Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галоўная хіба беларускага войска — што яно зусім не беларускае», — Алесь Кутасаў


23 лютага, калі ў Беларусі сьвяткуюць афіцыйны Дзень абаронцаў Айчыны, Свабода зьвярнулася да былых вайскоўцаў з просьбай ацаніць цяперашні стан беларускага войска, ягоныя моцныя і слабыя бакі.

Алесь Кутасаў служыў у беларускім войску на пачатку 2000-х гадоў, навучаўся вайсковай справе ў вядомых Печах пад Барысавам, потым служыў у Менску. Моцным бокам беларускага войска Алесь лічыць дысцыпліну і падрыхтаванасьць вайскоўцаў. А вось галоўную хібу Алесь Кутасаў бачыць у недакладнасьці патрыятычнага выхаваньня.

Алесь Кутасаў

Алесь Кутасаў

«Сказаў бы, што галоўная хіба беларускага войска — гэта тое, што яно насамрэч не беларускае. Бо выхоўваюць там гэтак, як быццам мы абавязаныя абараняць Расею, а ня ў выпадку яе агрэсіі ваяваць зь ёю. А калі ваяваць — дык гэта значыць ваяваць з краінамі НАТО. Тэхніка на ўзбраеньні старая, гадоў за 30–40, і таму баяздольнасьць сярэдняя. Ёсьць, вядома, часьці, якія трымаюць на добрым узроўні, але большая частка беларускага войска — гэта так: прызавуць, пляц пападмятаюць жаўнерыкі — вось і ўся іх падрыхтоўка. Некаторыя мае знаёмыя распавядалі, што за ўсю службу адзін раз стралялі, перад прысягай. Я калі служыў, дык мы па два разы на месяц хадзілі на стрэльбішча. Але галоўная хіба — гэта ідэалягічная, што не беларускае войска. Бо ў выпадку падзеяў кшталту тых, з чым сутыкнулася Ўкраіна, нас чакае невядома што. Жаўнеры, зразумела, будуць рабіць гэтак, як ім загадаюць афіцэры, а вось што вырашаць афіцэры — вялікае пытаньне. Вядома, там ня ўсе прарасейскія, ёсьць і беларускія патрыёты, але яны там у меншасьці. Бо, як і ва ўсяго беларускага грамадзтва, у вайскоўцаў тая ж бяда — гэта абалваньваньне праз расейскае тэлебачаньне, яны збольшага пад уплывам гэтага „рускага сьвету“. А ў войску як? Што табе загадае камандзір, тое ты і мусіш выканаць. Таму я сумняюся, што мы пры такіх падзеях патрапім абараніцца, у нас будзе горш, чым тое, што ўва Ўкраіне».

Былы падпалкоўнік баявой авіяцыі Аляксандар Камароўскі баяздольнасьць цяперашняга беларускага войска ацэньвае «дастаткова высока». Аляксандар Камароўскі, які ваяваў у Аўганістане, адзначае такія якасьці вайскоўцаў-беларусаў, як высокі адукацыйны ўзровень, дысцыпліна, узаемадапамога, самаадданасьць. Падпалкоўнік у адстаўцы Камароўскі прызнае, што зброя і тэхніка беларускага войска — састарэлых узораў, але і тут бачыць плюс — у тым, што «затое ёй добра валодаюць рэзэрвісты, якіх можна прызваць шмат». Сапраўды слабым месцам войска Аляксандар Камароўскі лічыць малыя заробкі афіцэраў, іх сацыяльныя праблемы. Але баявы дух, на ягоны погляд, высокі.

Аляксандар Камароўскі

Аляксандар Камароўскі

«Калі параўноўваць сытуацыю ў былых савецкіх рэспубліках, то, вядома, наша беларускае войска досыць нядрэннае. Мабільныя сілы ў нас добрыя, вось 5-я брыгада, віцебская брыгада. І танкаў у нас хапае. Але гэтае войска трэба ўвесь час трэніраваць. І дактрыну трэба падкарэктаваць у той бок, што пад танкі, можа, давядзецца класьціся ня толькі з захаду, але найперш з усходу, калі Пуцін пачне рабіць тое, што зрабіў ва Ўкраіне. Спадзяюся, Лукашэнка гэта разумее, нездарма абзавёўся асабістым аўтаматам. Ён мусіць разумець, што дружба дружбай, а баяздольнасьць войска трэба падтрымліваць на патрэбным узроўні. А на пэрспэктыву я на 1000 адсоткаў перакананы, што Беларусь павінна арыентавацца на Захад, уступіць у НАТО, дзе будзе забясьпечана сучаснай зброяй і тэхнікай».

Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што беларускае войска аб’яднанае патрыятычным духам і захавала лепшыя традыцыі былога савецкага войска, і гэта ягоны моцны бок. Але ў гэтым Аляксандар Алесін бачыць і недахоп.

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«З пункту гледжаньня стандартаў вайсковай падрыхтоўкі яна ў беларускім войску дастаткова высокая. Іншая рэч, што гэта мае і адваротны бок. Бо шмат якія дактрынальныя ідэі, якія былі ўласьцівыя савецкаму войску, ужо не адпавядаюць цяперашняму часу. Прыкладам, мы ня можам сказаць, што засвоілі сучасныя мэтады вайны, якая вядзецца кропкава, мабільнымі войскамі, з выкарыстаньнем высокадакладнай зброі, спадарожнікавых тэхналёгіяў. Проста таму, што ў нас усіх гэтых тэхнічных сродкаў альбо зусім няма, альбо мала.

Але заўсёды трэба зыходзіць з таго, якую вайну нам давядзецца весьці. Калі гэта будзе сапраўды вайна 21 стагодзьдзя, дыстанцыйная, зь бесьпілётнікамі, крылатымі ракетамі, гіпэргукавымі ракетамі ды іншай сучаснай зброяй, то, вядома, тут мы ня ў лепшым стане і будзем досыць бездапаможныя. Але што да лякальных канфліктаў, якія мы бачым на Блізкім Усходзе, ва Ўкраіне, то ў такім канфлікце наша войска пакажа сябе цалкам прыстойна. Бо ў нас ёсьць і мабільныя сілы, і агульная якасьць узбраеньня падтрымліваецца нават вышэйшая, чым у нашых суседзяў».

XS
SM
MD
LG