Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вэнэцыянскай камісіі і БДІПЧ шмат прэтэнзіяў да выбарчага працэсу ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Горадні, на адным з выбарчых участкаў. 11 кастрычніка 2015 году

Ілюстрацыйнае фота. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Горадні, на адным з выбарчых участкаў. 11 кастрычніка 2015 году

Пра гэта заявіў сёньня, выступаючы на міжнародным круглым стале «Электаральныя стандарты і ўдасканаленьне выбарчага працэсу ў Беларусі», прадстаўнік Вэнэцыянскай камісіі Айварс Эндзінс.

У прыватнасьці, ён сказаў, што існуе супольны дакумэнт Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ і Вэнэцыянскай камісіі, паводле якога выбарчае заканадаўства і правапрымяняльная практыка ў Беларусі не адпавядаюць дэмакратычным стандартам.

Айварс Эндзінс

Айварс Эндзінс

​Ён адзначыў, што прадстаўнікі БДІПЧ і Вэнэцыянскай камісіі рэзка крытыкуюць практыку датэрміновага галасаваньня. Прадстаўнік Вэнэцыянскай камісіі патлумачыў, што крытыкуецца ня сам факт існаваньня датэрміновага галасаваньня, а тое, што няма фактычна ніякіх крытэраў для таго, каб вызначыць, хто мае права галасаваць датэрмінова. Ці гэта павінна быць хвароба, ці нейкая іншая аб’ектыўная прычына немагчымасьці галасаваць у вызначаны дзень. Такіх крытэраў няма, і гэта дазваляе ўдзельнічаць у датэрміновым галасаваньні надзвычай вялікай колькасьці людзей, а пракантраляваць гэты працэс і яго аб’ектыўнасьць немагчыма.

Акрамя таго, БДІПЧ і Вэнэцыянская камісія лічаць няправільным прынцып фармаваньня Цэнтральнай выбарчай камісіі, калі палову яе, 6 з 12 чальцоў, уключаючы старшыню, прызначае прэзыдэнт, а кандыдатуры намесьніка старшыні і сакратара зь ім узгадняюцца.

На думку БДІПЧ і Вэнэцыянскай камісіі, істотная хіба выбарчага працэсу ў Беларусі — тая, што тут няма пастаяннага сьпісу выбарцаў, які павінен існаваць, быць адкрытым і абнаўляцца ня менш як раз на год. Няправільным лічаць і тое, што часам рэгістрацыя выбарцаў праводзіцца ў дзень галасаваньня.

«Такіх хібаў вельмі шмат, і самая галоўная зь іх — тое, што выбарчы працэс цалкам кантралюецца выканаўчай уладай, а кандыдаты ад апазыцыі ня маюць магчымасьці выкласьці свае погляды ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі», — сказаў спадар Эндзінс.

Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў перапынку круглага стала «Электаральныя стандарты і ўдасканаленьне выбарчага працэсу ў Беларусі» паведаміла, што міжнародныя назіральнікі БДІПЧ АБСЭ перадалі ў ЦВК 30 паправак, якія яны прапануюць унесьці ў заканадаўства. 22 зь іх трэба прымаць або Парлямэнтам, альбо празь зьмяненьне Канстытуцыі. Паколькі зрабіць гэта да пачатку выбараў немагчыма, ЦВК вырашыла ўнесьці зьмены ў правапрымяняльную практыку.

Для гэтага будуць выдадзеныя пэўныя інструкцыі і праведзенае навучаньне ўсіх чальцоў выбарчых камісіяў усіх узроўняў.

«Калі сябры камісіі добра вывучаць гэтыя дакумэнты, то ў іх ня будзе памылак», — сказала Лідзія Ярмошына.

На пытаньне журналістаў, ці магчыма адначасова з выбарамі правесьці рэфэрэндум па выбарчым заканадаўстве, якое патрабуе зьмяненьня Канстытуцыі, Лідзія Ярмошына адказала: «Такой ініцыятывы няма: мне нічога пра гэта невядома».

XS
SM
MD
LG