Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Міхалевіч


Нарадзіўся 15 траўня 1975 г. у Менску ў сям'і навуковых супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (тады Акадэміі навук БССР).

У 1997 годзе скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці "палітоляг-юрыст". Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце ўзначальваў Аб'яднаньне Беларускіх Студэнтаў – грамадзкую арганізацыю, якая абараняе правы навучэнцаў беларускіх ВНУ. Стажыраваўся ў Варшаўскім (Польшча) і Оксфардзкім (Англія) унівэрсытэтах.

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту працаваў намесьнікам дырэктара, генэральным дырэктарам СП "Аркадыя", якое спэцыялізавалася на турыстычным бізнэсе. З 2006 г. – антыкрызісны кіраўнік, акрэдытаваны Міністэрствам эканомікі РБ. У 2007 – 2008 гг. – юрысконсульт Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Афганістане. У 2008 – 2010 гг. – юрыст Беларускага незалежнага прафсаюза.

Акрамя родных беларускай і расейскай, таксама вольна валодае польскай і ангельскай мовамі, вывучае нямецкую мову. Жанаты, бацька дзьвюх дочак. Жонка Мілана – настаўніца ангельскай мовы. Дочкі: Леся, 2000 года нараджэньня, і Алена, 2009 года нараджэньня.

У 2004 – 2008 гг. – намесьнік старшыні партыі БНФ. Пасьля вылучэньня на пост старшыні партыі ў 2008 г. і прапановы праграмы па яе рэфармаваньні выключаны з арганізацыі за публічную крытыку кіраўніцтва. З 2003 па 2007 гг. – дэпутат Пухавіцкага раённага савета Менскай вобласьці.

Пасьля удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Алесь Міхалевіч стаў абвінавачаным па справе аб масавых непарадках 19 сьнежня. 19 лютага яго выпусьцілі зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Пасьля гэтага Міхалевіч заявіў пра катаваньні ў сьледчым ізалятары КДБ, а таксама пра тое, што ён разарваў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, якую вымушана падпісаў перад тым як выйсьці з ізалятара на падпіску пра нявыезд.

Ноччу 14 сакавіка ў сваім блогу Міхалевіч аб'явіў, што знаходзіцца "не ў зоне дасягальнасьці беларускага КДБ". Атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.
XS
SM
MD
LG