Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны: У беларускай арміі не глядзяць тэлебачаньне ЛНР, там глядзяць толькі «Панараму»


Міністэрства абароны Беларусі абвяргае заявы пра тое, што салдат у войску прымушаюць глядзець тэлебачаньне ЛНР і расейскія тэлеканалы.

У апублікаваным газэтай «Наша Ніва» артыкуле рэзэрвіст Зьміцер Канявец, які праходзіў вайсковыя зборы ў канцы 2014 году, распавядае, што салдат падчас палітінфармацыі змушалі глядзець расейскія каналы і тэлебачаньне «ЛНР». Афіцэры пры гэтым дазвалялі сабе антыўкраінскія выказваньні.

Начальнік упраўленьня інфармацыі галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімер Макараў заявіў Радыё Свабода, што артыкул «Нашай Нівы» — «чарговая правакацыя».

«Інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў артыкуле, абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці. Вайскоўцаў беларускай арміі паводле азначэньня ня могуць і не прымушаюць глядзець тэлебачаньне ЛНР. Гэта немагчыма, па-першае, таму, што ў беларускай арміі рэалізуецца ідэалёгія беларускай дзяржавы і ў распарадак дня ўключаны прагляд толькі беларускіх тэлеканалаў, у прыватнасьці, праграмы „Панарама“. Ня кажучы ўжо пра адсутнасьць тэхнічнай магчымасьці прыёму там тэлебачаньня ЛНР або чагосьці падобнага», — адзначыў Макараў.

Ён заявіў, што не адпавядаюць рэчаіснасьці і іншыя тэзы артыкула — напрыклад, пра тое, што салдаты ў арміі саромеюцца размаўляць на беларускай мове, бо кажуць, што «на беларускай размаўляюць толькі сьвядомыя і адмарозкі». «Гэта ўсё хлусьня і правакацыя», — заявіў Макараў.

Ён паведаміў, што цяпер Мінабароны праводзіць праверку наконт таго, ці сапраўды служыў Зьміцер Канявец у войску, але пакуль пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, ці існуюць нейкія зацьверджаныя кіраўніцтвам падыходы да размовы з салдатамі наконт падзеяў ва Ўкраіне, Макараў падкрэсьліў, што гэтыя падыходы цалкам адпавядаюць афіцыйнай пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі.

«Ёсьць афіцыйная пазыцыя кіраўніка беларускай дзяржавы, якая цудоўна выкладзена ў шматлікіх публікацыях — гэта і ёсьць тое, што можна казаць (салдатам — РС). Яшчэ раз падкрэсьліваю: мы рэалізуем ідэалёгію беларускай дзяржавы, ідэалёгію і палітыку кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі», — заявіў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG