Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі чарговы бум узьвядзеньня лядовых палацаў


Ігар Карней, Менск Днямі ў Пружанах будзе адчынены чарговы лядовы палац. Гэта другая пасьля Жлобіна пляцоўка, збудаваная ў раённым цэнтры. На падыходзе – Бабруйск: тут лядовая арэна адкрые дзьверы напачатку 2008 году. Выбар Воршы супаў з буйнамаштабнай кампаніяй падрыхтоўкі да “Дажынак”, якія праз год будуць сьвяткаваць у горадзе – тут штучны лёд зьявіцца ў 2009-м. З такім багажом, як лічаць у Беларускай фэдэрацыі хакею, у 2013 годзе Беларусь можа прэтэндаваць на правядзеньне хакейнага Чэмпіянату сьвету. Дагэтуль спробы былі марнымі.

Хоць ільвіную долю будаўнічых матэрыялаў спажывае дзяржаўная будоўля №1 – шматфункцыянальны комплекс “Мінск-Арэна” у сталічным мікрараёне “Вясьнянка” – тое-сёе перападае і рэгіянальным стратэгічным аб’ектам, якія ўзводзяцца па-за ўсялякімі чэргамі.

Пружанскі “карлік”

Якраз гэтымі днямі абяцаюць здаць пакуль што самы дробны з ужо існуючых лядовых палацаў. Ён разьмесьціцца ў Пружанах на Берасьцейшчыне і разьлічаны ўсяго на 800 пасадачных месцаў. Як запэўнілі ва Ўпраўленьні капітальнага будаўніцтва Пружанскага райвыканкаму, будынак ужо гатовы, цяпер чакаецца адпаведная каманда “зьверху”:

“Пакуль нічога толкам вам не скажу. Адкрыцьцё адназначна плянуецца да канца чэрвеня, але з такімі пытаньнямі не да нас. Але ў нас ужо ўсё гатова”.

Варта нагадаць, што ў апошнія дні 2006 году Аляксандар Лукашэнка асабіста адкрываў лядовую арэну ў Жлобіне. Зрэшты, гэтак жа, як і бальшыню пляцовак у Менску і абласных цэнтрах. Ільф і Пятроў: “Пры слове “Бабруйск” сход застагнаў”

Шпарка ідзе справа на аб’екце ў Бабруйску. Сваімі памерамі бабруйская арэна амаль у 10 разоў будзе перавышаць пружанскую. Пасьля заплянаванай здачы ў пачатку 2008 году мясцовы комплекс выйдзе ў перадавікі паводле ўмяшчальнасьці – 7 тысяч гледачоў. Праўда, не надоўга. Ужо праз год яе мусіць зацьміць стратэгічная будоўля, якая на асабістым кантролі Лукашэнкі. Гэта 15-тысячная “Мінск-Арэна”, што гэткімі ж ударнымі тэмпамі ўзводзіцца ў сталіцы.

Як кажуць у Беларускай фэдэрацыі хакею, менавіта на гэтыя дзьве пляцоўкі галоўныя спадзяваньні ў выбары гаспадара Чэмпіянату сьвету ў хакеі 2013 году. Магчыма, нарэшце збудуцца прароцкія словы Ільфа і Пятрова, якія ў сваім “Залатым цяляці” пісалі, што Бабруйск здаўна “лічыўся цудоўным, высокакультурным месцам.” А зь лядовым палацам – тым болей. Ворша разбавіць турмы хакеем

Пакуль на вышэйшым узроўні мараць пра аддаленую пэрспэктыву, слаба далучаныя да вялікага спорту аршанцы прысьпешваюць падзеі больш блізкай будучыні. У горадзе, дзе да нядаўняга часу ў сьпісе адметных аб’ектаў фігуравалі тры турмы, пачынаецца вялікі “марафет” да “Дажынак-2008”. Пад гэтую марку мясцовым уладам на добраўпарадкаваньне Воршы ўдалося выбіць і лядовы палац. Але пакуль што выбраная пляцоўка, як удалося пераканацца на ўласныя вочы, нагадвае пастку: тут можна ў літаральным сэнсе праваліцца пад зямлю. Мясцовы інжынэр Барыс Сяргееў расказвае, што ў свой час на гэтым месцы ўжо практычна стаяў моладзевы цэнтар:

“...Моладзевы цэнтар з рознымі забаўляльнымі сэкцыямі. Сьцены ўжо амаль да трэцяга паверху былі, агромністая будыніна. Але ў часы, як Саюз разваліўся, яно гэтаксама пачало развальвацца, і яго разабралі да падмурку. Падвальныя пліты дагэтуль пад зямлёй. Канечне, шкада, бо ўжо фактычна ўсё было гатова. А пустэча тут гады два дзесьці – шмат гадоў стаяў, потым пачалі красьці, расьцягваць, і бяльмо гэта вырашылі прыбраць ад вачэй далей. Пэўна, ужо ніхто не спадзяваўся, што фінансаваньне зьявіцца, бо грошай не было абсалютна для такога грандыёзнага збудаваньня. А цяпер вось зьявіліся сродкі на лядовы палац, будуць будаваць. І плошчы, канечне, дазваляюць тут размахнуцца”.

Каму гэта трэба?

Шматмільённыя ўкладаньні ў спартовыя аб’екты выклікаюць нямала пытаньняў у прадстаўнікоў іншых сацыяльных груп. Так, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі кажа, што інвэстыцыі ў культуру на тле спартовых – мізэрныя:

“Сутнасьць праблемы палягае ў культурных прыярытэтах нашай дзяржавы, цяперашняга ладу. Прыярытэты відавочна скажоныя і вельмі суб’ектыўныя, якія патрапляюць густу аднаго чалавека. Гэта бясконцыя лядовыя палацы і падкрэсьлены ўпор на зімовыя віды спорту на тэлебачаньні. Ня будзем ужо працягваць пра поп-культуру і г.д.”

• Ці патрэбны Салігорску Лядовы палац?, 20.02.2007 • Жлобін і Бабруйск: лядовыя палацы будуюць на касьцях, 23.11.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG