Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мая мара — каб у інтэрнэце можна было знайсьці любую інфармацыю па-беларуску». Інтэрвію зь беларускімі вікіпэдыстамі


Штодня беларуская Вікіпэдыя папаўняецца на 30–50 новых артыкулаў. Хто гэтыя гіпэрактыўныя аўтары, якія пішуць дзясяткі тэкстаў штомесяц? Свабода пагаварыла са сталымі рэдактарамі сусьветнай энцыкляпэдыі.

Вольга Сітнік, рэдактарка «акадэмічнай» вэрсіі беларускай Вікіпэдыі: «Бывала, я праводзіла ў Вікіпэдыі цэлыя дні»

Вользе Сітнік 33 гады. За 7 год працы ў Вікіпэдыі яна напісала каля 3,5 тысячы артыкулаў. Пра онлайн-энцыкляпэдыю даведалася ў 2009 годзе. Спачатку працавала ў расейскамоўным разьдзеле, потым адначасова правіла яшчэ і ў беларускамоўным. Цяпер жа большасьць часу прысьвячае толькі беларускамоўнаму сэктару энцыкляпэдычнай часткі, а таксама мультымэдыйнаму ды тэкставаму сховішчам.

Як і большасьць вікірэдактараў, Вольга Сітнік прыйшла ў супольнасьць выпадкова
Як і большасьць вікірэдактараў, Вольга Сітнік прыйшла ў супольнасьць выпадкова

«Ва ўсім сьвеце людзі адыходзяць ад глябалізацыі й спрабуюць неяк вызначыцца этнічна і культуралягічна, — кажа Вольга пра важнасьць нацыянальнай Вікіпэдыі. — Беларусы маюць шматлікія помнікі як матэрыяльнага, так і нематэрыяльнага характару, якія сорамна трымаць у падпольлі. Яны вартыя пашаны ад усяго чалавецтва. Вікіпэдыя акурат над гэтым і працуе штодня».

Яна пачынала з дробных правак, але зь цягам часу прыйшла да буйных праектаў па стварэньні сотняў артыкулаў і адміністратарства. Агулам Вольга стварыла больш за 17 тысяч старонак.

«Прасьцей адказаць, чым я не займалася ў Вікіпэдыі. — кажа Вольга. — Асабліва прыемна, што абавязковасьці ніякай няма. Я магу займацца новай справай ледзь ня кожную хвіліну па сваім выбары. Таму й жорсткага пляну ніколі ня маю».

Вікідзейнасьць — гэта як псыхатэрапія

Вольга кажа, што не зьбіралася станавіцца ані рэдактарам, ані адміністратарам Вікіпэдыі: тое, што яна напісала некалькі тысяч артыкулаў для сусьветнай энцыкляпэдыі, выйшла выпадкова.

«Праца над Вікіпэдыяй, спадзяюся, робіць мяне больш цікавым чалавекам»
«Праца над Вікіпэдыяй, спадзяюся, робіць мяне больш цікавым чалавекам»

«Гэта было ня столькі асэнсаванае рашэньне, колькі зьбег акалічнасьцяў, калі я зрабіла нешта цікавае для сябе, а потым зрабіла гэта яшчэ некалькі соцень тысяч разоў».

Маючы тэхнічную адукацыю (яна скончыла БНТУ па спэцыяльнасьці робататэхніка), Вольга найбольш упадабала працаваць з артыкуламі на прыродазнаўчыя й культурныя тэмы. Натхняе на новыя артыкулы невялікая хатняя бібліятэка. Там жа яна бярэ асноўную інфармацыю, якую потым падмацоўвае матэрыяламі, знойдзенымі на гэтую самую тэму ў інтэрнэце ці іншых разьдзелах Вікіпэдыі.

«Маіх артыкулаў, якіх не было на іншых мовах, ня менш за некалькі соцень, а можа і болей, — кажа Вольга. — Магчыма, варта адзначыць сэрыю артыкулаў пра беларускія народныя танцы».

Калісьці Вольга праводзіла ў Вікіпэдыі цэлыя дні. Цяпер, калі яна мае старэйшую дачку й дваіх немаўлятак-двайнятак, вольнага часу ў яе ўжо ня так шмат. Але ўсё адно штомесяц рыхтуе каля 30 артыкулаў.

«Вікіпэдыя — гэта для мяне і хобі, і адпачынак, і карысная грамадзкая дзейнасьць, — кажа Вольга. — У нейкім сэнсе вікідзейнасьць для мяне — нешта сярэдняе паміж псыхатэрапіяй і трэнінгам асабістага росту. Я вучуся разьмяркоўваць свае сілы, весьці ўзважаныя размовы, ну і проста даведваюся пра нешта новае штодня. Гэта, спадзяюся, робіць мяне больш цікавым чалавекам».

Беларускія вікіпэдысты — гіпэрактыўныя інтравэрты

Штомесяц супольнасьць акадэмічнага беларускага разьдзелу піша каля тысячы артыкулаў. Пры гэтым актыўных рэдактараў — каля 50 чалавек. Як яны ўпраўляюцца з такімі аб’ёмамі інфармацыі?

«Нам сапраўды падабаецца пісаць артыкулы — вось і сакрэт», — кажа Вольга.

Вольга ўдзельнічала ў міжнароднай сустрэчы вікіпэдыстаў у Лёндане ў 2014 годзе
Вольга ўдзельнічала ў міжнароднай сустрэчы вікіпэдыстаў у Лёндане ў 2014 годзе

Праз сваю прагу да пісаньня беларускія вікіпэдысты рэдка бачацца ўжывую. Тым часам як рэдактары нацыянальных вікіпэдыяў суседніх краін актыўна сустракаюцца ды ладзяць тэматычныя імпрэзы, беларускія рэдактары звычайна задавальняюцца адно працай над кантэнтам.

«Мне падаецца, што беларуская Вікіпэдыя адзначаецца пэўнай падвышанай інтравэртнасьцю», — кажа Вольга.

Раман Патапчук, рэдактар клясычнай вэрсіі беларускай Вікіпэдыі: «Пішу артыкулы ў Вікіпэдыю замест допісаў у блог»

Як і большасьць рэдактараў Вікіпэдыі, 35-гадовы праграміст Раман пачынаў з таго, што выпраўляў памылкі ў артыкулах. А ў 2008 годзе зарэгістраваўся на сайце ўжо як рэдактар.

Раман рэдагуе ня толькі беларускія разьдзелы, але й польскі, украінскі, нямецкі ды арабскі
Раман рэдагуе ня толькі беларускія разьдзелы, але й польскі, украінскі, нямецкі ды арабскі

«Калі я прыйшоў, ужо існавалі два асобныя беларускія разьдзелы, і я адразу далучыўся да нашага (клясычнага. — РС), — кажа Раман. — Але раблю тэхнічныя праўкі ў розных разьдзелах: у беларускім „акадэмічным“, польскім, нямецкім, украінскім і нават арабскім».

Вікіпэдыя для Рамана — блог, напісаны па строгай інструкцыі ды са спасылкамі на першакрыніцы. Бо ён піша артыкулы ў залежнасьці ад вольнага часу, настрою й жаданьня падзяліцца ведамі зь іншымі. Напрыклад, пасьля чарговай вандроўкі ён можа напісаць пра пабачаныя мясьціны.

«Адрозьненьне Вікіпэдыі ў тым, што яе чытае больш людзей, чым блогі й сацсеткі, — кажа Раман. — Мала таго, што яны ня сыдуць у нябыт, як блогі, дык яшчэ ў любы момант гэты артыкул можна дапоўніць і палепшыць. І зрабіць гэта можа хто заўгодна».

Усяго ён напісаў больш за тры тысячы артыкулаў і зрабіў больш за 60 тысяч правак. Апошнім часам ён менш працуе над артыкуламі, а займаецца тэхнічнымі пытаньнямі: стварае катэгорыі, правілы ды іншыя тэхнічныя старонкі Вікіпэдыі.

У нас шмат артыкулаў па культуры й гісторыі, але бракуе навуковых

Калі Раман далучыўся да вікісупольнасьці ў 2008 годзе, ён пісаў на розныя тэмы.

«Мяне тады вельмі бянтэжыла, што ў нас не было шмат якіх артыкулаў па-беларуску, — кажа ён. — Як бязь іх можа існаваць Вікіпэдыя? Цяпер у нас 58 тысяч артыкулаў, і я разумею, што Вікіпэдыя — гэта энцыкляпэдыя, праца над якою ніколі ня скончыцца».

Раман уручае прыз украінцу – аднаму зь пераможцаў беларускай «Віківясны-2015»
Раман уручае прыз украінцу – аднаму зь пераможцаў беларускай «Віківясны-2015»

Сёньня, па яго словах, найлепей у беларускім разьдзеле распрацаваная тэма літаратуры й гісторыі. Раман жа хацеў бы, каб беларуская Вікіпэдыя ўтрымлівала больш навуковых артыкулаў. Бо калі шкаляры нешта шукаюць па-беларуску, яны абавязкова натрапляюць на Вікіпэдыю.

«Па статыстыцы 2015 году на першых месцах — артыкулы пра мову й клясыкаў беларускай літаратуры», — кажа Раман.

Сам жа ён сёньня піша пераважна пра свой родны рэгіён — Пружаншчыну. Напрыклад, пры працы над артыкулам пра гімназію імя Адама Міцкевіча, што дзейнічала ў міжваенны час у Пружанах, ён выкарыстаў шмат інфармацыі з апублікаваных дакумэнтаў, знайшоў мэмуары былых навучэнцаў і нават выкладчыкаў. Гэты артыкул пераклалі на ўкраінскую й польскую мову. У польскай Вікіпэдыі ён быў нават адзначаны сярод найлепшых.

«У нас ёсьць катэгорыі артыкулаў: „абраныя“ й „добрыя“, — тлумачыць Раман. — Калі артыкул поўна раскрывае тэму, добра падмацаваны крыніцамі, літаратурай, выявамі, старымі й новымі фотаздымкамі, ён залічваецца да „абраных“».

Нас чакаюць па ўсім сьвеце, а мы сядзім у віртуале ды пішам артыкулы

Раман пацьвярджае словы Вольгі Сітнік пра тое, што беларускія вікіпэдысты найбольш сядзяць у віртуале ды працуюць над артыкуламі. У Польшчы ды Ўкраіне, напрыклад, папулярныя вікіэкспэдыцыі, калі рэдактары Вікіпэдыі падарожнічаюць разам, а потым выкладваюць здымкі ў Вікісховішча й пішуць артыкулы пра пабачаныя славутасьці.

Некалькі разоў Раман езьдзіў на міжнародныя сустрэчы вікіпэдыстаў. Фота з сустрэчы зь Вены
Некалькі разоў Раман езьдзіў на міжнародныя сустрэчы вікіпэдыстаў. Фота з сустрэчы зь Вены

«Украінцы некалькі разоў прапаноўвалі нам зьезьдзіць у Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік, але мы не сабраліся, — кажа Раман. — Нас запрашаюць на міжнародныя мерапрыемствы па ўсім сьвеце, нас там сапраўды чакаюць. Але мала хто выказвае ахвоту езьдзіць».

Хоць некалькі разоў ён удзельнічаў у вікіканфэрэнцыях — міжнародных сустрэчах вікіпэдыстаў. З канфэрэнцыі ў Польшчы ў 2011 годзе ён прывёз ідэю конкурсу «Вікі любіць славутасьці».

У Беларусі гэты конкурс правялі ў 2012 годзе. Тады карыстальнікі з усёй краіны загрузілі на Вікісховішча сем тысяч фота розных гісторыка-культурных аб’ектаў. Да таго ж пасьля конкурсу ў беларускага разьдзелу Вікіпэдыі зьявіліся новыя аўтары.

«Рэгулярна да нас прыходзяць новыя ўдзельнікі, — кажа Раман. — Літаральна на днях заўважыў карыстальніка, які стварае артыкулы пра сусьветныя казкі мінулых часоў. Магчыма, гэтаму паспрыяла нядаўняя публікацыя пра Вільгельма Гаўфа. І вось чалавек захапіўся».

Ангельскую Вікіпэдыю нам не дагнаць, але гэта ня значыць, што трэба складваць рукі

Акрамя Вікіпэдыі, у фундацыі «Вікімэдыя» ёсьць шмат іншых праектаў. Ужо год як Раман разам зь яшчэ адной дзяўчынай адмініструе Вікікрыніцы — сусьветнае сховішча вольных аўтарскіх тэкстаў. Там выкладваюцца тэксты беларускіх літаратараў, якія ўжо не ахоўваюцца аўтарскімі правамі.

Хоць Раман і заняты цяпер сям'ёй, ён знаходзіць час і на рэдактарскую працу ў Вікіпэдыі
Хоць Раман і заняты цяпер сям'ёй, ён знаходзіць час і на рэдактарскую працу ў Вікіпэдыі

Справа ў тым, што сёньня існуе ўжо шмат адсканаваных твораў у фармаце PDF — як карцінкі. Раман жа займаецца распазнаваньнем і праўкай гэтых тэкстаў. У выніку атрымліваюцца тэкставыя файлы, якія можна вярстаць ці раздрукоўваць.

«Пра беларускую Вікіпэдыю ўсе больш-менш ведаюць, — кажа Раман. — Але пра іншыя праекты мала хто чуў, а таму я стараюся ў Вікікрыніцах ствараць хоць нейкую актыўнасьць».

Нягледзячы на занятасьць на працы і ў сям’і (з жонкай яны гадуюць дваіх дзяцей), Раман Патапчук знаходзіць прынамсі некалькі гадзін на тыдзень, каб папрацаваць у Вікіпэдыі ці Вікікрыніцах. Ён разумее, што дагнаць ангельскую Вікіпэдыю з 5 мільёнамі артыкулаў ня ўдасца, але працай над беларускай Вікіпэдыяй ён набліжаецца да сваёй мары.

«Я б вельмі хацеў, каб у інтэрнэце можна было знайсьці любую інфармацыю па-беларуску. Гэта даўняя мара, якая ў мяне засталася».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG