Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабякоў ідзе ў Купалаўскі тэатар, Лукашэнка абмежаваўся тэлеграмай

абноўлена

Паштовая марка ў гонар 95-годзьдзя Купалаўскага тэатру
Паштовая марка ў гонар 95-годзьдзя Купалаўскага тэатру

15 верасьня а 19-й гадзіне на Вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы адбудзецца сьвяточная імпрэза ў гонар 95-гадовага юбілею галоўнай тэатральнай установы краіны.

Апроч выбітных прадстаўнікоў сфэры культуры, на яе запрошаныя кіраўнікі ўраду ды дзяржаўных ведамстваў. Квіткі на імпрэзу не прадаваліся.

Днём свайго нараджэньня купалаўцы лічаць 14 верасьня 1920 году, калі ў будынку дарэвалюцыйнага Гарадзкога тэатру запрацаваў Беларускі дзяржаўны тэатар. Імя Янкі Купалы тэатру было прысвоена ў 1944-м, калі трупа была ў эвакуацыі ў Сыбіры.

Як апавялі Свабодзе ў адміністрацыі Купалаўскага тэатру, урачыстая дзея заплянаваная ў двух актах. Спачатку будзе паказаны спэктакаль «Сфінкс» Актава Фэлье, які першым зьявіўся на сцэне яшчэ ў 1890 годзе, калі ў Менску пачаў працаваць Гарадзкі губэрнскі тэатар. Да нядаўняга часу п’еса лічылася страчанай, але летась рукапіс знайшлі ў тэатральнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбурзе. У другой частцы пройдзе рэтраспэктыва легендарных спэктакляў, якія ўжо не ідуць: «Трыбунал», «Памінальная малітва», «Гаральд і Мод», «Тутэйшыя» і г. д.

Уладу ў тэатральнай залі будзе прадстаўляць прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў. Гэтаксама забраняваныя месцы для чыноўнікаў, якія маюць дачыненьне да культурніцкага асяродку. У іх ліку і колішні кіраўнік тэатру, а цяпер старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

Менавіта на яго ў ролі князя Вітаўта некалі прыйшоў паглядзець Аляксандар Лукашэнка. Але сёньня Давыдзька рызыкуе трапіць у досыць далікатную сытуацыю: днямі ён назваў «нацыстамі» беларускіх заўзятараў, якія 5 верасьня ў Львове падчас матчу паміж футбольнымі камандамі Ўкраіны і Беларусі падтрымлівалі нацыянальную зборную бел-чырвона-белымі сьцягамі. У кулюарах былыя калегі не хаваюць, што параўнаньнямі экс-купалаўца абураныя і яшчэ падумаюць, ці падаваць яму руку.

Што тычыцца Аляксандра Лукашэнкі, то перад ад’ездам у Таджыкістан ён абмежаваўся кароткай віншавальнай тэлеграмай калектыву тэатру:

«Дзякуючы майстэрскаму ўвасабленьню айчыннай літаратурнай спадчыны Купалаўскі тэатар стаў адным з культурных сымбаляў нашай краіны. Сёньня ён захоўвае і ўзбагачае слаўныя традыцыі беларускага сцэнічнага мастацтва і па праве мае высокі статус нацыянальнага. Калектыў купалаўцаў — сапраўднае сузор’е талентаў, дзе зьзяюць зоркі як выбітных, такі і маладых майстроў», — адзначаецца ў віншаваньні.

Мікалай Пінігін і Ірына Саксонава
Мікалай Пінігін і Ірына Саксонава

14 верасьня Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі выпусціла марку «Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы» з сэрыі «Тэатры Беларусі» накладам 60 тысяч асобнікаў. Дызайн распрацаваны Аленай Мядзведзь. Спэцыяльнае гашэньне на капэрце «Першы дзень» адбываецца ў паштовым аддзяленьні сувязі № 1 у краме «Філатэлія» на сталічнай вуліцы Маскоўскай, 16. Прэзэнтавалі паштовую марку ў Каміннай залі Купалаўскага тэатру мастацкі кіраўнік тэатральнай установы Мікалай Пінігін і генэральны дырэктар прадпрыемства «Белпошта» Ірына Саксонава.

Раман Падаляка расказвае пра адноўлены антураж Купалаўскага тэатру

У 2010-м тэатральны будынак быў зачынены на маштабную рэканструкцыю, якая доўжылася амаль тры гады. Яе мэтай было вярнуць фасад і ўнутраны дэкор на ўзор 1890 году. Відэаэкскурсію для Радыё Свабоды па адноўленых памяшканьнях зладзіў вядучы артыст тэатра Раман Падаляка.

Раман Падаляка пра адноўлены антураж Купалаўскага тэатру
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:04 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG