Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея возьме паўзу ў выдачы крэдытаў іншым краінам


Па словах намесьніка міністра фінансаў Расеі Сяргея Старчака, бюджэт краіны сёлета «напружаны». Беларусь можа не разьлічваць на расейскія грошы.

Летась Расея ўзяла на сябе даволі шмат крэдытных абавязаньняў, але сёлета можа практычна не выдаваць ці зусім не выдаваць крэдытаў іншым краінам, перадае агенцтва Interfax словы намесьніка міністра фінансаў Расеі Сяргея Старчака:

Сяргей Старчак
Сяргей Старчак

«На сёньняшні дзень я лічу, што шанцаў ва ўраду прыняць рашэньне па прадстаўленьні новых крэдытаў вельмі мала. Бюджэт напружаны, больш чым напружаны. Я думаю, што мы аб’ектыўна знаходзімся ў сытуацыі, калі вымушаныя будзем узяць паўзу з пункту гледжаньня прыняцьця абавязаньняў па новых крэдытах».

Ён адзначыў, што Расея летась узяла на сябе «даволі шмат» крэдытных абавязаньняў, а не выконваць іх «яшчэ больш ганебна, чым не выконваць абавязаньні па прыцягнутых крэдытах».

«У цяперашніх бюджэтных умовах, як яны сфармаваліся, прыняцьце новых абавязаньняў па прадстаўленьні крэдытаў замежным пазычальнікам спалучанае з падвышанымі рызыкамі і з рызыкамі невыкананьня гэтых абавязаньняў у будучыні», — дадаў Старчак.

Беларусь прасіла ў Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, які кантралюецца Расеяй, спачатку 3, а потым 2 мільярды даляраў крэдыту. Але дагэтуль гэты крэдыт ня быў атрыманы.

Валавы зьнешні доўг Беларусі на канец 2015 году склаў 38,2 млрд даляраў, за 2015 год ён скараціўся на 4,5%. Але разам з тым скарачаецца валавы ўнутраны прадукт (за 11 месяцаў 2015 году ВУП склаў 96% ад таго, што быў у аналягічны пэрыяд 2014-га), сярэднія зарплаты (яны падаюць ня толькі ў далярах, але і ў рублях), падае курс нацыянальнай валюты (ад пачатку году даляр падаражэў больш як на паўтары тысячы, курс ужо дасягнуў 20 тысяч), пагаршаюцца іншыя эканамічныя паказьнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG