Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даручыў выпрацаваць крытэры да кандыдатаў у Палату. Галоўны — стаўленьне да незалежнасьці


24 траўня кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па падрыхтоўцы і правядзеньні парлямэнцкіх выбараў даручыў выпрацаваць крытэры, якім павінны адпавядаць кандыдаты. Чакаецца, што іх будзе каля дзясятка.

«Ніхто ня стане аспрэчваць, што адным з крытэраў будучага кандыдата ў парлямэнт павінна зьявіцца пытаньне незалежнасьці нашай дзяржавы», — цытуе прэзыдэнцкая прэс-служба кіраўніка краіны.

Яшчэ адным з крытэраў стане імкненьне павышаць дабрабыт людзей без правядзеньня незразумелых радыкальных шокавых рэформаў на шкоду насельніцтву, дадаў Лукашэнка.

«Трэба на такіх кандыдатаў рабіць стаўку. Калі ім будзе патрэбна падтрымка — значыць, трэба іх падтрымаць. Усё роўна, да якіх палітычных плыняў яны будуць належаць. Галоўнае, каб гэта былі сумленныя і прыстойныя людзі», — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік краіны запатрабаваў, каб парлямэнцкая кампанія прайшла арганізавана і спакойна. Адносна асьвятленьня выбарчай кампаніі Лукашэнка сказаў, што «сакрэтаў ніякіх ні ад кога быць не павінна». Ён лічыць неабходным, каб у СМІ гучала больш інфармацыі пра тое, што зроблена ў Беларусі ў справе выкананьня міжнародных рэкамэндацыяў, укараненьня прынятых у сьвеце дэмакратычных стандартаў.

Паводле Лукашэнкі, «заканадаўства Беларусі адпавядае міжнародным прынцыпам, улічвае правілы, традыцыі правядзеньня выбараў, якія склаліся ў краіне».

«Мы ўспрымаем гэта як належнае і, адпаведна, памоўчвалі часам. Аднак сьціпласьці тут быць не павінна. Пра гэта трэба гаварыць», — сказаў Лукашэнка.

Дата выбараў павінна быць абвешчана не пазьней за 10 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG