чацьвер, 02 кастрычніка 2014, Менск 13:24

Форум

Вячка Станкевіч

x
Вячка Станкевіч – сын мовазнаўцы, гісторыка, пэдагога, палітыка і грамадзкага дзеяча Яна Станкевіча. Нарадзіўся ў 1932 годзе ў Вільні. Выехаў зь Беларусі разам з бацькамі падчас II усясьветнай вайны. З 1949 году – у ЗША. Атрымаў ступень магістра па спэцыяльнасьці “электрамэханіка”. Працаваў інжынэрам у карпарацыях “ITT і “Western Union”. З 1988 – на Радыё Свабода. Да 1998 году быў дырэктарам Беларускай службы радыё. Выдавец квартальніка “Belarusian Review”, сталы аўтар газэты “Беларус”. Сябра Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. З 2007 году – старшыня Галоўнай управы Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары

Імя:: Алесь Горад:: Менск
04.11.2008 16:09
Калi ласка, Ваша меркаваннье наконт стану апазiцыi? Что нам тут рабiць каб ня жыць так, як зараз ?
Адказаць

Імя:: Госьць
04.11.2008 14:09
Калі гаварыць пра апазыцыю, дык трэба глянуць на краіны, дзе апазыцыя мае магчымасьць працаваць. Сярод тых краінаў Беларусь не фігуруе. Бо пры цяперашніх умовах фармальная апазыцыя проста ня мае магчымасьці працаваць. Возьмем, скажам, Вялікую Брытанію. Там апазыцыя - цяпер гэта кансэрватары - і тыя, што цяпер пры ўладзе - лейбарысты - яны больш-менш чаргуюцца цыклічна - пабудуць пры ўладзе некалькі тэрмінаў, а тады людзі патрабуюць зьмены, і да ўлады прыходзіць новая партыя. Тое самае ў іншых краінах - Нямеччыне, Злучаных Штатах. У Беларусі пры цяперашніх умовах апазыцыя такіх магчымасьцяў ня мае - ня мае арганізацыйных магчымасьцяў, ня мае доступу да сродкаў масавай інфармацыі. Што рабіць далей? Трэба шукаць іншыя спосабы, бо фармальныя спосабы пры ўмовах дыктатуры не працуюць. Тут можна прыгадаць сытуацыю ў Савецкім Саюзе. Дзе была тая апазыцыя ў Савецкім Саюзе? Або дзе была апазыцыя ў гітлераўскай Нямеччыне? Яна была або за мяжою, або ў розных Гулагах і канцлягерах. У Беларусі пытаньне не такое жорсткае, але магчымасьці дзеяньня апазыцыі нагэтулькі абмежаваныя, што чакаць нечага лепшага ад існуючых апазыцыйных структураў вельмі цяжка. Як мяняць сытуацыю? Мяняць трэба, але чакаць, што будуць лепшыя вынікі пры цяперашняй сытуацыі – не зусім рэальна.

Імя:: Максім
04.11.2008 17:00
Як вы фінансава дапамагаеце папулярызацыі ў Беларусі беларускай мовы і беларускай гісторыі. Бо без беларускай мовы і гісторыі - няма будычыні ў беларускага народу. Колькі вы, напрыклад, пералічаеце грошаў у месяц на банкаўскі рахунак Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны? Можа вы выдаецё кніжкі, часопісы, ці сайты па беларускай мове і літаратуры, па беларускай гісторыі? Ці пішыце вы артыкулы пра беларускую мову, гісторыю і культуры для англамоўнай вікіпедыі?
Адказаць

Імя:: Госьць
04.11.2008 15:00
Даволі такое асабістае пытаньне. Караткевіч некалі сказаў: “І адзін можа”. І гэта праўда, бо калі кожны адзін будзе лічыць, што ён можа, тады сытуацыя ў Беларусі поўнасьцю зьменіцца. Але, гледзячы рэальна, адзін усяго ня можа. І таму калі ёсьць магчымасьць паспадзявацца на дзесяцёх людзей, на наступную сотню, наступную тысячу, тады гэта добра. Мець уплыў з-за мяжы на мільёны ў Беларусі – гэта ўжо амаль што невыканальна. Можна памагчы, можна далучыцца, але зьмяніць сытуацыю могуць толькі тыя, што жывуць у Беларусі.

Беларуская дыяспара страціла аднаго вельмі каштоўнага чалавека. Гэта быў Валодзя Каткоўскі. Ён трагічна загінуў некалькі гадоў таму. Ён быў адным з заснавальнікаў беларускай Вікіпэдыі... Ведама, у нас па-ранейшаму выдаюцца кнігі: робяць гэта розныя ўстановы беларускага замежжа. Частка кніг, напрыклад, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва выходзіць цяпер у самой Беларусі. Англамоўны варыянт інфармацыі пра Беларусь – гэта якраз часапіс, які я выдаю разам з камандаю зацікаўленых людзей, – часапіс “Belarusian Review”. Гэта квартальнік, які ў асноўным распаўсюджваецца за мяжою і пападае ў рукі людзям, якія хочуць арыентавацца ў беларускай сытуацыі.

Імя:: Yuras' Горад:: Miensk
04.11.2008 17:20
Добрый дзень спадар Вячка! Скажыце, які самыя складаныя праблемы ёсць у сёняшняй беларускай дыяспары ў ЗША і таксама, што Вы лічыце самымі вялікімі яе дасягненнямі? Які Вы бачыце яе лёс у далейшым? Дзякуй за адказ!
Адказаць

Імя:: Госьць
04.11.2008 15:20
Як я ўжо казаў, Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне існуе ўжо амаль 60 гадоў. Гэта свайго роду дасягненьне. Але ў той час сытуацыя даволі мянялася. Першая пасьляваенная хваля - гэта быў канец 40-х - пачатак 50-х гадоў. Пасьля гэтага быў спарадычны прыплыў зь іншых краінаў Заходняй Эўропы і Аўстраліі. А ўжо пасьля таго амаль што 40 гадоў не было прыплыву з Бацькаўшчыны або зь іншых месцаў. Ну і, вядома, арганізацыя пачала слабець, бо без прыплыву новых людзей. Дыяспара заўсёды пакутуе ад гэтага. Новы прыплыў пачаўся ўжо пасьля развалу Савецкага Саюзу, хоць зь Беласточчыны людзі пачалі прыяжджаць ужо ў канцы 80-х гадоў.

Што вельмі трэба і, магчыма, чаго не хапае - бо даволі вялікая колькасьць людзей прыяжджае выйграўшы “зялёныя карткі” або на студыі ці на працу, і зь імі няма кантакту - дык наладжаньне такога кантакту і дапамогі ім. Бо бываюць людзі, якія прылятаюць на лётнішча ў Нью Ёрку і ня ведаюць, куды далей. Мы мелі прыклад аднаго такога чалавека, які папярэдзіў, што ён прыяжджае, і папрасіў дапамагчы яму знайсьці месца жыць і магчымасьць нейкай заработнай працы. Ну дык гэта было выканана, і чалавек асяліўся і вельмі задаволены гэтым.

Гэта адзінкавы прыклад. А нам трэба лепей ведаць, калі людзі прыяжджаюць, і тады на месцы лепей арганізаваць такую дапамогу новапрыбылым, бо тая першасная дапамога будзе працягвацца і праз актыўнасьць тых новых людзей, і такім чынам ня толькі арганізацыя будзе трымацца, але магчыма будзе нават расьці.

Імя:: Натальля
04.11.2008 17:20
Прывітаньне, спадар Вячка.Раскажыце ў некалькіх сказах пра Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, дзе вы знаходзіцеся, як вас знайсьці, ці ёсьць у вас моладзевая арганізацыя?
Якую пазыцыю займаеце асабіста Вы на выбарах і за каго галасавалі, калі не сакрэт?
Слухала перадачу на Свабодзе перадачу пра студэнтаў з ЗША і выбары ў Амэрыцы,пра тых кандыдатаў, якіх бы яны падтрымалі. Там фігуравала апытаньне беларусаў. Чамусь абсалютная большасьць беларусаў апытаных на вуліцах Гародні выказвалася за Абаму.Мне выдаецца, што у яго прапановах шмат сацыялізму і ён зможа шукаць кампраміс(саступаць) з дыктатарамі.З другога боку Макейм таксама не без асаблівасьцёй абумоўленых кар'ерай.Выкажыце погляд, чаму Гарадзенцы так вызначылі свае прэферэнцыі.
З павагай. Жыве Беларусь!
Натальля
Адказаць

Імя:: Госьць
04.11.2008 15:20
Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне было заснаванае пасьля ІІ сусьветнай вайны, у 1949 годзе. Задзіночаньне можна лічыць найбольш аўтарытэтнай грамадзкай арганізацыяй беларусаў у Злучаных Штатах. Бальшыня беларусаў-мігрантаў пасялілася на ўсходнім узьбярэжжы або даходзячы да сярэдзіны Амэрыкі, найперш назваў бы гарады Кліўленд і Чыкага. Хоць трэба сказаць, што апошняя хваля эмігрантаў ужо рассыпаецца па цэлай Амэрыцы: даволі шмат беларусаў і ў Каліфорніі, і ў паўдзённых штатах. Зьвязацца з намі можна праз сайт – baza-belarus.org.

Што да пазыцыі на выбарах, так тут было крыху разыходжаньне. Я думаю, ня толькі ў мяне. Магчыма, у даны момант кандыдат Маккейн, паколькі ён больш ведае пра Беларусь, выглядаў як больш прыхільны да Беларусі. Для Амэрыкі, для людзей, якія жывуць тут, патрэба зьмены была сапраўды асноўнай. І дзеля гэтага была тут большая схільнасьць да сэнатара Абамы.

Што да гарадзенцаў, так, магчыма, у выпадку іх адказаў мела значэньне жаданьне зьмены. Паколькі ў Беларусі ў апошнія гады сытуацыя мала мяняецца, так ёсьць надзея, што пры зьмене ўлады ў такой вялікай дзяржаве, як ЗША, адбудуцца таксама зьмены на лепшае і ў Беларусі. Дарэчы, асноўным лёзунгам сэнатара Абамы было якраз тое, што зьмена Амэрыцы патрэбная.

Імя:: Андрэй Абалевіч Горад:: Варшава
04.11.2008 18:07
Шаноуны спадар Вячка!
Колькі сябраў у Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня? Якія адносіны ў БАЗ-а з эўрапейскімі аб'яднаннямі беларусаў.
Што Вы параіце актывістам дэмакратычных сіл беларусі, што на вашу думку нам трэба зрабіць у 2009 годзе?
Адказаць

Імя:: Госьць
04.11.2008 16:07
Фармальных сяброў некалькі соцень. Ёсьць шэраг аддзелаў. Асноўныя тры аддзелы – у Нью-Ёрку, Нью-Джэрзі і Агаё. Ёсьць і меншыя структуры ў іншых гарадох і штатах. Ёсьць сотні такіх фармальных сяброў, якія плацяць гадавыя складкі, але ёсьць і, магчыма, тысячы, якія бяруць удзел у большай або меншай меры ў мерапрыемствах, ладжаных задзіночаньнем.

Найбліжэйшыя адносіны ў нас з Згуртаваньнем беларусаў Канады. Штодва гады нават ладзяцца імпрэзы – сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі, дзе гэтыя дзьве арганізацыі супрацоўнічаюць. Сустрэчы адбываюцца ў розных месцах або Злучаных Штатаў, або Канады.

Наконт сувязі з эўрапейскімі арганізацыямі, так яна больш на такім інфармацыйным узроўні – стараемся ведаць, што робіцца, і, калі ёсьць патрэба, падтрымаць. Адзін такі прыклад: калі беластоцкая “Ніва” мела цяжкасьці, Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне сапраўды ўзялося за такую даволі шырокую акцыю, каб беластоцкую беларускую газэту падтрымаць. Падобнае сталася, калі радыёстанцыя “Нямецкая хваля” мела намер пачаць перадачы для Беларусі на расейскай мове. Тады даволі моцна зрэагавалі ня толькі БАЗА, але й іншыя беларускія арганізацыі ў ЗША, і ўжо наступны праект, эўрапейскі праект –“Эўрапейскае радыё для Беларусі” – ужо быў зроблены па-беларуску. Вось такі ўплыў мае значэньне.

Цяпер да пытаньня пра дэмакратычныя сілы. Працягваць так, як ёсьць, – гэта амаль што беспэрспэктыўна. Пакідаючы ўсё так, як ёсьць цяпер у апазыцыйных сілах, цяжка чакаць іншых вынікаў. Бо калі ўсё застаецца больш-менш па-старому, тады можна чакаць, што й вынікі будуць такія самыя, ня надта задавальняючыя.

Што рабіць? Трэба шукаць спосабаў, каб пазбыцца страху. Пазбыцца як асабістага страху людзей, так і грамадзкага страху. Гэта будзе першым крокам, які зможа зьмяніць сытуацыю.

Імя:: Віктар. Горад:: Ліён.
04.11.2008 18:12
Паважаны сп.Станкевіч,як жывецца ў ЗША
простым людзям,ці маюць яны сацыяльную,
медычную дапамогу ?
Адказаць

Імя:: Госьць
04.11.2008 16:12
Простыя людзі ў Амэрыцы – гэта амаль усе. Сапраўды, у параўнаньні з сацыялістычнымі краінамі, дзе ўсе нібы роўныя і нібы дзяржава апякуецца ўсімі, так у Амэрыцы большая свабода дзеяньня. І з гэтым зьвязана, што часам некаторыя людзі пападаюць у сытуацыі, дзе яны ня так забясьпечаныя, як у некаторых іншых краінах. Але затое шмат больш свабоды дзеяньня і шмат больш магчымасьцяў, і таму ўвесь час прыток новых эмігрантаў у Злучаныя Штаты.

Імя:: Таццяна Горад:: Менск
04.11.2008 21:17
Добры дзень, спадар Вячка!
Ці маюць беларускія арганізацыі за мяжой свае сайты? Дайце калі-ласка інфармацыю і спасылкі на сайт БАЗА і моладзі.
Ці кантактавалі сябры вашай аргантзацыі з кандыдытамі у прэзідэнты ЗША? Які Вынік?
Раскажыце пра сайт Макейна на беларускай мове, як атрымалася гэтага дасягнуць?
Ці будзе перадача надрукавана на сайце, бо шмат цікавых перадач чамусь не выходзяць у тэкставай вэрсіі?
Дзякуй!

Адказаць

Імя:: Госьць
04.11.2008 19:17
Сайт БАЗА – baza-belarus.org. Сайт моладзі, зьвязанай з БАЗА, – Згуртаваньня беларускае моладзі ў Амэрыцы (ЗБМА) – www.zbma.net. Ёсьць таксама шэраг іншых папулярных сайтаў, напрыклад, сайт Беларускага моладзевага руху Амэрыкі – belmov.org. І дзясяткі іншых сайтаў – я б параіў, каб Вы глянулі праз “Google” на ўсе магчымыя сайты, якія адносяцца да беларусаў за мяжою.

З кандыдатамі ў прэзыдэнты ЗША сябры БАЗА кантактавалі. Было высланае ад задзіночаньня апытаньне ўсім траім тады кандыдатам – калі яшчэ была ў гонцы Гілары Клінтан. На жаль, адказу мы не атрымалі. Затое больш шырокую акцыю праводзіла Згуртаваньне беларускае моладзі ў Амэрыцы. Яны пісалі шмат якім кангрэсмэнам, а таксама кандыдатам на прэзыдэнта – Абаму і Маккейну. Дакладна ня ведаю, ці атрымалі які-небудзь адказ. Але ведама, што прынамсі зьвярталіся.

Было прыемна бачыць сайт Маккейна па-беларуску. Але паняцьця ня маю, якім чынам гэта сталася. Я ўчора спрабаваў дазваніцца ў Міжнародны рэспубліканскі інстытут, у якім якраз Маккейн быў прэзыдэнтам. Хацеў спытацца, ці яны маглі б падказаць, якім чынам гэта сталася. На жаль, не дазваніўся, таму й не магу даць адказу. Спрабаваў паглядзець, ці гэты сайт – нешта стандартнае. Паглядзеў, ці ёсьць такія сайты для ўкраінцаў ці грузінаў. Аказалася, што няма. Відаць, сайт “Маккейн для Беларусі” – усё-такі нешта надзвычайнае.

Імя:: Mikola Горад:: Каўнас
05.11.2008 08:18
Чаму Рада БНР не пераходзіць да масавай акцыі пашпартызацыі Беларусі па прыкладу расейскіх чэкістаў у Грузіі і Крыме і далейшага ўзяцьця ўлады ў Беларусі ў свае рукі, Значна разумней сродкі з праграмы ЗША "Акта аб дэмакратызацыі Беларусі" выкарыстаць на надрукаваньне пашпартоў БНР, чым праз здрайцаў здаваці іх у КДБ РБ.
Калі Вы будзеце ў Вільні? Як узмацніць працу Ўсходня Эўрапэйскай сэкцыі Рады БНР? Чаму Рада БНР не каардынуе фінансавую дапамогу краін Захаду на справы Беларусі і гэтым займаюцца ўсе хто не лянуецца?
Адказаць

Імя:: Госьць
05.11.2008 06:18
Параўнаньне з “чэкістамі”, якія адыгрывалі ня надта прыгожую ролю ў Грузіі, не зусім удалая. Па-першае, чэкісты маюць падтрымку даволі магутнай дзяржавы, якая не шкадуе сродкаў якраз на такую працу. А Рада БНР карыстаецца толькі нутранымі сродкамі. Дзеля таго, каб застацца поўнасьцю незалежнай яна не бярэ сродкаў ад ніякіх установаў,кан утрымаць гэтую незалежнасьць і ня быць прымушанай выконваць тое, чаго б тыя “спонсары” пажадалі. Гэта прынцыповае пытаньне. Такім чынам, Рада БНР мае пэўныя магчымасьці незалежнай дзейнасьці але дзейнасьць гэтая абмежаваная.

Што да пашпартызацыі, то гэта можа стварыць вельмі некарысныя ўмовы для грамадзянаў Беларусі. І таму Рада БНР такія мерапрыемствы не спрабуе прадпрымаць.

Сродкі, выдзеленыя паводле Акту аб дэмакратыі ў Беларусі - гэта дзяржаўныя сродкі ЗША, і ўлады распараджаюцца гэтымі сродкамі так, як лічаць патрэбным. Рада БНР, як я ўжо казаў, не разьлічвае на сродкі дзяржаўных і іншых установаў.

Пра каардынаваньне я ўжо адказаў - немагчыма каардынаваць дзейнасьць іншых дзяржаваў і ўстановаў. Наконт наведаньня Вільні - гэта для мяне заўсёды любімая справа. Мы плянуем “сямейнае” спатканьне з прадстаўнікамі сям'і Станкевічаў - як у Вільні, так і ў некаторых раёнах Польшчы.

Рада БНР адразу пасьля Другой сусьветнай вайны, калі яна аднавіла сваю дзейнасьць, складалася зь людзей, якія жылі на Захадзе - пераважна ў Заходняй Эўропе, а пазьней у Злучаных Штатах і Канадзе. Новыя радныя з краінаў Усходняй Эўропы пачалі прыходзіць у 90-х - 2000-х гадох. Да пэўнай меры гэта застаецца слабейшым месцам агульнай працы Рады, але робяцца захады, каб пашырыць у краінах Усходняй Эўропы прысутнасьць радных і ўзмацніць іх дзейнасьць ва Ўсходняй Эўропе. Над гэтым працуюць, прадбачаецца магчымасьць, што адна з сэсіяў Рады, якія праходзяць раз на два гады, адбудзецца ў Эўропе, магчыма ва Ўсходняй.

Імя:: Ігар Горад:: Мінск
05.11.2008 09:20
Сп. Станкевіч, як на гэтых выбарах склаўся лёс кангрэсмэнаў і сэнатараў- спонсараў Акту аб дэмакртатыі ў Беларусі?
Адказаць

Імя:: Госьць
05.11.2008 07:20
Я ня ведаю, колькі дакладна зь іх прайшло або не прайшло, але ведаю, што тыя асноўныя палітыкі, якія добра арыентуюцца ў беларускіх справах, усе прайшлі. На працягу мінулых дзесяці гадоў некаторыя абазнаныя ў беларускіх пытаньнях адышлі, але, калі браць гэтыя выбары, няведама, каб нейкі асноўны кангрэсмэн або сэнатар не прайшоў.

Імя:: Anatol Starkou Горад:: Brooklyn, NY, USA
05.11.2008 10:29
У мяне да вас, паважаны спадар Вячка, два зусім рознапланавых пытання:
1. Як вядома, побач з існай ужо больш за 50 гадоў непалітычнай арганизацыяй Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА) ёсць створаная моладзевая арганізацыя Згуртавання Беларускай Моладзі ў Амерыцы (ЗБМА), якия маюць свае сайты ў інтэрнэце. Але асобна ад гэтага, фактычна аднаго цэлага, гады з два таму з'явіўся ў інтэрнэце сайт пад назвай Беларускі Моладзевы Рух Амерыкі. Чаму так здарылася? Ці бачылі вы афіцыйныя паперы афіцыйнай рэгістрацыі ў Амерыцы гэтага Руху? Ён існуе на самой справе ці толькі віртуальна ў інтэрнэце?
2. Раскажыце, калі ласка, аб Беларуска - Расійскім слоўніку, які стварыў Ваш бацька доктар Ян Станкевіч. Шчыра кажучы, я захоплены гэтай кнігай, якая мае 1305 старонак перакладу слоў і выразаў, якая дапамагае мне, звычайнаму рускамоўнаму беларусу, не забываць сваю родную беларускую мову, бо карыстаюсь гэтым слоўнікам каб пісаць па-беларуску. Ці існуе электронны варыянт гэтага слоўніка на CD-дысках?
Адказаць

Імя:: Госьць
05.11.2008 08:29
У пару інтэрнэту зьявіліся розныя арганізацыйныя магчымасьці, магчымасьці гуртаваць людзей, асабліва моладзь.

Наконт розных арганізацыяў: у нармальным грамадзтве няма перашкодаў, каб засноўваліся новыя арганізацыі. Вельмі важна, каб асноўная энэргія гэтых розных арганізацыяў не звужалася да барацьбы паміж сабою, а каб усё-такі асноўная дзейнасьць іх была на карысьць Бацькаўшчыны. Калі так будзе, тады могуць існаваць розныя арганізацыі і даваць магчымасьць розным людзям вучыцца, як весьці арганізацыйнае жыцьцё, як пашыраць базу дзейнасьці на карысьць Беларусі, і з-за мяжы памагаць зьмяніць сытуацыю ў Беларусі.

Калі паглядзець на сайт у інтэрнэце, так там даволі часта пішуць пра дэманстрацыі і розныя іншыя мерапрыемствы, якія праводзіць Беларускі моладзевы рух Амэрыкі. Я асабіста знаёмы зь некаторымі людзьмі, якія бяруць у гэтых акцыях удзел, і лічу, што гэтыя людзі робяць карыснае для Беларусі.

Цяпер да другога пытаньня. Крыху перадгісторыі. Слоўнік быў падрыхтаваны бацькам, але выдадзены ўжо пасьля ягонай сьмерці. Так што бацька ўжо ня меў доступу да апошняй рэдакцыі гэтага слоўніка.

Пазьней, у апошняе дзесяцігодзьдзе, група маладых навукоўцаў, якія зацікавіліся рознымі творамі бацькі, выдала чатыры тамы твораў Янкі Станкевіча і цяпер мае намер перавыдаць слоўнік. Ужо пачалася праца, каб перавыдаць слоўнік у двух варыянтах: як першапачатковым беларуска-расейскім, так і ў адваротным расейска-беларускім. Таксама слоўнік мае выйсьці на CD. Спадзяёмся, што будзе дастатковая падтрымка ад розных установаў, каб такую даволі вялікую працу можна было фінансаваць. Але магу пацешыць Анатоля, што праца ўжо ідзе, і спадзяёмся, што на працягу некалькіх гадоў пабачым гэтыя новыя выданьні.

Імя:: Пётра Горад:: Магілёў
05.11.2008 14:11
Ці не баіцёся вы, што перамога Абама абернецца меншай увагаю амэрыканскай адміністрацыі да сытуацыі ў Беларусі? Ці не засмучаныя сёньня беларусы ў ЗША, бо бальшыня ж традыцыйна галасавала за рэспубліканцаў...
Адказаць

Імя:: Госьць
05.11.2008 12:11
Асноўная розьніца паміж дзьвюма партыямі – рэспубліканцамі і дэмакратамі – гэта нутраная палітыка, палітыка ў самой Амэрыцы. Замежная палітыка даволі мала мяняецца ад зьмены партыі. Яна мяняецца ад абставінаў, ад таго, што адбываецца ў сьвеце, але мы бачым больш-менш працяг таго, што адбывалася. Магчыма, сам сэнатар Маккейн быў болей зацікаўлены, чымся шмат якія іншыя сэнатары, у сытуацыі ў Беларусі, але спадзяёмся, што й сярод дэмакратаў ёсьць дастаткова людзей, якія добра арыентуюцца ў беларускай сытуацыі.

Напрыклад, выбраны віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн быў доўгі час або першай асобай у камітэце замежных справаў, або асобай ад апазыцыі ў тым самым камітэце. І, напрыклад, у прыняцьці першага “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” ён быў адной з ключавых фігураў, так званым арыгінальным спонсарам, разам з тым, хто падаў гэты законапраект. Я думаю, што стаўленьне будзе больш-менш такое, як ёсьць цяпер. А нам усім, як у Беларусі, так і ў Амэрыцы, трэ будзе папрацаваць, каб новыя людзі ва ўладзе ведалі як найболей пра сытуацыю ў Беларусі.

Імя:: Ivan Горад:: Mensk
05.11.2008 15:25
Добры дзень, спадар Вячка.
Ці мелі сябры вашай арганізаціі сустречы з Бушам. Я знайшоў такую інфармацыю на форуме tut.by ( http://forums.tut.by/showflat.php?Board=socleader&Number=6574151&page=0&view=collapsed&sb=5&o=&fpart=all&vc=1 ). Калі такая сустреча мела мейсца, то чаму пра яе не распавяла Свабода? Ці часта праходзяць такія сустречы?
Адказаць

Імя:: Госьць
05.11.2008 13:25
Сустрэчы з самім прэзыдэнтам праходзяць даволі нячаста, але якраз днямі была такая сустрэча арганізацыі, якая завецца “Кааліцыя цэнтральна- і ўсходнеэўрапейскіх краінаў”. Яна мае сядзібу якраз у Вашынгтоне. І там, у той сустрэчы з прэзыдэнтам, прадстаўнікі гэтай арганізацыі ўключна з прадстаўнікамі Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня і Згуртаваньня беларускае моладзі бралі ўдзел. Пазьней пра гэта было паведамлена на сайце zbma.net.

Спатканьні ў Дзярждэпартамэнце і спатканьні з рознымі канкрэсмэнамі адбываюцца ня так ужо й рэдка. Летась у Вашынгтоне мы сустракаліся з кангрэсмэнамі кожныя два-тры месяцы.

Пранкер Vovan222: Лукашэнка звольніў Пяткевіч не з-за мяне

«Я сумняюся, што гэта зьвязана з маёй пэрсонай. Тэрміны даўнасьці прайшлі. Калі б ён Аляксандар Лукашэнка лічыў яе вінаватай, ён бы звольніў яе адразу». чытаць далей >

УСЕ НАВІНЫ
External Widget cannot be rendered.

чытаць іншыя навіны >>
External Widget cannot be rendered.

ТОП-ЛІСТ

ВАРТА

Жанглёр на футбольным полі

Раман «Мова» гладкі, як нэктарын, сэнтымэнтальны да ружовасьці і абсалютна нястрашны, хоць задуманы, паводле аўтара, як драма і антыўтопія. чытаць далей >

Цуды і дзівосы Беларусі
Малюнак Павел Татарнікаў (с) 2014

Альгерд Бахарэвіч: Скарына

Скарына ведаў нешта, чаго ня ведалі астатнія. Пра такіх кажуць – апярэдзіў свой час. Як быццам час для ўсіх аднолькавы. Для кагосьці тут, у Беларусі, Скарынава адраджэньне даўно скончылася, для іншых яно і не пачыналася. А для кагосьці і не пачнецца. чытаць далей >

БЯЗ ЧАРКІ І СКВАРКІ

Цыклямат, або чым адрозьніваецца Кока-Кола ў ЗША і Эўропе

Падсалоджвальнікі — гэта рэчывы, якія дадаюцца ў прадукты харчаваньня для таго, каб зрабіць іх салодкімі. чытаць далей >

ПА-БЕЛАРУСКУ ЗЬ ВІНЦУКОМ ВЯЧОРКАМ

Аўдыёслайды Пад чым гетман Астроскі перамог 80000 маскавітаў?*

Хаця юбілейная дата мінула, але юбілейны год працягваецца. Ізноў паўстае пытаньне пра назву гораду, пад якім адбылася перамога. Піша Вінцук Вячорка чытаць далей >

ПАДАРОЖЖЫ СВАБОДЫ

Фотагалерэя Стральцоў: «Хай нам падзякуюць за тое, што мы пілі»

Як перажываў сваё зьняволеньне ў Мазырскім ЛПП пісьменьнік Міхась Стральцоў? Якім запомніўся афіцэрам аховы футбаліст 80-х гадоў Аляксандар Пракапенка? Хто наведваў зорак спорту і літаратуры? чытаць далей >

Свабода ў турмах
Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky

Аўдыёслайды Не забіла б... Калі б было куды ўцячы

Кожнае 3-е забойства ў Беларусі і кожнае 4-e цяжкае цялеснае пашкоджаньне ёсьць вынікам хатняга гвалту. Пра хатні гвалт, яго ахвяраў ды вымушаных злачынцаў, а таксама пра тое, як спрабуюць вырашыць гэтую праблему ў краіне і за мяжой. чытаць далей >