Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч пра расейскую авіябазу: Я супраць


Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў
Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў

У абед каля ўнівэрсаму «Цэнтральны» кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч правяла пікет супраць вайсковай прысутнасьці іншых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі, за захаваньне нэўтралітэту Беларусі, які прапісаны ў Канстытуцыі.

Падставай для пікету стала тое, што ў суботу прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў распараджэньне аб падпісаньні пагадненьня паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расейскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Беларусі.

Спачатку на пікеце прысутнічалі толькі прадстаўнікі выбарчага штабу Тацяны Караткевіч. Сама яна затрымлівалася ў амбасадзе Францыі, дзе сустракалася з дыпляматамі. Давераная асоба спадарыні Караткевіч, афіцэр запасу, вайсковы аналітык Леанід Спаткай тлумачыў мінакам, якія запыняліся каля пікету, якія замежныя аб’екты ёсьць цяпер на тэрыторыі Беларусі і чаму краіна толькі імкнецца да нэўтралітэту:

«Што ў Беларусі, што ў любой іншай краіне сьвету нэўтралітэт азначае няўдзел ва ўсялякіх вайсковых блёках. Па-другое, нэўтралітэт — адсутнасьць любых вайсковых аб’ектаў на сваёй тэрыторыі, прычым ня толькі вайсковых базаў, але і іншых вайсковых аб’ектаў, а таксама адсутнасьць любых вайсковых фармаваньняў (вайсковых прадстаўніцтваў). На сёньняшні дзень у нас ёсьць два аб’екты Расейскай Фэдэрацыі — так званая станцыя раньняга папярэджаньня СПА каля Ганцавіч і станцыя сувязі каля Вялейкі. Таксама нэўтральная дзяржава тая, якая ня мае ніякіх дамоваў наконт выкарыстаньня сваіх вайскоўцаў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Згодна з Канстытуцыяй, Беларусь рухаецца ў напрамку да статусу нэўтральнай дзяржавы. Але на сёньняшні дзень ёсьць замежныя вайсковыя аб’екты».

Леанід Спаткай
Леанід Спаткай

Тацяна Караткевіч, падышоўшы, распавяла: яе вельмі непакоіць тое, што ў Беларусі зьявіцца вайсковая база Расеі, і асабліва тое, што такія важныя рашэньні прымаюцца без уліку думкі людзей. Сёньняшняя ўлада перастала раіцца зь людзьмі, перакананая кандыдатка ў прэзыдэнты. За апошнія два дні спадарыня Караткевіч правяла дзесяць сустрэч з рознымі людзьмі:

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«І самае важнае пытаньне, якое яны мне задавалі з сустрэчы ў сустрэчу — гэта пытаньне пра атамную электрастанцыю. Выходзіць, што гэтае важнае пытаньне аб заключэньні дамовы, аб будаўніцтве прайшло для людзей непрыкметна. І сёньня яны занепакоеныя сваёй будучыняй. Такая ж праблема — гэта рашэньне аб разьмяшчэньні тут замежнай вайсковай базы. Людзі хочуць браць удзел у прыняцьці рашэньняў.

Я асабіста выступаю супраць таго, каб на нашай тэрыторыі былі замежныя вайсковыя аб’екты. Я — за тое, каб сёньня ў людзей пыталіся, зь людзьмі раіліся. Менавіта таму я сёньня стала кандыдатам у прэзыдэнты. Я прадстаўляю голас тых людзей, якія хочуць, каб зь іхняй думкай лічыліся».

Паколькі давераная асоба Тацяны Караткевіч Леанід Спаткай — прафэсійны вайсковы лётчык, палкоўнік запасу, то на спэцыфічныя пытаньні мінакоў і журналістаў давялося адказваць яму. На пытаньне Радыё Свабода, ці можна яшчэ прадухіліць стварэньне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі, спадар Спаткай патлумачыў, што, у прынцыпе, можна, але на гэта павінна быць воля кіраўніка Беларусі:

Леанід Спаткай
Леанід Спаткай

«А той праект, які надрукаваны расейскім бокам, уяўляе сур’ёзную пагрозу нават нацыянальнай бясьпецы Беларусі. Калі хто чытаў ці знаёміўся зь ім хаця б на сайце Belarus Security Blog, зьвярнулі ўвагу на тое, што там ёсьць такія выразы: расейскія вайскоўцы могуць выкарыстоўваць зброю згодна з заканадаўствам Расейскай Фэдэрацыі Па-другое, пад ахову гэтай базы могуць перадысьлякавацца і іншыя вайсковыя фармаваньні РФ (мотастралковая дывізія). Бо ў праекце дамовы няма ніякіх абмежаваньняў ні па колькасьці вайсковага складу, ні па колькасьці вайсковых фармаваньняў. Гіпатэтычна чым гэта можа пагражаць: да прыкладу, перадысьлякуецца расейская часьць на тэрыторыі Беларусі. Некалькі вайсковых эшалёнаў, калёны аўтамабіляў могуць расьцягнуцца па чыгунцы ці па шашы ад Воршы да Баранавічаў. Як кажуць, па сьвістку ці сыгнале трох зялёных ракет расейцы бяруць пад свой кантроль чыгуначныя станцыі ці важныя прамысловыя аб’екты. Дзе гарантыя ад такой пагрозы? Дамова абмінае такія нюансы», — задае рытарычнае пытаньне давераная асоба Тацяны Караткевіч Леанід Спаткай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG