Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць чыноўнікаў — зь песьнямі


Віцебскія актывісты зрабілі «музычны кліп», прысьвечаны іхнаму двухгадоваму змаганьню за будаўніцтва паліклінікі ў шматтысячным мікрараёне Білева.

Відэаролік, разьмешчаны на youtube.com, мае сатырычны зьмест. За кадрам гучыць вядомая народная песьня «Ад панядзелка да панядзелка» — пра тое, як «басота п’е», а час мінае. А глядач тым часам бычыць відэакліп з фотаздымкаў, зробленых падчас акцый кампаніі «За якасную мэдыцыну ў Віцебску», у тым ліку прысьвечаных змаганьню віцяблян за будаўніцтва паліклінікі ў Білеве.

На адным з фотаздымкаў — віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец. Яна і распавяла, як нарадзілася ідэя «зь песьнямі» змагацца супраць абыякавасьці чыноўнікаў:

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

«12 студзеня мы хадзілі на прыём у віцебскі гарсавет. Прыйшлі з пытаньнем, куды зьніклі грошы, што прызначаліся на паліклінічны комплекс у мікрараёне Білева, які жыхарам Віцебску абяцаюць зь 2010 году? Падчас сустрэчы стала вядома, што і ў праграму на 2016 год паліклініка для мікрараёна з больш як 20-тысячным насельніцтвам ня трапіла... Паўстала пытаньне: дзе ж грошы? Бо ўжо быў анансаваны праект, людзі чакаюць... На гэтае і іншыя пытаньні абяцаў адказаць старшыня Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў Уладзімір Бялевіч у прысутнасьці галоўнага ўрача гораду Станіслава Цітовіча, галоўнага архітэктара Андрэя Макеева і начальніка гарадзкога аддзелу адукацыі Ігара Кіруценкі. Адказ быў адзін: грошай няма. Ні на гэтую ўстанову, у адсутнасьць якой людзі едуць зь Білева ў іншыя паліклінікі, ствараючы вялізныя чэргі да адмыслоўцаў, ні на астатнія аб’екты. Мы, трое актывістаў, агучылі пажаданьне, каб на сайце гарсавету ці гарвыканкаму стварыць спэцыяльную старонку для справаздачы па скарыстаных народных грошах. Бо няма грошай дзяржаўных, а ёсьць грошы падаткаплацельшчыкаў, нашы грошы!

І так нам стала крыўдна і непамысна, што мы вырашылі „павіншаваць“ віцебскіх чыноўнікаў такой „антывалянцінкай“! Сабралі розных фотаздымкаў, знайшлі ў інтэрнэце музыку да песьні, перарабілі словы ды прасьпявалі! І выклалі ўсё ў інтэрнэт якраз 14 лютага, каб усе ўбачылі, як віцебскія чыноўнікі „любяць“ сваіх землякоў».

У відэакліпе гучаць прозьвішчы адказных чыноўнікаў, і канстатацыя іхнага стаўленьня да праблемы: «Нас ня чуюць, нас ня бачаць, мы ім — пыл і бруд. Дзе ж знайсьці нам абарону, каб ня быў капут?» Актывісты сьпяваюць і пра тое, што не зьбіраюцца здавацца: «Трэба ўзяцца ўсім нам разам добра правучыць \ тую ўладу, што ўсё забрала, усё, як мае быць».


Ініцыятыва «За якасную мэдыцыну ў Віцебску» ўжо другі год дамагаецца будаўніцтва абяцаных мэдычных установаў, сканчэньня доўгатэрміновых рамонтаў і рэканструкцый паліклінік і бальніц. За гэты час ініцыятыва пашырылася і за межы абласнога цэнтра — у іншыя населеныя пункты Віцебшчыны, дзе сытуацыя з мэдычным абслугоўваньнем часам яшчэ горшая, чымсьці ў Віцебску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG