Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў


Ганна Соўсь, Курапаты Cёньня ў Курапатах ушановаўвалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. У жалобных урачыстасьцях узялі ўдзел каля пяцідзесяці чалавек. Гэта ўжо другая акцыя ў рамках абвешчанага грамадзкасьцю Году памяці.



Пад сьпевы гімну “Магутны Божа” ў Курапатах запалілі сьвечкі ля курапацкіх мэмарыяльных знакаў і крыжоў. Сёньня была нанава ўсталяваная і дошка з закладнога каменя на курапацкім пагорку, на якой было заяўлена пра намер беларускага ўраду паставіць ва ўрочышчы помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў.



Гэта было ў 1989 годзе, а ў 2004 годзе гэты знак быў зьняты з каменя невядомымі. Восеньню 2005 яго аднавілі, але праз тыдзень шыльда ізноў зьнікла. Гаворыць гісторык Ігар Кузьняцоў.



“Сёньня мы чарговым разам аднавілі шыльду з тэкстам пастановы Савету міністраў не таму, што ёсьць надзея, што да 29 кастрычніка тут зьявіцца помнік. Гэта быў апошні напамін сваёй жа дзяржаве пра тое, што яна абяцала і за 17 гадоў не зрабіла”.

Сярод тых, хто прыйшоў сёньня ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, было шмат моладзі, у тым ліку і адзін зь лідэраў незарэгістраванага “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук:

“Гэта месца смутку і плачу беларускага народу і месца абуджэньня нашай нацыянальнай сьвядомасьці. Для нас усіх “маладафронтаўцаў” - гэта месца пачатку раніцы нашага народу. Пасьля доўгай-доўгай савецкай ночы нарэшце прыйшла нашая раніца, нашае абуджэньне”.

Сырод тых, хто прыйшоў сёньня ў Курапаты, было шмат людзей у цывільным, якія здымалі ўсіх прысутных на відэакамэру і нэрвова рэагавалі, калі спрабавалі сфатаграфаваць іх.



Гэта пракамэнтаваў сябра грамадзкага аргкамітэту ў справе ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Вячаслаў Сіўчык:

“Ёсьць дзьве групы. Большая частка прыйшла ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. А другая група – гэта супрацоўнікі КДБ, якія невядома што тут робяць і стаяць літаральна за Вашай сьпінай за 20 мэтраў. Тое, што яны тут стаяць, я лічу гэта амаральным, таму што вядома - якая структура зьнішчала нашых людзей у 1920-40 гады. І замест таго, каб пакаяцца, гэтыя людзі робяць выгляд, што яны нешта робяць”.

Мэмарыяльны знак “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці” (лава Клінтана) дагэтуль стаіць напалову расколаты. Акт вандалізму адбыўся месяц таму.



Як засьведчыў гісторык Ігар Кузьняцоў, прыйшоўшы сёньня раней у Курапаты, ён пабачыў, што на сьнезе на лаве напісаны знак РНЕ, аднак пазьней людзі счысьцілі сьнег са знаку. Ігар Кузьняцоў кажа таксама пра спробу невядомых выбіць свастыку на габрэйскім мэмарыяльным знаку.

Адзін зь сяброў аргкамітэту ў справе ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў Уладзімер Колас кажа пра тое, што ўсё больш людзей далучаюцца да акцыяў у рамках абвешчанага грамадзкасьцю Году памяці:

“Вельмі важна, што сюды прыйшлі людзі, што яны яшчэ раз ушанавалі памяць тых бязьвінных ахвяраў, якія загінулі тут, і тых ахвяраў, якія загінулі ў іншых месцах. І, безумоўна, мы будзем працягваць гэта”.

Наступная жалобная акцыя ў рамках Году памяці адбудзецца ў Курапатах 29 сакавіка а 17 гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG