Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы фільм пра паўстаньне Каліноўскага: Расея ўжо тады будавала «русский мир» (+фільм і саўндтрэк Вінсэнта)


4 лістапада ў памяшканьні Арт Сядзібы прайшла прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму «Шляхам паўстанцаў», якія распавядае пра падзеі 1863-1864 гг.

Радыё Свабода паразмаўляла з рэжысэрам фільму «Шляхам паўстанцаў» Паўлам Доўнарам.

— Павал, фільмы пра Кастуся Каліноўскага і паўстаньне 1863 года ўжо здымалі. У чым адметнасьць Вашага новага фільму?

— Унікальнасьць у тым, што гэта абсалютна беларусацэнтрычны фільм. Не савецкі, ня польскі, ня погляд сучаснага беларускага кіраўніцтва, якое беларускае толькі калі гэта выгадна. Прычым наш беларусацэнтрычны погляд на падзеі — гэта выключна факты, якімі апэруюць вядомыя гісторыкі і пісьменьнікі, як Уладзімер Арлоў, Адам Мальдзіс, Алесь Смалянчук, Алесь Краўцэвіч, якія дасьледавалі гэтую тэму. Яны зьняліся ў нашым фільме. У гэтым перадусім каштоўнасьць гэтага фільму, бо насамрэч мала матэрыялаў менавіта з такога гледжаньня.

— Чаму менавіта гэты адрэзак гісторыі важны для сёньняшняй Беларусі?

— Нам увогуле трэба ведаць нашую гісторыю, пакуль мы ня сталі ў пэўным сэнсе самадастатковай нацыяй, якой ня будзе пагражаць зьнішчэньне ці асыміляцыя. Тым больш сёньня, калі мы бачым падзеі ва Ўкраіне. У часы паўстаньня Каліноўскага былі людзі, якія прагнулі свабоды і незалежнасьці, і была Расейская імпэрыя, якой патрэбная ўлада, асыміляцыя, новыя землі і «русский мир». Цяпер адбываецца тое самае, толькі ў нашых суседзяў. У нас пагроза яшчэ большая, таму што ў нас уплыў суседняй дзяржавы нават большы, чым быў ва Ўкраіне. Таму такія працы мусяць зьяўляцца.

Павел Доўнар
Павел Доўнар

— Прыклад Кастуся Каліноўскага, нашага нацыянальнага героя, прыклад паўстанцаў — ці актуальны ён у сёньняшніх палітычных варунках? Асабліва цяпер, калі гучаць заявы пра разьвіцьцё беларускай мовы і многія лічаць патрэбныям супрацу з уладамі.

— Кастусь Каліноўскі быў вельмі радыкальны, але тады так было. Сёньняшнім уладам як выгадна, так яны і робяць. Ці будзе ім выгадна захаваць уладу, ці будзе выгадга разьвіваць мову, культуру. Безумоўна, сёньня ёсьць унікальная сытуацыя, калі ўлада заяўляе, што будзе спрыяць разьвіцьцю, зьяўленьню нацыянальных справаў, фільмаў, рэчаў. І гэтым трэба карыстацца. Супрацоўнічаць, але ў сваіх мэтах. А мэта — моцная беларуская дзяржава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG