Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: «У апазыцыі доўгі час панавала думка, што для перамогі трэба атрымаць ярлык у Маскве»


Аляксандар Мілінкевіч, архіўнае фота
Аляксандар Мілінкевіч, архіўнае фота

У апошняй перадачы сэрыі «Кандыдаты прэзыдэнцкіх навук» кандыдат у прэзыдэнты ў 2006 годзе Аляксандар Мілінкевіч расказаў, чаму ён не павёў людзей «гуляць па горадзе» у дзень галасаваньня, як ён ставіцца да прагматызму каманды Караткевіч і чаму ён не пажадаў станавіцца кандыдатам у прэзыдэнты на гэтых выбарах.

11 кастрычніка ў Беларусі пройдуць пятыя ў гісторыі краіны прэзыдэнцкія выбары. Свабода правяла цыкль інтэрвію з былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Ва ўсіх калісьці зарэгістраваных кандыдатаў мы пыталіся, што яны цяпер кажуць пра свой удзел у выбарах, што думаюць пра сёлетнюю кампанію і што думаюць наконт таго, якім шляхам у Беларусь прыйдуць перамены. На выбарах 2006 году адзіны кандыдат ад апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч набраў, паводле афіцыйных дадзеных, 6 працэнтаў галасоў.

— Выбары 2006-га году сталі яркім сьведчаньнем таго незвычайнага для сёньняшняй палітыкі факту, што беларуская апазыцыя ўсё ж здольная аб’яднацца. На фоне таго, што адбылося на выбарах 2010 і 2015, як выглядае гістарычнае значэньне таго, што дэмакратычныя сілы выступілі адзіным фронтам у 2006-м годзе?

«Ішлі барацьба дзьвюх плыняў — самастойнай стратэгіі і маскоўскай стратэгіі»

— Безумоўна, ёсьць нейкая настальгія, і магчыма, нешта я ідэалізую. Але гэта былі выбары, якія мы назвалі «рэвалюцыяй духу». Звыш 5 тысячаў удзельнікаў нашай кампаніі паверылі, што можна адстаяць годнасьць. Не ішла гаворка пра тое, што мы лёгка пераможам рэжым — бо гэта быў пік беларускай эканомікі.

Пасьля выбараў было дзьве добрыя рэчы — людзі не адчувалі сябе псыхалягічна зламанымі і вельмі важны быў імідж у беларускім грамадзтве і ў Эўропе. Пасьля выбараў у Эўропе нам казалі: «Цяпер мы ня будзем пытацца, ці вы хочаце дэмакратыі, свабоды і вяртаньня ў Эўропу. Мы бачым, што вы хочаце — асабліва моладзь».

— Вас на ролю адзінага кандыдата вылучыў Кангрэс дэмакратычных сілаў. Але перад самымі выбарамі зьявілася асоба другога дэмакратычнага кандыдата — Аляксандра Казуліна. Як вы ўспрынялі ягонае зьяўленьне, ці магчыма было зрабіць што-небудзь супраць гэтага?

— У беларускай апазыцыі доўгі час панавала думка, што, каб перамагчы рэжым, трэба атрымаць ярлык у Маскве. Я не кажу, што гэтыя людзі, якія шукалі там падтрымкі — гэта расейскія агенты, але была такая традыцыя. Вось і Ўладзімер Ганчарык у інтэрвію вам казаў, што Масква абяцала яго падтрымаць, але потым перадумала. Тое самае казаў і Казулін, які заяўляў, што ў яго ёсьць падтрымка Масквы. Гэта такая наша трохі бізантыйская традыцыя.

Расея, вядома, была нездаволеная нашым Кангрэсам, бо на ім перамаглі праэўрапейскія нацыянальна-дэмакратычныя сілы. І ішла барацьба дзьвюх плыняў — самастойнай стратэгіі і маскоўскай стратэгіі. У нас былі розныя пазыцыі, падыходы да Плошчы — я быў за Плошчу, а штаб Казуліна супраць. Але мы больш-менш спрабавалі захаваць адзінства.​

«Сваёй заслугай я лічу тое, што мы не павялі людзей гуляць па горадзе»

— Думаю, якраз пытаньне пра Плошчу вам задаюць часьцей за ўсё. Дакладней, ня ўласна пра Плошчу, а пра тое, што ў дзень выбараў, калі людзі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, ім прапанавалі пайсьці на плошчу Перамогі і ўскласьці кветкі. Хтосьці іранізуе з гэтага, хтосьці лічыць мудрым рашэньнем. Цяпер, з вышыні таго, што адбылося 19 сьнежня 2010 году — як вы ставіцеся да Плошчы ў 2006-м?

— Я лічу, што Плошча была неабходная, і слава Богу, што яна атрымалася мірнай. Нам удалося прадухіліць вельмі сур’ёзныя правакацыі, якія маглі скончыца яшчэ горш, чым у 2010 годзе. Бо снайпэры былі на дахах. Сваёй заслугай я лічу тое, што мы не павялі людзей гуляць па горадзе. Бо ня тыя былі сілы, не было ў нас надта шмат людзей. Мы спадзяваліся на тое, што калі мы выйдзем на Плошчу, то спыняцца заводы, спыняцца ўнівэрсытэты — мы працавалі над гэтым. У першы дзень мы лічылі, што намётавы гарадок трэба ставіць у парку Горкага, і да гэтага рыхтаваліся. Мы думалі, што нас ня пусьцяць на Кастрычніцкую. Моладзь зрабіла Плошчу на другі дзень.

Ведаеце, пратрымаць тых людзей, якія прыйшлі на мітынг, без намётаў да раніцы... Я баяўся, што тады яны ня прыйдуць на наступны дзень. У нас не атрымалася, каб працэс пайшоў па нарастаньні — грамадзтва не адгукнулася да канца.

Што да кветак на плошчы Перамогі, то гэта была ня наша ідэя. Аляксандар Казулін прапанаваў гэта, і думаю, ён гэта заўсёды пацьвердзіць.

«Шматгаловы дракон апазыцыі неяк аслаб на сёньня»

— Пасьля выбараў вы былі адзіным лідэрам дэмакратычных сілаў. Але ўжо праз год гэтую «шыльду» з вас зьнялі супольным рашэньнем многіх палітычных сілаў. З аднаго боку, гэта сьведчыць пра тое, як апазыцыя «зжырае» сваіх лідэраў. Зь іншага, вам закідаюць, што пасьля выбараў вы не прапанавалі яснай стратэгіі, паводзілі сябе пасіўна — таму вас і «зьнялі».

— Няма ідэальных людзей, і напэўна, я ня быў ідэальным лідэрам. Я спрабаваў весьці камандную гульню. Ужо напачатку 2007 году зьявіліся галасы, што цяпер мы ўсе павінны быць лідэрамі. На тым кангрэсе я казаў, што Мілінкевіч або не, — але мусіць быць адзіны лідэр. Бо Польшча б не перамагла, калі б не паставілі на Валэнсу. Ён ня быў прафэсарам, аднак вакол яго былі прафэсары. Але твар, які прадстаўляе думку ўсіх і на які згаджаюцца працаваць, — гэта вельмі важна. Беларусь гэта згубіла, і час паказаў, што гэта была памылка. Шматгаловы дракон апазыцыі неяк аслаб на сёньня.

-- Зараз гэты працэс раздробленасьці дасягнуў нейкага апагею. Чаму гэта адбываецца? З-за асабістых амбіцыяў, ці ёсьць нейкія аб'яктыўныя прычыны: калі менш шанцаў на посьпех, то людзі іне аб'ядноўваюцца?

-- Другое самае важнае, калі ня верыш у вялікі посьпех. На выбарах 2010 году і зараз не знайшлося супольных мэтаў. Моцныя хутчэй аб’ядноўваюцца. А цяпер пераважаюць лякальныя і дробныя мэты: раскруціць сваю структуру і гэтай далей — я лічу, гэта праявы безадказнасьці. Аб’яднаньне — гэта мабілізацыя грамадзтва, вера ў тое, што мы нешта можам. Для мяне самае галоўнае — першы дзень пасьля выбараў. Ці будзе грамадзтва больш сьмелым, упэўненым? Баюся, што не.

— У адным са сваіх нядаўніх інтэрвію Ўладзімер Някляеў распавёў, як ішлі перамовы наконт адзінага кандыдата на гэтых выбарах: «Спадар Мілінкевіч згадзіўся, а празь некалькі дзён адмовіўся. Па якой прычыне, ня ведаю. І не пытаўся, бо якая розніца?» Чаму вы не захацелі быць адзіным кандыдатам?

— У мяне не было асабістых амбіцыяў стаць яшчэ раз кандыдатам, «двойчы героем». Я гатовы быў быць адзіным кандыдатам, але толькі ў тым выпадку, калі будзе сапраўднае аб’яднаньне. І ў той момант, калі стала зразумела, што ніякага аб’яднаньня не адбудзецца — я не пабачыў ніякага сэнсу ісьці ў кампанію. Шчыра скажу, ва ўсёй апазыцыі на сёньня ёсьць сілы і рэсурсы зрабіць усім разам толькі адну добрую кампанію.

Рух «За свабоду» прыняў простае рашэньне на той час — калі няма адзінага, то мы проста ігнаруем палітычную частку гэтых выбараў.

Аляксандар Мілінкевіч на Плошчы-2006
Аляксандар Мілінкевіч на Плошчы-2006

«Калі гэтая новая плынь больш прагматычная, праходзіць ва ўладу, становіцца „сыстэмнай апазыцыяй“ — я толькі за»

— Як вы ацэньваеце кампнію і фігуру Тацяны Караткевіч? Калі з «выбарамі» ўсё ясна, і чалавек працуе на сваю палітычную будучыню — што ў гэтым кепскага?

— Тацяна Караткевіч — сымпатычны, разумны чалавек, я мяркую, пэрспэктыўны палітык. Але я думаю пра іншае. Зараз улада спрабуе «зрабіць» дэмакратызацыю. І я не хацеў бы, каб гэта быў тэатар, кіраваная дэмакратызацыя. Нават калі нехта з апазыцыі трапіць у наступны парлямэнт (што было б добра) — важна, каб гэты чалавек сумленна выйграў выбары, а не па дамоўленасьці. Бо калі сумленна праходзіш — тады ты можаш казаць, што трэба. А ня тое, што ад цябе чакае ўлада, якая «дазволіла» табе прайсьці. Таму я папярэджваю сяброў па апазыцыі — нельга перайсьці нейкую рысу маральнасьці.

— Ну вось зараз шмат пішуць пра новыя падыходы ў апазыцыйнай палітыцы, якія атаясамліваюць зь цяперашнім кіраўніцтвам кампаніі «Гавары праўду» — больш арыентаваныя на вынік, больш практычныя. Што важней у палітыцы — нейкія дасягненьні альбо чарговая маральная перамога?

— Калі гэтая новая плынь, больш прагматычная, праходзіць ва ўладу, становіцца «сыстэмнай апазыцыяй» — я толькі за. Але трэба, каб гэта быў незалежна абраны парлямэнт, а ня тое, каб улада зьверху «дазволіла» туды прайсьці. Перамены пачнуцца ня ў выніку дамоўленасьцяў з уладай, а дзякуючы наяўнасьці дэмакратычна настроеных людзей, якія прымусяць уладу ісьці на перамены.

— Як «Рух за свабоду» заклікае сваіх прыхільнікаў ставіцца да гэтых прэзыдэнцкіх выбараў?

— Мы ня кажам людзям, што ім рабіць, гэта выбар кожнага чалавека. Мы кажам, што мы ня бачым сэнсу ў выбарах, бо няма аб’яднаньня апазыцыі, яна не выглядае сапраўднай альтэрнатывай. Таму мы ігнаруем гэтыя выбары, я таксама на іх не пайду.

— У якой форме могуць прыйсьці перамены ў Беларусь?

— Аляксандар Лукшаэнка меў вялікі крэдыт даверу, калі яго абралі, ён мог праводзіць любыя рэформы. Ён гэтага не зрабіў, ён кансэрваваў сыстэму, якая выпрацавала свой рэсурс. На жаль, ва ўладзе пераважаюць сілы, якія баяцца рэформаў. Я баюся, што калі яны давядуць эканоміку да каляпсу, гэтым абвалам скарыстаецца Масква. І наш голас будзе ня вельмі моцна гучаць — я баюся страты незалежнасьці з эканамічных прычынаў. Важна таксама, каб стаўленьне да ўлады як да аўтарытарнай не псавала моцна дачыненьні з Эўропай, каб была магчымасьць эканамічнай дапамогі, безь якой не правесьці рэформы. Хацелася б, каб ва ўладзе перамаглі тыя сілы, якія разумеюць, што без рэформаў і стратэгіі разьвіцьця ў нас няма пэрспэктываў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG