Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры выкананьні абавязкаў у 2015 годзе загінулі 69 журналістаў


У дакладзе Камітэту па абароне журналістаў адзначаецца, што 40 адсоткаў зь іх загінулі ад рук груповак ісламскіх баевікоў.

Шэсьцьдзесят дзевяць журналістаў былі забітыя ў сувязі са сваёй працай у 2015 годзе. Пра гэта паведамляецца ў штогадовым дакладзе Камітэту па абароне журналістаў, які быў апублікаваны ў аўторак.

У дакумэнце гаворыцца, што 40 адсоткаў загінулых сталі ахвярамі груповак ісламскіх баевікоў, такіх як «Аль-Каіда» і «Ісламская дзяржава». Больш за дзьве траціны ад агульнага ліку такіх забойстваў былі замоўленымі.

Групоўкі баевікоў, такія як «Ісламская дзяржава» і «Аль-Каіда», нясуць адказнасьць за забойства 28 журналістаў у розных краінах сьвету ў гэтым годзе, гаворыцца ў дакладзе камітэту. Дзевяць з гэтых забойстваў адбыліся ў Францыі, якая заняла другое месца — адразу пасьля Сырыі — у якасьці «найбольш небясьпечнай для прэсы» краіны ў 2015 годзе.

У маштабах усяго сьвету ў сувязі з выкананьнем прафэсійнага абавязку загінулі 69 журналістаў, у тым ліку тыя, хто быў забіты ў адплату за сваю рэпарцёрскую дзейнасьць, а таксама тыя, хто загінуў у ходзе баявых дзеяньняў або перастрэлак, альбо пры выкананьні іншых небясьпечных заданьняў.

Агульная колькасьць забойстваў журналістаў — якая ўключае забойствы якія адбыліся ў пэрыяд зь 1 студзеня да 23 сьнежня 2015 году — перавысіла 61 забойства, зафіксаванае ў 2014 годзе, гаворыцца ў дакладзе.

Камітэт па абароне журналістаў адзначыў, што расьсьледуе акалічнасьці сьмерцяў на працягу гэтага году яшчэ як мінімум 26 журналістаў з тым, каб высьветліць, ці была іх гібель зьвязаная з прафэсійнай дзейнасьцю.

У адрозьненьне ад трох папярэдніх гадоў, выпадкі гібелі журналістаў шырока разьмеркаваліся па краінах. Ня менш чым па пяць журналістаў было забіта ў Бангладэш, Бразыліі, Іраку, Емэне і Паўднёвым Судане.

У 2012, 2013 і 2014 гадах колькасьць забойстваў журналістаў у Сырыі нашмат перавышала адпаведную статыстыку ў іншых краінах сьвету. Як адзначаецца ў дакладзе, зьніжэньне колькасьці забойстваў у Сырыі, дзе ў 2015 годзе было забіта 13 журналістаў, збольшага адлюстроўвае той факт, што там працавала менш журналістаў, паколькі шматлікія буйныя міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы вырашылі не пасылаць сваіх супрацоўнікаў у Сырыю, а мясцовыя журналісты беглі з краіны.

Аднак зьніжэньне колькасьці пацьверджаных забойстваў у Сырыі таксама адлюстроўвае рост цяжкасьцяў, зь якімі сутыкнуўся КАЖ падчас расьсьледаваньняў спраў аб забойствах журналістаў у гэтай і іншых дзяржавах, якія разрываюць узброеныя канфлікты, у тым ліку ў Лібіі, Емэне і Іраку, гаворыцца ў дакумэнце.

Прадстаўнік КАЖ наведала сёлета Ірак з мэтай расьсьледаваньня на месцы паведамленьняў пра тое, што 35 журналістаў з Масула лічацца зьніклымі бязь вестак, забітымі або захопленымі «Ісламскай дзяржавай», паведаміў камітэт.

Аднак паколькі групоўка жорстка кантралюе распаўсюд інфармацыі пра сытуацыю ў горадзе, КАЖ змог пацьвердзіць факты гібелі ўсяго некалькіх чалавек, адзначаецца ў дакладзе.

Атрымаўшы весткі пра забойства яшчэ некалькіх дзясяткаў журналістаў у маштабах рэгіёну, КАЖ да гэтага часу ня мае магчымасьці атрымаць з незалежных крыніц пацьверджаньня таго, што яны сапраўды загінулі, і калі так, то ці была іх гібель зьвязаная з прафэсійнай дзейнасьцю, падкрэсьліваецца ў дакладзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG