Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ў Беларусі адбудзецца Майдан, то я залью крывёю ўсю зямлю», — беларускі баявік ДНР


Віталь Ляшчук і Аляксей Фокаў
Віталь Ляшчук і Аляксей Фокаў

Свабода пагутарыла з двума беларускімі байцамі арміі так званай «ДНР» — Віталём Лешчуком і Аляксеем Фокавым.

У студзені Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «некаторыя так званыя сьмелыя людзі, баевікі, якія ваявалі ў Данбасе, пазіруюць ужо ў Менску са зброяй». «Стаўленьне Беларусі да такіх ваякаў, якія ваявалі ва Ўкраіне з таго ці іншага боку, вядомае. Разьбірайцеся імгненна разам зь міліцыяй і КДБ. Ніякіх пазёраў, ніякіх баевікоў у краіне быць не павінна», — сказаў ён.

Хто пазіраваў са зброяй у Менску і ці былі гэтыя людзі затрыманыя праваахоўнымі органамі, дагэтуль невядома. Але ў сацыяльных сетках няцяжка знайсьці беларусаў, якія пазіруюць на Данбасе са зброяй і з сымболікай ДНР-ЛНР, прызнаных ва Ўкраіне тэрарыстычнымі арганізацыямі, або так званай «Новороссии».

У верасьні 2015 году Свабода надрукавала інтэрвію 21-гадовага беларускага байца «ДНР» Аляксея Маркулевіча зь Берасьцейскай вобласьці. Цяпер нам удалося зьвязацца яшчэ з двума беларусамі, які ваююць у розных падразьдзяленьнях так званай ДНР.

Віталь Ляшчук: я ганаруся тым, што ваюю на баку «Новороссии»

Віталь Ляшчук
Віталь Ляшчук

На момант размовы са Свабодай 26-гадовы мянчук Віталь Ляшчук знаходзіўся ў акупаваным прарасейскімі баевікамі Новаазоўску. Да вайны ён пасьпеў паслужыць ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь, дзе атрымаў кваліфікацыю спэцыяліста па рамонце і эксплюатацыі бранятанкавага ўзбраеньня і тэхнікі. Пасьля арміі працаваў у гандлёвым цэнтры, а таксама інструктарам па экстрэмальных відах спорту і адпачынку ў загарадным клюбе.

На Данбас Ляшчук паехаў у 2014 годзе. Паводле ягоных слоў, трапіць у падразьдзяленьні сэпаратыстаў зусім проста: трэба ўзяць квіткі і праз Расею даехаць да так званых ДНР-ЛНР.

«Ніякіх праблемаў зь перасячэньнем мяжы няма, пры ўмове, што з сабой нічога забароненага не перавозіць і г.д. Паступленьне на службу таксама, у прынцыпе, вельмі простае — прыяжджаеш у ваенкамат, запісваюць усе дадзеныя, потым уся інфармацыя правяраецца — правяраюць на прадмет вышуку, судзімасьцяў і г.д. Празь некаторы час тэлефануюць і просяць прыбыць», — кажа ён.

На думку Лешчука, на Данбасе з абодвух бакоў ваююць прыкладна ў чатыры разы больш беларусаў, чым пра гэта кажуць беларускія ўлады (паводле інфармацыі праваахоўнікаў — усяго каля 140 чалавек).

Ляшчук упэўнены, што ў тых беларусаў, хто ваюе на Данбасе, адназначна будуць праблемы на радзіме, бо іх паспрабуюць падвесьці пад крымінальны артыкул «наёмніцтва». Праўда, пакуль пра ніводзін выпадак «афіцыйнага заключэньня пад варту» беларускіх байцоў ДНР-ЛНР ён ня чуў.

«Ведаю, што па маю душу прыходзілі да сваякоў і цікавіліся, дзе я і што раблю», — кажа ён.

З таго часу, калі ён зьехаў на Данбас, Ляшчук ніводнага разу не зьяўляўся на тэрыторыі Беларусі, хоць вяртацца плянуе — калі не назаўсёды, то на пэўны час дакладна. Свайго ўдзелу ў вайне Ляшчук зусім не хавае — ня бачыць у гэтым ніякага сэнсу:

Ганаруся тым, што на баку „Новороссии“, бо я ваюю за праўду. Па вялікім рахунку, мы робім сёньня тую працу, якую нашы дзяды і прадзеды не змаглі дарабіць у 1945-м.

«Ды я і ганаруся тым, што на баку „Новороссии“, бо я ваюю за праўду. Па вялікім рахунку, мы робім сёньня тую працу, якую нашы дзяды і прадзеды не змаглі дарабіць у 1945-м. А прыеду — там будзе відаць, што ды як. Хавацца я ні ад кога не зьбіраюся», — падкрэсьліў ён.

Наёмнікам Ляшчук сябе ня лічыць, бо, як ён сьцьвярджае, «мы не атрымліваем грошы за тое, што ваюем — тым больш такіх казачных сумаў, якія агучваюць украінскія СМІ». Падразьдзяленьні ДНР-ЛНР ён называе не «бандфармаваньнямі», а «добраахвотніцкай арміяй». А вось на баку Ўкраіны, лічыць, якраз ваююць наёмнікі, і ён упэўнены, што «Правы сэктар» наўпрост «спансуецца Захадам». Пацьвярджэньнем гэтага, у прыватнасьці, Ляшчук лічыць сьцягі іншых краінаў, якія час ад часу зьяўляюцца на лініі фронту з украінскага боку.

«Я нават бачыў беларускі сьцяг, але ён правісеў дня два толькі, потым яго зьнялі», — дадае ён.

У падразьдзяленьнях ДНР Ляшчук пачынаў службу шараговым мэханікам-вадзіцелем БМП, але даслужыўся да пасады камандзіра роты. Ён падкрэсьлівае, што паехаў ваяваць за ідэю.

Я народжаны ў вялікай Краіне Саветаў, у якой і падумаць ніхто ня мог, што ўкраінец будзе патрабаваць забараніць расейскую мову, таму што яму сказалі з Захаду.

«Супраць нэанацызму, які квітнее цяпер ва Ўкраіне, супраць гей-парадаў, якія так уласьцівыя Захаду. І супраць таго, каб брат забіваў брата. Я народжаны ў вялікай Краіне Саветаў, у якой і падумаць ніхто ня мог, што ўкраінец будзе патрабаваць забараніць расейскую мову, таму што яму сказалі з Захаду, і г.д. Я ўжо не кажу пра тое, што рабуюць і забіваюць мірных жыхароў, дзяцей і г.д.», — кажа ён.

Ляшчук упэўнены, што Беларусь павінна так ці інакш падтрымліваць сэпаратысцкія ўтварэньні на ўсходзе Ўкраіны.

На пытаньне, што ён будзе рабіць, калі да ўлады ў Беларусі прыйдуць людзі, якія абяруць эўрапейскі шлях разьвіцьця краіны, баец ДНР ня даў адназначнага адказу.

«Пакуль ля стырна ў Беларусі таварыш Лукашэнка, якога я, дарэчы, вельмі цаню і паважаю, то ён такога не дапусьціць, а там паглядзім. Любая ўлада павінна быць афіцыйна абраная народам, і ніяк інакш», — упэўнены ён.

Наагул канфлікт на Данбасе Ляшчук лічыць «вайной Захаду і Ўкраіны супраць жыхароў Данбасу, са спробамі „замачыць“ аўтарытэт Расеі».

Наяўнасьць расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі на Данбасе Ляшчук пры гэтым адмаўляе.

Аляксей Фокаў: Мяне пачынаюць называць забойцам і людаедам

Аляксей Фокаў
Аляксей Фокаў

34-гадовы Аляксей Фокаў, родам з Гародні, ваюе на Данбасе з 2014 году. Паводле ягоных слоў, да вайны ён працаваў у сфэры будаўніцтва. У 2001–2002 гадах служыў ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь у воінскай часьці ў Мар’інай Горцы (5-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня). Цікава, што, паводле інфармацыі СМІ, у гэтай часьці служылі яшчэ як мінімум чатыры беларусы, якія ў 2014–2015 гадах паехалі ваяваць за ДНР.

На старонцы баевіка «Ўкантакце» можна знайсьці шматлікія карцінкі з сымболікай расейскай ультранацыяналістычнай арганізацыі РНЕ («Русское национальное единство»), а сама старонка падпісаная на шэраг суполак прыхільнікаў РНЕ ў сацсетцы. У тым ліку на суполку «РНЕ (Рэспубліка Беларусь)», дзе публікаваліся заклікі да беларусаў запісвацца ў добраахвотнікі і ехаць ваяваць за «Новороссию». На старонцы Фокава «Ўкантакце» стаіць даволі красамоўны статус: «Ідзе вайна рускіх супраць захаду... прымі ўдзел у гэтай вайне, каб вайна не прыйшла заўтра ў твой дом».

У размове са Свабодай сам Фокаў прызнаў, што ён актывіст РНЕ. Але ад прамога адказу на пытаньне, ці дзейнічае ў Беларусі сталая ячэйка РНЕ, баявік ухіліўся. «РНЕ паўсюль, дзе ёсьць рускія», — дадаў ён.

Гэтаксама ён ухіліўся ад прамога адказу на пытаньне пра ўдзел расейскай арміі ў канфлікце на Данбасе: «Русь — яна ўсюды, дзе рускія. І калі забіваюць рускіх, то і войска рускае там».

Цяпер Лукашэнка ідзе супраць „русского мира“, а раней за яго.

На Данбас Фокаў зьехаў у 2014 годзе, таму што «імкнуўся абараніць увесь рускі народ». З тых часоў ён ніводнага разу ў Беларусь не прыяжджаў.

«Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, я не магу прыехаць дадому. Таму што ён дзейнічае на два франты. І тым, і гэтым. Цяпер Лукашэнка ідзе супраць „русского мира“, а раней за яго. Мне сьвеціць пажыцьцёвае зьняволеньне, калі я прыеду», — дадаў ён, але адмовіўся тлумачыць, чаму менавіта «пажыцьцёвае» (максымальнае пакараньне паводле артыкула «наёмніцтва» — 7 гадоў пазбаўленьня волі).

Аляксей Фокаў
Аляксей Фокаў

Фокаў — прыхільнік канцэпцыі «трыадзінага рускага народа», які быў нібыта штучна разьяднаны пры савецкай уладзе. Прычым ён упэўнены, што большасьць жыхароў Рэспублікі Беларусь — гэта «велікаросы», а беларусаў «толькі чвэрць».

З пункту гледжаньня Фокава, вайна на Данбасе — гэта вайна рускіх з Захадам.

«Ідзе вайна рускіх супраць „эўраўкропаў“ і „піндосаў“. Пасьля перамогі будзе „править правь“. Гэта бачна ў ведычным праваслаўі», — кажа ён.

Ён дадае, што на Данбасе сярод баевікоў адчуваецца пэўнае расчараваньне ў сваіх лідэрах: «Разумееш, што многія прыйшлі да ўлады з тых, хто хоча зарабіць на вайне».

Адказваючы на пытаньне, што ён будзе рабіць, калі да ўлады ў Беларусі прыйдуць людзі, якія павядуць краіну ў Эўропу, Фокаў заявіў:

Калі ў Белай Русі захоча большасьць народа прыйсьці да Эўропы, то я нічога не зраблю. А калі як Майдан, то я залью крывёю ўсю зямлю і нішто мяне ня спыніць.

«Калі ў Белай Русі (менавіта так баявік заўсёды называе Беларусь. — РС) захоча большасьць народа прыйсьці да Эўропы, то я нічога не зраблю. А калі як Майдан, то я залью крывёю ўсю зямлю і нішто мяне ня спыніць. Мяне ўжо тут пачынаюць называць забойцам і людаедам, пажыральнікам людзей. Я шмат наганяў жаху на „ўкропаў“. Усё ж такі я салдат. А ўсе астатнія быццам не разумеюць, што такое сьмерць. Я гатовы прыняць сьмерць і яе несьці, і заліць зямлю крывёю сваіх ворагаў».

Лічбы праваахоўнікаў

Паводле дадзеных беларускіх праваахоўных органаў, у вайне на Данбасе прымала ўдзел каля 140 грамадзян Беларусі з абодвух бакоў, 8 зь іх загінулі. МУС заяўляе пра наяўнасьць матэрыялаў у дачыненьні да 24 грамадзян Беларусі, якія ваявалі ў Данбасе. Гэтыя матэрыялы цяпер вывучаюцца Генпракуратурай і СК.

Але пра ніводную крымінальную справу паводле артыкула «наёмніцтва» пакуль невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG