Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбоцкі актывіст падаў у суд на ЖКГ і выйграў 50 мільёнаў


Яраслаў Берніковіч
Яраслаў Берніковіч

Аўтамабіль Яраслава Берніковіча Volvo S60 наляцеў на люк, які рамонтнікі пакінулі тырчэць на глыбоцкай вуліцы, зьняўшы асфальтавае пакрыцьцё. ДАІ выпісала штраф кіроўцу — 20-гадоваму сыну Яраслава, а ў аўтамабіля было разьбітае лабавое шкло, пашкоджаныя падвеска, мацаваньні рухавіка, утварылася трэшчына ў каробцы перадач.

Берніковіч рашыўся судзіцца з ЖКГ і выйграў больш за 50 мільёнаў рублёў.

Ён апавядае, што люк узвышаўся над дарогай на 12 сантымэтраў. Усё здарылася ўначы, а асьвятленьне на вуліцы кепскае. Сын Яраслава сам выклікаў ДАІ, якое выпісала яму штраф у 75 тысяч рублёў за наезд. Сам Яраслаў з такім рашэньнем не пагадзіўся.

«Я не разумею людзей, якія не наважваюцца судзіцца ў такіх выпадках. Калі нічога не рабіць, то нічога не атрымаецца. Я ж у Глыбокім грамадзкімі справамі займаюся з канца 90-х. Было б сорамна, калі б я ў сваёй справе адступіўся», — тлумачыць ён.

Яраслаў па выніках незалежнай экспэртызы, якой дамогся сам, прасіў ад ЖКГ кампэнсацыі 70 мільёнаў рублёў. ЖКГ прызнаваць сваю віну доўга адмаўлялася. «Казалі, маўляў, што гэты люк ім не належыць, а гэта калісьці людзі 20 гадоў таму праводзілі сабе ваду, і так гэты люк і застаўся, — тлумачыць Берніковіч. — Калі б людзям такі штраф прысудзілі, то для мяне гэта страшна было, канечне. Але ўдалося давесьці, што ЖКГ за гэта адказнае».

Замінала ў судзе і тое, што сын Яраслава пагадзіўся з прысуджаным яму штрафам, нібыта «прызнаў сваю віну». ЖКГ як адказчык выкарыстаў гэта на сваю карысьць. Таму ў канчатковым рашэньні раённы суд зьнізіў суму кампэнсацыі для Берніковіча да 50 мільёнаў рублёў. Яраслава гэта задаволіла, а вось пракуратура Глыбокага падала на рашэньне касацыйную скаргу ўжо ў Віцебскі абласны суд. Але і ў гэтай інстанцыі пакінулі рашэньне раённага суду ў сіле.

«На такое рашэньне суду я не спадзяваўся, — кажа Яраслаў. — Зьдзівіла, што суды былі аб’ектыўнымі».

Паводле яго, самае цяжкае — тое, што ўсё цягнулася гэтак доўга. «Цябе выклікаюць позвай у суд, едзеш зь Менску ў Глыбокае на 5 хвілінаў, на паўгадзіны. Былі моманты, калі здавалася, што так абрыдлі гэтыя суды, навошта гэтым займаюся», — распавядае ён.

Схема ДТЗ
Схема ДТЗ

Адваката ў Берніковіча не было. Разьбіраўся з усім сам, праўда, у Яраслава юрыдычная адукацыя. Але кажа, што і безь яе звычайны беларус здольны даць рады ў судзе і абараніць сябе.

«Калі нехта б трапіў у падобны выпадак, ня дай Божа, — раіць Яраслаў. — Ня трэба падпісваць адразу ніякіх дакумэнтаў. Лепш разабрацца. Нам моцна перашкаджала ў судзе, што сын пагадзіўся на месцы з аплатай штрафу. А яму 20 гадоў усяго. Ён уначы там на дарозе ўсё што заўгодна мог падпісаць».

Частку сумы зыску за 10 месяцаў цяжбы «зьела» дэвальвацыя. І грошы выплацілі не адразу. ЖКГ пералічыў суму праз пошту, але паштовыя паслугі не аплаціў і плаціць адмаўляўся. Але і гэта ўдалося ўлагодзіць.

Берніковіч не бярэцца палічыць, ці атрымаў ён поўную матэрыяльную кампэнсацыю ў гэтай справе. Але ня гэта галоўнае.

«Нават калі б мне ніякіх грошай не прысудзілі, а ЖКГ проста прызнала, што гэта іхная віна, то і быў бы задаволены», — кажа Яраслаў. Да таго ж ягоная перамога прынесла карысьць усяму гораду.

«Пасьля маёй заявы па ўсім Глыбокім люкі праверылі і зрабілі такімі, як трэба», — цешыцца Берніковіч.

Пра свой посьпех Яраслаў паведаміў у фэйсбуку і атрымаў ад фрэндаў добрую падтрымку.

«Пад гэтым пастом пад паўтары тысячы лайкаў і 70 перапостаў, — пасьміхаецца Яраслаў. — Я таксама зьдзіўлены тым, што людзі так усьцешыліся. Мяне гэта падбадзёрвае, і я ўжо гатовы наступны „подзьвіг“ зрабіць. Трэба ісьці да канца і не здавацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG