Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла найстарэйшая жыхарка Беларусі Ганна Барысевіч


Іна Студзінская, Менск Cёлета 5 траўня Ганьне Адамаўне Барысевіч споўнілася б 119 гадоў. Даўгавечніца памерла ў пятніцу 23 лютага. Па ёй засталіся трое дзяцей, трынаццаць унукаў, чатыры праўнукі й чатыры прапраўнукі. Толькі з-за бюракратычнай цяганіны яе не пасьпелі занесьці ў Кнігу рэкордаў Гінэсу як найстарэйшую жыхарку плянэты. У архівах Радыё Свабода захаваўся голас Ганны Барысевіч.

Ганна Адамаўна нарадзілася ў 1888 годзе пад Ігуменам — цяпер Чэрвень. Усё жыцьцё працавала на зямлі. У апошнія гады жыла са старэйшай дачкой Нінай у Менску, у прыватным сэктары. Летась яшчэ выходзіла ў кветнік і працавала. Ганна Адамаўна заўсёды казала: доўга затрымліваюцца на гэтым сьвеце менавіта працавітыя людзі.

“Усё жыцьцё працавала. І дровы секла, і ў лес езьдзіла, усё сама. Ваенныя ваявалі на вайне са зброяй, а я з рыдлёўкай ваявала. Капалі зямлю, аралі ды сеялі, таму што коней не было, забралі немцы. Дык усё рукамі рабілі, самі запрагаліся і ў плуг, і ў лапату”, — апавядала некалі нашаму радыё Ганна Адамаўна.

Гадоў дзесяць таму спадарыня Барысевіч амаль страціла зрок. І ў 117 гадоў наважылася на складаную апэрацыю на вока, якая прайшла пасьпяхова. Тады мэдыкі рабілі поўнае абсьледаваньне Ганны Адамаўны і вызначылі яе біялягічны век — усе жыцьцёвыя паказьнікі ў 117 былі прыкладна як у 75-гадовага чалавека. Ганна Адамаўна ніколі ня скардзілася на жыцьцё:

“Жыць добра было. У маім жыцьці шмат добрага было. Самае вясёлае, калі чалавек малады: і на вечарынку пойдзеш, пагуляеш, хоць і апрануць не было чаго, адна сукенка ў мяне была. Але я танцавала вельмі лёгка, дык мяне адусюль выцягнуць: ідзі танцуй. Весела было...”

Што да сакрэтаў доўгіх гадоў, Ганна Адамаўна давала такія парады:

“Я ніколі не курыла. Што да гарэлкі, гэта калі бяседа якая, а так не пілі. Я ніколі ў жыцьці п’янай не была. Ня трэба нэрвавацца, дык пражывеш доўга, а калі будзеш нэрвавацца, злавацца — то хутка парыесься”.

Да апошніх дзён Ганна Барысевіч захавала ясны розум і добрую памяць. А яшчэ бабуля добра сьпявала і памятала ўсе словы доўгіх балядаў.

Фрагмэнт песьні ў выкананьні Г.Барысевіч. Слухаць:
XS
SM
MD
LG