Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскай школе прысвояць імя грамадзянкі ЗША


Ушанаваньне памяці Рут Уолер Вайсковых могілках у Менску, архіўнае фота 2013 году
Ушанаваньне памяці Рут Уолер Вайсковых могілках у Менску, архіўнае фота 2013 году

Ад 25 красавіка 2016 году менская школа № 130 будзе насіць імя грамадзянкі Злучаных Штатаў Амэрыкі Рут Уолер.

Пра гэта сёньня паведаміў на брыфінгу для журналістаў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Рут Уолер была супрацоўніцай місіі Адміністрацыі Аб’яднаных Нацыяў дзеля дапамогі і адбудовы (UNRRA), якая працавала ў Беларусі ў 1946–1947 гадах. У жніўні 1946 году 24-гадовая амэрыканка ўратавала трох беларускіх хлопчыкаў, якія танулі ў возеры. Неўзабаве захварэла на запаленьне лёгкіх і мэнінгіт. Нягледзячы на намаганьні лекараў, выратаваць Рут Уолер не ўдалося. Яе пахавалі на Вайсковых могілках у Менску.

Штогод амбасада ЗША ў Беларусі ўскладае кветкі да яе магілы. У цырымоніі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі.

UNRRA, у якую ўваходзілі 45 краін сьвету, стала своеасаблівай папярэдніцай ААН. Дзейнасьць UNRRA была скіраваная на дапамогу краінам, якія найбольш пацярпелі ў Другую ўсясьветную вайну. Значны ўнёсак у дзейнасьць арганізацыі зрабілі ЗША. У Беларусі ў складзе місіі UNRRA працавалі пятнаццаць чалавек, у фінансавым вымярэньні дапамога ЗША па гэтай лініі склала 60 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG