Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На petitions.by распачаты збор подпісаў за наданьне Сьвятлане Алексіевіч званьня Героя Беларусі


Заснавальнік petitions.by Уладзімер Кавалкін
Заснавальнік petitions.by Уладзімер Кавалкін

У Менску прэзэнтавалі некамэрцыйную вэб-плятформу «Зручны горад» petitions.by. Тут можна ствараць і зьбіраць подпісы пад зваротамі ў дзяржаўныя органы па самых праблемных пытаньнях. Адна зь першых пэтыцыяў, зьмешчаных на сайце, — зварот да Міністэрства культуры з просьбай надаць званьне Героя Беларусі першай у краіне ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч.

Заснавальнік petitions.by, якая на лякальным узроўні працягвае традыцыі глябальнай плятформы change.org, — Уладзімер Кавалкін неабходнасьць такой пляцоўкі тлумачыць «безданьню», якая ўтварылася паміж народам і ўладай:

«Спадзявацца на чыноўнікаў, якія паводле азначэньня мусяць клапаціцца пра камфортнае і зручнае жыцьцё для грамадзянаў, у абсалютнай бальшыні выпадкаў не даводзіцца», — лічыць Уладзімер Кавалкін. Пры гэтым ён кажа, што ня варта чакаць, калі нехта з вэртыкальшчыкаў сам заўважыць і вырашыць нейкую праблему — трэба адразу ж рабіць яе здабыткам галоснасьці.

Цяпер на вэб-плятформе зьмешчана паўтара дзясятка пэтыцыяў: ад забароны на начны продаж алькаголю да «беларусізацыі» паветраных варотаў краіны — Нацыянальнага аэрапорту. Суразмоўца не сумняецца: разам з раскруткай рэсурсу тэматычнае кола праблемаў будзе імкліва пашырацца:

«Першы этап — гэта „ціхі запуск“, калі мы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, НДА стваралі пэтыцыі і тэставалі іх ужывую. Другі этап — тое, што адбываецца цяпер, то бок афіцыйны, мэдыйны старт праекту. Да гэтага моманту мы пастараліся сабраць некаторую колькасьць пэтыцыяў, каб чалавек, які пачытае пра наш сайт, мог ня проста зайсьці і ўбачыць пустыя старонкі, а адразу ж падпісацца пад нейкімі ідэямі, паралельна думаючы пра свае. Гэта інструмэнт, які не выключае ўсе іншыя, якія мы выкарыстоўвалі дагэтуль. Але ён дапамагае сабраць больш подпісаў і выйсьці на прынцыпова новы ўзровень. Бо калі фізычна на збор, умоўна кажучы, 250 подпісаў вы патраціце тры дні, то, закінуўшы на наш сайт і запосьціўшы гэта ў Фэйсбуку, Твітэры, „Укантакце“, гэтыя галасы рэальна сабраць за паўгадзіны».

Адзін з самых рэзанансных зваротаў на petitions.by зьмясьціў грамадзкі актывіст, аўтар шэрагу гучных пэтыцыяў Уладзь Сташкевіч. Ён ініцыяваў збор подпісаў на адрас Міністэрства культуры, каб яно хадайнічала аб наданьні першаму беларускаму ляўрэату Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч найвышэйшай дзяржаўнай адзнакі — Героя Беларусі:

«Зварот запушчаны каля сутак таму, пад ім ужо 24 подпісы. І гэта пры тым, што сам па сабе рэсурс зусім мала вядомы, ён яшчэ ня быў „разрэклямаваны“ ў СМІ, хутчэй, дзейнічае ў рэжыме тэставаньня. Нягледзячы на гэта, ужо ўдалося сабраць дастатковую колькасьць подпісаў пад гэтай пэтыцыяй і дзьвюма іншымі, якія таксама падрыхтаваў я».

Уладзь Сташкевіч
Уладзь Сташкевіч

Уладзь Сташкевіч кажа, што ня зьвязваўся са Сьвятланай Алексіевіч, каб даведацца, як яна сама ставіцца да падобнай ініцыятывы. Але ён перакананы, што гэта акурат той выпадак, калі выразную пазыцыю павінна акрэсьліць найперш грамадзтва:

«Перакананы, што такая ініцыятыва павінна ісьці зьнізу, ад беларускага народа. Асабіста я лічу (і шмат хто мяне падтрымлівае), што чалавек, які прынёс Беларусі першую ў яе гісторыі Нобэлеўскую прэмію, варты таго, каб атрымаць найвышэйшае ганаровае званьне. Да сораму, у Сьвятланы Алексіевіч на дадзены момант няма ніводнай высокай узнагароды ці прэміі ад роднай краіны».

Нягледзячы на тое, што ў мэдыйнай прасторы плятформа petitions.by пачала працаваць толькі сёньня, а дагэтуль кароткі час функцыянавала ў тэставым рэжыме, арганізатары ўжо сьвяткуюць першую перамогу. Як расказаў каардынатар праектаў Менскага роварнага таварыства Павал Гарбуноў, удалося разьвярнуць на свой бок ажно цэлую Беларускую чыгунку:

«Ужо ёсьць удалы прыклад выкарыстаньня плятформы — мы атрымалі станоўчы адказ на скаргу ў Беларускую чыгунку. Нашага актывіста няправільна аштрафавалі ў цягніку за перавоз ровара, ён зьвярнуўся да нас, мы дапамаглі скласьці скаргу. Праз плятформу зварот пайшоў да адрасата, неўзабаве атрымалі адказ: інспэктар сапраўды ня меў рацыі, выпісаўшы штраф. Вярнулі раварысту грошы. Для нас гэта стала своеасаблівай апорнай рэччу, бо ў такой жа сытуацыі, калі рэвізор выстаўляў неправамерныя патрабаваньні плаціць за ровар, хлопец проста адкрыў сайт і паказаў — вось адказ вашага ведамства. Кантралёр адразу ж адстаў».

Павал Гарбуноў
Павал Гарбуноў

Заснавальнік petitions.by, кіраўнік праекту «Кошт ураду» Ўладзімер Кавалкін удакладняе, што вэб-партал стварае ўмовы для каардынацыі дзеяньняў, дапамагае актывістам і проста неабыякавым беларусам у правядзеньні грамадзкіх кампаніяў. Пакуль праца будзе сканцэнтраваная пераважна ў Менску, але ёсьць спадзяваньне на далучэньне рэгіёнаў, дзе праблемаў ня меней, чым у сталіцы. У камандзе працуе прафэсійны юрыст, які дапаможа правільна аформіць тэкст электроннага звароту.

Як сьведчаць дадзеныя Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, толькі 11,5% рэспандэнтаў выкарыстоўваюць электронную пошту для звароту ў дзяржаўныя органы. З улікам больш як 70-працэнтнага пранікненьня інтэрнэту ў Беларусі патэнцыял падобнай формы вялікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG