкі, не працавалі даільныя апараты й малакаправоды. Дзесьці, кажуць, каровы праз гэта стаялі нядоеныя. Дзесьці спрабавалі даіць уручную.

У параўнаньні з гэтымі праблемамі ня так і страшна, што ўвечары сьвятла няма, кажа жыхарка Мязговічаў. Яна з мужам жыла ва Ўзбэкістане і памятае, як там умовы былі яшчэ горшыя.

«А што тут зьдзіўляцца? — кажа яна. — Нічога тут страшнага няма. Я выдатна абыходжуся, не пакутую. У іншых рэспубліках людзі месяцамі жывуць безь сьвятла. Каму нешта не падабаецца, я іх пасылаю ва Ўзбэкістан. У параўнаньні зь імі мы як у раі жывем».

Гэтым днямі людзі ў адключаных вёсках рана кладуцца спаць. Сьвечкі заканчваюцца, а калі адновяць электрычнасьць, невядома
Гэтым днямі людзі ў адключаных вёсках рана кладуцца спаць. Сьвечкі заканчваюцца, а калі адновяць электрычнасьць, невядома

Былы лясьнік Шульга зь Мязговічаў кажа, што аварыя нават карысная. Маўляў, людзі не павінны забывацца, як жыць без выгодаў.

«Значыць, трэба быць гатовымі да ўсяго. Чаму ў нас генэратараў няма? Зараз будуць дбаць і пра гэта».

Сьвятло на фэрме ў Крынках зьявілася толькі праз два дні
Сьвятло на фэрме ў Крынках зьявілася толькі праз два дні

Галіна Міхайлаўна з Дубралёва дык увогуле кажа, што з адключаным сьвятлом «цікавей» стала. А яе муж гатовы ў такіх умовах жыць і цэлы тыдзень.

«Сьвятла няма — хоць якая разнастайнасьць», — кажа Галіна Міхайлаўна.

P.S.: Паводле інфармацыі "Белэнэрга", на раніцу пятніцы без электрычнасьці заставаліся населеныя пункты толькі ў Старадароскім і Любанскім раёнах. Але прынамсі некалькі вёсак дагэтуль ня маюць электрыкі ў Асіповіцкім раёне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG