Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крупках перадумалі судзіць індывідуальных прадпрымальнікаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нечакана скасаваныя суды супраць 26 ІП, якія не пусьцілі ў свае крамы кантралёраў выкананьня ўказу № 222.

У райцэнтры Крупкі іх ужо называлі «26 бакінскіх камісараў». Гаворка пра гандляроў мясцовага рынку, на якіх 4 красавіка міліцыянты склалі пратаколы. Прычына — гандляры не дазволілі кантралёрам спраўдзіць, ці гандлююць яны без сэртыфікатаў.

На 11 траўня ў Крупскі раённы суд выклікалі 26 прадпрымальнікаў, але напярэдадні з суду ўсім паведамілі, што разгляду спраў ня будзе. Мясцовы прадпрымальнік Аляксандар Бандарэнка, якому таксама належала ісьці ў суд, яшчэ ня ведае дакладна, ці ягоную справу зусім здалі ў архіў, ці перарабляюць. У любым выпадку Аляксандар Бандарэнка лічыць тое, што адбылося, «маленькай перамогай» і зьвязвае адступленьне ўлады з падтрымкай, якую ім аказалі аб’яднаньне прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» і журналісты недзяржаўных мэдыяў.

На мясцовае кіраўніцтва, відаць, націснулі „зьверху“, бо ведаю, што нават у мясцовы КДБ прыяжджалі з праверкай з вобласьці. У выніку розгалас атрымаўся значны, і суды адклалі. Спадзяюся, назаўсёды.

«Напярэдадні травеньскіх сьвятаў, калі не памыляюся, 5 траўня, у Крупкі прыяжджаў кіраўнік „Пэрспэктывы“ Анатоль Шумчанка. Размаўляў з прадпрымальнікамі, сустракаўся з кіраўнікамі раёну. Мяркую, гэта падзейнічала. Яшчэ былі карэспандэнты „Белсату“, у недзяржаўных мэдыях прайшла інфармацыя, што будуць над намі суды. Але на мясцовае кіраўніцтва, відаць, націснулі „зьверху“, бо ведаю, што нават у мясцовы КДБ прыяжджалі з праверкай з вобласьці. У выніку розгалас атрымаўся значны, і суды адклалі. Спадзяюся, назаўсёды», — кажа Аляксандар Бандарэнка.

Выпадак у Крупках адбыўся 4 красавіка. Як казалі ў кантралюючых органах, там атрымалі зьвесткі, што на рынку працягваецца гандаль без сэртыфікатаў. Калі кантралёры прыйшлі з праверкай на рынак, некаторыя з гандляроў зачынілі свае гандлёвыя месцы. Тады на рынак выклікалі міліцыю, і на тых, хто адмаўляўся адчыніць шапікі, склалі пратаколы.

«Рынак адкрыты, гандляры працуюць. Самая вялікая праблема — гэта адсутнасьць у людзей грошай, вельмі нізкая пакупніцкая здольнасьць жыхароў Крупак. Амаль нічога не купляюць. Пацяплела, дык крыху сталі купляць летні абутак, але самы танны. І гэта зразумела. Што вы хочаце? У нас па раёне заробак 2 мільёны рублёў лічыцца добрым, а 3 мільёны — гэта ўжо багацеі гэтак зарабляюць. Але працаваць амаль няма дзе. У Крупках калісьці былі завод садавіна-гароднінны, каўбасны, хлебны — цяпер нічога няма. Нават хлеб нам прывозяць з Жодзіна ды Барысава. У Халопенічах быў завод, гэта побач, — таксама не працуе. Вось куды людзям падзецца? Таму, мяркую, напалохала ўладу, што прадпрымальнікаў будуць масава судзіць — а раптам яны пачнуць больш рашуча змагацца за свае правы? Вось і спыніліся», — кажа мясцовы гандляр Аляксандар Бандарэнка.

На пачатку году па Беларусі прайшла хваля страйкаў: індывідуальныя прадпрымальнікі пратэставалі супроць 222 указу Аляксандра Лукашэнкі. Гэты ўказ забараняе гандляваць увезенымі ў краіну таварамі без сэртыфікатаў. У сакавіку аб’яднаньне «Пэрспэктыва» пачало перамовы зь Міністэрствам эканомікі пра вырашэньне канфліктнай сытуацыі і карэкціроўку ўмоў пераходу на гандаль з сэртыфікатамі.

Пра тое, чаго дамагаюцца прадпрымальнікі і як ідуць перамовы зь Мінэканомікі, у інтэрвію Свабодзе распавёў лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка:

Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

«Цяпер перамовы фактычна спыніліся, бо ніяк не зьбярэцца працоўная група. Раз на тыдзень туды тэлефаную, а яны ўсё адкладаюць паседжаньне. Апошнім разам паседжаньне было прызначана на 4 траўня, але не адбылося. Але мы не адступімся і сыстэматычнай працай будзем іх даціскаць.

Мы працягваем настойваць на выкананьні прапаноў, якія былі агучаныя яшчэ зімой. Першае — гэта кардынальнае зьмяншэньне штрафных санкцыяў за адсутнасьць сэртыфікатаў. Другое — гэта амністыя для ІП паводле накладных дакумэнтаў на тавар. Трэцяе — спрошчаны дакумэнтазварот для малых партыяў тавараў. І пункт 4 — дазволіць не карыстацца тэрміналамі тым гандлярам, у якіх таваразварот меншы за 300 базавых велічынь. Пакуль на гэтыя прапановы адказу мы не атрымалі. Тут два меркаваньні: або няма чаго адказаць, або профільныя ўстановы яшчэ абмяркоўваюць, прапрацоўваюць пытаньні».

Ці ўзьнікаюць праблемы з сэртыфікатамі, накшталт той, што ў Крупках, на іншых рынках краіны?

Паводле Анатоля Шумчанкі, у красавіку пра аналягічныя праблемы казалі прадпрымальнікі ў Мазыры, там таксама спатрэбілася ўмяшаньне «Пэрспэктывы», але цяпер гандаль аднавіўся, сытуацыя вырашана. Але пэрыядычна ў тым ці іншым месцы ўзьнікаюць «пункты напружанасьці», кажа Анатоль Шумчанка.

«Цяпер ёсьць выпадак у Шклове, але пакуль рабіць высновы пра яго рана. Там правяраюць расейскую накладную, і мы апасаемся, што можа паўтарыцца „справа Паляковай“, у якой за недакладную накладную сканфіскавалі тавар. Сёньня будуць вядомыя вынікі гэтай праверкі», — сказаў лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG