Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарка і Скварка»: чаму дзяржава ўсё больш аб’ядае свой народ


Экспэрты дасьледчага цэнтру BIPART і праекту «Кошт ураду» вылічылі значэньне індэксу «Чарка Скварка» (ЧС) за два кварталы 2015 году. Гэты індэкс, па аналёгіі зь індэксам «БігМака», складаецца з цаны 100 грамаў сьвініны і 100 грамаў гарэлкі і разьлічваецца штоквартальна на падставе дадзеных Белстату. З дапамогай гэтага паказчыка можна вызначыць, наколькі рэальна абясцэнілася нацыянальная грашовая адзінка, параўнаць свае даходы і расходы з прыбыткамі і выдаткамі суседзяў.

Кіраўнік праекту «Кошт ураду» Ўладзімер Кавалкін на падставе экспэртных дасьледаваньняў канстатуе, што ад пачатку бягучага году «Чарка Скварка» павольна, але таньнее. Напрыклад, у 2014-м кошт «ЧС» склаў 22 603 рублёў, а па выніках І кварталу гэтага году — 22 226 рублёў. У ІІ квартале 2015-га кошт ужо быў 21 421 рубель. Гэтая тэндэнцыя выкліканая перадусім падзеньнем цэнаў на сьвініну.

Праўда, калі параўноўваць кошт беларускай «ЧС» з суседнімі краінамі, то выходзіць, што таньней гарэлка са сьвінінай каштуюць толькі ва Ўкраіне, дзе другі год ідзе вайна і прагрэсуе эканамічны крызіс. Украінцу «ЧС» абыдзецца ў 13 317 беларускіх рублёў — на 62% таньней, чым беларусу.

У астатніх дасьледаваных суседніх краінах «ЧС» каштуе даражэй, чым у Беларусі. Так, у Расеі «прадуктовы кошык» са 100 грамаў гарэлкі і 100 грамаў сьвініны абыдзецца ў эквівалент 25 427 беларускіх рублёў, у Латвіі — 25 358, у Польшчы — 23 946, у Літве — 23 138.

Як папярэджвае Ўладзімер Кавалкін, можа скласьціся ўражаньне, што беларусы жывуць нядрэнна — цэны ледзь ня самыя нізкія сярод краінаў былога СССР, і пры гэтым зь месяца ў месяц яшчэ павольна зьніжаюцца. Але, каб атрымаць аб’ектыўную карціну, трэба ўзяць пад увагу і пакупную здольнасьць заробкаў бліжэйшых суседзяў.

Паводле экспэртаў дасьледчага цэнтру BIPART, калі падзяліць квартальны сярэдні заробак на кошт «ЧС», то атрымаецца, што сярэднестатыстычны беларус на свае 6,7 мільёна рублёў можа купіць 312 «чаркаскварак». А вось у таннай Украіне, дзе сьвініна з гарэлкай каштуюць таньней на 62%, чым у Беларусі, мясцовы жыхар на сярэдні заробак купіць усяго 208 «ЧС».

Зыходзячы з «чаркаскварачнага» індэксу, лепш за ўсіх жывецца палякам. На сярэдні заробак у Польшчы можна купіць 703 «ЧС» — гэта больш як 70 кіляграмаў сьвініны і 70 літраў гарэлкі. На другім месцы латышы, якія на свой сярэдні заробак могуць набыць 502 «ЧС». Трэцяя прыступка — у Літвы: 490 «ЧС».

Відавочна, робіць выснову Ўладзімер Кавалкін, што краіны з постсавецкім мінулым, якія ўступілі ў Эўразьвяз, жывуць ня так дрэнна, як намагаецца падаць афіцыйная беларуская прапаганда. Пасьля распаду СССР Беларусь і Прыбалтыка былі практычна ў роўных эканамічных умовах, але далей кожны пайшоў сваёй дарогай. Куды і каго яна прывяла — сьведчыць у тым ліку і індэкс «ЧС».

Зрэшты, асобныя катэгорыі работнікаў у Беларусі жывуць ня горш за сярэднестатыстычнага паляка. Прыкладам, праграмісты ў Беларусі могуць сабе дазволіць 1205 «ЧС» на месяц. Фінансісты могуць разьлічваць на 562 «ЧС» — ледзь не напалову менш, як у праграмістаў, але значна вышэй за сярэдні паказчык па краіне. Будаўнік у месяц зарабляе 363 «ЧС», а працаўнік сфэры вытворчасьці машынаў і абсталяваньня — 291 «ЧС». Традыцыйна недаацэненымі застаюцца лекары і настаўнікі — 266 і 231 «ЧС» адпаведна. А швачка на тэкстыльнай фабрыцы зарабляе 219 «ЧС».

Нягледзячы на тое, што чарка і скварка ў Беларусі ня толькі не растуць у цане, а нават трохі таньнеюць, жыць лягчэй не становіцца — нізкія цэны не азначаюць аўтаматычна фінансавага дабрабыту. Як падкрэсьлівае Ўладзімер Кавалкін, важна ўлічваць і ўзровень заробкаў, які ў Беларусі значна саступае заробкам абсалютнай большасьці суседзяў. Рэальныя даходы насельніцтва з папраўкай на інфляцыю скарачаюцца. Сьвініна таньнее, але цэны на імпартныя тавары няўхільна растуць, а адной скваркай сыты ня будзеш. Акрамя таго, паміж прыбыткамі ў розных галінах па-ранейшаму захоўваецца вялікі разрыў.

Як удакладняе спадар Кавалкін, бальшыня беларусаў ведае пра 13% падаходнага падатку, які пералічваецца ў бюджэт, і пра 1%, які ідзе ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Пры гэтым ня кожны задумваецца, што, робячы пакупкі, грамадзяне таксама плацяць дзяржаве падаткі. Як мінімум гэта 20% ПДВ і акцыз на моцны алькаголь, які на 1 літар 100-працэнтнага этылавага сьпірту ў II квартале складаў 135 600 рублёў. Гэта азначае, што ў кошце літра гарэлкі мацункам 40% на долю акцызу прыпадае 54 240 рублёў, а ў кошце адной чаркі (100 грамаў гарэлкі) — 5424 рублі.

Наступная прымусовая даніна — падатак на дададзеную вартасьць. У Беларусі стаўка ПДВ складае 20%, і гэта ўключаецца ў кошт тавараў і паслугаў. Значыць, у «ЧС» коштам 21 421 рубель на долю ПДВ прыпадае 4 284 рублі.

Такім чынам, падатковы складнік «ЧС» — 9708 рублёў, а доля «карыснага рэчыва» — 11 713 рублёў. Калі б не акцызы і ПДВ, то на сярэдні заробак у II квартале беларус мог бы дазволіць сабе 572 «ЧС», а не 312, як цяпер. Але і заробкі, якія прыводзіць Белстат, ня ўлічваюць падаходнага падатку і ФСАН — у суме гэта каля 14%. З улікам гэтых падаткаў выходзіць, што за сваю зарплату беларус мог купіць у ІІ квартале 2015-га ў сярэднім толькі 268 «ЧС». А далей — простая арытмэтыка: 572 — 268 = 304. Столькі народных чарак і скварак зьела дзяржава.

Мала таго, працягвае Ўладзімер Кавалкін: у наступным годзе трапяць пад дзяржаўны каток так званыя «дармаеды». За права быць беспрацоўным кожны мусіць заплаціць 20 базавых велічынь, або 3,6 мільёна рублёў. Гэта, між іншым, 307 чыстых «ЧС» або 168 «ЧС», абцяжараных акцызамі і ПДВ. Па выніках 2013 году Міністэрства эканомікі налічыла ў Беларусі каля 400 000 гультаёў. Калі прыняць, што іх колькасьць за прамінулы час не зьмянілася прынцыпова, то ў наступным годзе яны аддадуць дзяржаве 122,8 мільёна «ЧС», або 12,28 тысячы тон сьвініны і 12,28 мільёна літраў гарэлкі.

Уладзімер Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду»:

Вы бывалі ў басэйне? Стандартны басэйн даўжынёй 50 мэтраў, шырынёй 10 мэтраў і глыбінёй 2 мэтры ўмяшчае ў сябе 1 мільён літраў вады або любой іншай вадкасьці — напрыклад, гарэлкі.

«Вы бывалі ў басэйне? Стандартны басэйн даўжынёй 50 мэтраў, шырынёй 10 мэтраў і глыбінёй 2 мэтры ўмяшчае ў сябе 1 мільён літраў вады або любой іншай вадкасьці — напрыклад, гарэлкі. Гэта значыць, чарак, канфіскаваных у дармаедаў, хопіць, каб наліць 12 такіх басэйнаў, і яшчэ застанецца. Гэта, вядома, гумар, няхай і чорны. Але вельмі многім людзям у нашай краіне ад усіх гэтых падлікаў, цяперашніх і будучых пабораў, зусім ня сьмешна».

ДАВЕДКА

Індэкс «Чарка Скварка» складаўся на ўзор індэкса «Біг Мак», які разьлічваецца часопісам «The Economist» ад 1986 году і грунтуецца на тэорыі парытэту пакупной здольнасьці. Ён закліканы адлюстроўваць рэальны курс абмену валютаў у розных краінах. Хоць цяпер «Біг Макі» прадаюцца і ў Беларусі, аднак, лічаць ініцыятары праекту, вызначаць пакупную здольнасьць беларускіх заробкаў лепш з дапамогай чагосьці нацыянальнага, са спрадвечнымі каранямі і калярытам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG