Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывісты кампаніі «Гавары праўду» павіншавалі дэпутатаў з Днём Незалежнасьці


 Актывісты "Гавары Праўды" раздаюць кніжкі.

Актывісты "Гавары Праўды" раздаюць кніжкі.

Менавіта Днём Незалежнасьці на дзяржаўным узроўні павінен лічыцца Дзень Волі 25 сакавіка, упэўненыя ў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

Актывісты праводзілі сваю акцыю ля будынку на вуліцы Лодачнай, дзе пражываюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

«Мы сустракалі іх на выхадах з пад’ездаў, віншавалі іх з Днём Незалежнасьці, прэзэнтавалі ім кніжкі Някляева, брашуры пра сьвята 25 сакавіка і віншавальныя паштоўкі. Дэпутаты рэагавалі на гэта па-рознаму. Збольшага станоўча, нібыта і сапраўды сёньня Дзень Незалежнасьці — нейкіх рэзкіх адмоўных выказваньняў на гэты конт не было. Але былі выпадкі, калі адмаўляліся ад кніг, убачыўшы прозьвішча Някляева на вокладцы», — распавёў Радыё Свабода актывіст «Гавары праўду» Яраслаў Берніковіч.

Раней кампанія «Гавары праўду» выступіла са зваротам да беларускіх уладаў з прапановай прызнаць на дзяржаўным узроўні 25 сакавіка Днём Незалежнасьці Беларусі, а 3 ліпеня пакінуць як сьвята вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

«Сёньняшняе афіцыйнае сьвята Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня мы лічым абсалютна штучным, не адпаведным гістарычным фактам. Трэцяга ліпеня — гэта сьвята, але гэта дзень вызваленьня Менску ад фашызму, гэта ніяк ня тычыцца незалежнасьці, таму што Беларусь існавала і да 3 ліпеня 1944 году. Зразумела, што гэта штучнае сьвята і трэба пераносіць яго на іншы дзень. А дзень абвяшчэньня незалежнасьці БНР — гэта якраз той дзень, на які магчыма прызначаць Дзень Незалежнасьці», — заявіў Свабодзе адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк.

Ён падкрэсьліў, што сёньня актывісты зьвярнуліся да дэпутатаў у нефармальнай абстаноўцы, але «Гавары праўду» зьбіраецца і афіцыйна сустракацца з парлямэнтарыямі, каб дамагчыся ад іх заканадаўчай ініцыятывы аб прызначэньні Днём Незалежнасьці 25 сакавіка.

XS
SM
MD
LG