Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцу пагражае да 5 гадоў турмы за рэпартаж пра згвалтаваную дзяўчынку ў Нямеччыне

абноўлена

Нямецкі адвакат Марцін Лютле зьвярнуўся ў пракуратуру на прадмет праверкі законнасьці сюжэту Першага каналу расейскага тэлебачаньня пра згвалтаваньне расейскай дзяўчынкі ў Бэрліне. Расейскаму журналісту Івану Благому пагражае судовае разбіральніцтва.

Журналіст Іван Благой ў сваім рэпартажы распавёў гісторыю меркаванага згвалтаваньня ў Бэрліне 13-гадовай рускамоўнай дзяўчынкі ўцекачамі з арабскіх краінаў. Адвакат Марцін Лютле заявіў «Нямецкай хвалі», што на яго думку тэлесюжэт быў зьняты ў духу расейскай прапаганды і служыць распальваньню міжэтнічнай варожасьці.

Хоць кампэтэнцыя нямецкіх органаў юстыцыі і не распаўсюджваецца на расейскія СМІ, нямецкі адвакат лічыць, што Іван Благой, які пражывае ў Бэрліне, парушыў законы Нямеччыны, паколькі расейскія каналы ў краіне могуць прымаць да шасьці мільёнаў расейскамоўных грамадзянаў. На думку Лютле, карэспандэнт Першага каналу расейскага тэлебачаньня сваім рэпартажам спрыяў росту нянавісьці сярод расейскамоўнага насельніцтва Нямеччыны ў адносінах да ўцекачоў.

Адвакат мае намер распачаць у дачыненьні да Благога далейшыя крокі пасьля адпаведнага рашэньня пракуратуры. Паводле яго словаў, за яго дзеяньні расейскаму журналісту пагражае ад трох месяцаў да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня.

Расейскія СМІ паведамілі, што некалькі ўцекачоў выкралі і згвалцілі дзяўчынку зь сям'і расейскіх немцаў. У паліцыі распавялі «Нямецкай хвалі», што падчас расьсьледаваньня ня быў усталяваны ані факт выкраданьня, ані факт згвалтаваньня. Пры гэтым сьледзтва працягваецца, а рашэньне аб закрыцьці справы можа прыняць толькі пракуратура.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG