Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах – новы акт вандалізму +


Галіна Абакунчык, Менск У Курапатах невядомыя зламысьнікі зламалі шэсьць крыжоў і некалькі пашкодзілі. Чарговы акт вандалізму засьведчылі ўдзельнікі талакі, якую кожную суботу праводзяць сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Слухаць:



Зламаныя, паваленыя і пахіленыя крыжы заўважыў Уладзімер Юхо, які зьяўляецца адным з арганізатараў талакі і ва ўрочышча сёньня прыйшоў першым.

У.Юхо: “Адчуваецца, што гэта было зроблена сьвядома”

“Сёньня я прыйшоў у Курапаты і пабачыў жудасныя рэчы, якія адбыліся за апошнія два дні. Я быў тут у чацьвер і ўсё было нармалёва. А сёньня прыйшоў і пабачыў зламаныя крыжы – вось тут на алеі чатыры крыжы зламаныя. А таксама збоку ад поля, якія ставілі вакол Курапатаў. Некаторыя крыжы расхістаныя – хацелі зламаць, але яны моцна стаялі. Адчуваецца, што гэта было зроблена сьвядома, бо штогод адбываюцца гэтыя факты вандалізму ў Курапатах. Вось зараз нам давядзецца працаваць. Пойдзем за матэрыялам, каб аднавіць гэтыя крыжы”.

З-за моцнага ветру з дажджом і сьнегам традыцыйнай талакі гэтым разам не атрымалася. Але ў прызначаны час людзі ўсё ж прыходзілі, каб прыбраць самае неабходнае. Сярод іншых – Тацяна Лук’янава:

“Я не партыйны чалавек, але сюды прыходжу, бо мне не абыякава што адбываецца ў Курапатах. І, вядома, неабходна памятаць пра тую трагедыю, якая адбылася з нашым беларускім народам”.

“Сёньня тут ізноў паваленыя крыжы. Што вы пра гэта думаеце?”

“Гэта вельмі сумная зьява. Я думаю, што гэта робяць людзі, якія не шануюць гэтае месца”.

Жалобны мітынг 26 красавіка КХП БНФ правядзе ў Курапатах

Як паведаміў Уладзімер Юхо, зламаныя і пахіленыя крыжы сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ адновяць бліжэйшымі днямі. Так было пасьля кожнага акту вандалізму ў Курапатах. Але гэтым разам яшчэ і прысьпешваюць падзеі 26 красавіка, кажа ён.

“Мы сёньня думаем пра тое, што адбудзецца шэсьце да ўгодкаў чарнобыльскай трагедыі. Нашай партыі адмовілі ў шэсьці – як заўсёды – адпраўляюць на Бангалор. Туды мы ніколі не хадзілі і ніколі ня пойдзем. І мы думаем, што правядзём жалобны мітынг у Курапатах. Я ведаю, што ў гэты дзень людзі прыходзілі сюды і раней, каб памянуць сваіх блізкіх, якія памерлі пасьля чарнобыльскай трагедыі. І трэба будзе быць разам зь імі”.

Пашкоджаньні памятных знакаў і крыжоў у Курапатах невядомыя зламысьнікі зьдзяйсьнялі дзясяткі разоў. Толькі ў дачыненьні да так званай “Лавы Клінтана”, ад часу яе ўсталяваньня ў 1994 годзе, акты вандалізму адбываліся адзінаццаць разоў. З гэтай нагоды амбасада ЗША ў Беларусі выступіла з адмысловай заявай. Аднак супрацоўнікі міліцыі дагэтуль ня выявілілі ніводнага злачынцу.


Вандалізм, Курапаты, 21 красавіка 2007
Уладзімер Юхо каля зламанага крыжа

Вандалізм, Курапаты, 21 красавіка 2007
Зламаны крыж

Вандалізм, Курапаты, 21 красавіка 2007, КХП БНФ
Сябры КХП БНФ падымаюць зламаны крыж

Вандалізм, Курапаты, 21 красавіка 2007
Пахілены крыж

Вандалізм, Курапаты, 21 красавіка 2007, КХП БНФ
Сябры КХП БНФ каля пахіленага крыжа

Вандалізм, Курапаты, 21 красавіка 2007, Тацяна Лук’янава
Тацяна Лук’янава прыбірае каля курапацкіх крыжоў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG