Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўнік з Даніі напісаў казку пра ВКЛ. На заробленыя грошы створыць прытулак для беларускіх мастакоў


Старонка з кнігі ​​«Княства пад бел-чырвона-белым сьцягам» Мікаэля Нільсэна
Старонка з кнігі ​​«Княства пад бел-чырвона-белым сьцягам» Мікаэля Нільсэна

«Княства пад бел-чырвона-белым сьцягам» — так называецца казка, якую выдаў Мікаэль Нільсэн, 37-гадовы настаўнік з Даніі. Натхнёны беларускай рэчаіснасьцю, ён напісаў казку пра краіну, якая вельмі нагадвае Беларусь. Як Нільсэн стаў пэрсонай нон-грата ў Беларусі й навошта яму ўкладаць грошы ў стварэньне прытулку для беларускіх мастакоў у Даніі, ён распавёў Свабодзе.

Мяне натхнілі гісторыі беларускіх актывістаў

Мікаэль Нільсэн
Мікаэль Нільсэн

Нільсэн нарадзіўся ў 1978 годзе ў Капэнгагене. Скончыў унівэрсытэт у горадзе Роскіле й настаўніцкі каледж. Зь сярэдзіны 1990-х быў актыўным сябрам Сацыял-дэмакратычнай парты Даніі і нават узначальваў гарадзкую арганізацыю Капэнгагена.

У 2005 годзе Нільсэн трапіў у Вільню, дзе праходзіў лягер для актывістаў беларускіх НДА. Ад іх ён даведаўся пра цяжкія ўмовы, у якіх вымушаныя працаваць недзяржаўныя грамадзкія арганізацыі.

«Гісторыі актывістаў, якіх зьбівалі за іхнюю дзейнасьць, выганялі з унівэрсытэтаў, зрабілі вялікае ўражаньне на мяне, — сказаў Нільсэн Свабодзе. — Як сацыял-дэмакрат я хацеў быць салідарным зь людзьмі, якія змагаюцца за сваю свабоду й дэмакратыю».

Уражаны Нільсэн вырашыў адысьці ад мясцовых спраў і заняцца працай зь беларускімі НДА.

«З маім досьведам працы ў НДА я падумаў, што буду больш карысны для Беларусі, чым для Даніі, — кажа Нільсэн. — Чым раздаваць улёткі ў цэнтры Капэнгагена, лепш кансультаваць беларускіх актывістаў: гэта дасьць большы плён».

Выручку ад кніг датчанін пусьціць на мастацкі прытулак для беларусаў

Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

Працуючы настаўнікам дацкай, ангельскай і нямецкай моваў, а таксама музыкі й гісторыі ў мястэчку Харлеў (Hårlev) за 60 км ад Капэнгагена, Нільсэн напісаў і выдаў у электронным фармаце казку пад назвай «Княства пад бел-чырвона-белым сьцягам». У кнізе апісваецца гісторыя Беларусі, дзе «міралюбны народ крочыць камяністым шляхам да дэмакратыі».

«Я напісаў казку, у першую чаргу, каб натхніць мастакоў і творчых людзей зь Беларусі на стварэньне мастацтва, якое дапаможа разьвіцьцю дэмакратыі».

Жанр казкі Нільсэн абраў дзеля таго, каб чытаць маглі і дарослыя, і дзеці.

«У казцы я магу быць больш паэтычным і вольным — тут ня трэба казаць пра пэўныя даты й дэталі гісторыі, якія зрабілі б кнігу больш сумнай і менш натхняльнай».

«Княства пад бел-чырвона-белым сьцягам» — першая самастойная публікацыя Нільсэна. Кошт кнігі на сайце — 3 эўра для беларусаў і 6 эўра для жыхароў Заходняй Эўропы (Нільсэн лічыць, што эўрапейцы мусяць плаціць больш дзеля салідарнасьці). Заробленыя грошы датчанін хоча патраціць на стварэньне мастацкага прытулку для беларусаў.

«Такія месцы я бачыў у Даніі, — кажа Нільсэн. — Туды прыяжджаюць мастакі й пісьменьнікі, каб атрымаць натхненьне й у спакойных умовах пісаць свае творы. Яны туды прыяжджаюць за вельмі малыя грошы ці зусім задарма».

Падобнае месца Нільсэн хацеў бы стварыць каля мястэчка, дзе ён цяпер працуе. Ён адмыслова пераехаў сюды з Капэнгагена, дзе працаваў яшчэ сёлета.

«Набываючы кнігу, людзі ўкладаюць у будучае дэмакратычнае мастацтва, — кажа Нільсэн. — А гэта, у сваю чаргу, паўплывае на зьмены ў беларускім грамадзтве».

Па ілюстрацыях відаць, што казка – вельмі беларуская
Па ілюстрацыях відаць, што казка – вельмі беларуская

Прыеду ў Беларусь, калі зьменіцца ўлада

Нільсэн цяпер цікавіцца грамадзка-палітычным жыцьцём Беларусі больш, чым роднай Даніяй. Але ў масе сваёй датчане ведаюць пра Беларусь ня так шмат. Толькі з 2006 году там пачалі ўзгадваць Беларусь у СМІ, бо тады вялікая дэлегацыя назіральнікаў рушыла на прэзыдэнцкія выбары.

«Я думаю, што добрая частка насельніцтва Даніі ведае, што Беларусь існуе, што яна кіруецца дыктарам Лукашэнкам, — кажа Нільсэн. — Таксама датчане думаюць, што беларусы жывуць у такіх самых дрэнных умовах, як і расейцы ці ўкраінцы. Але ня больш».

Яшчэ часьцей пра Беларусь сталі пісаць у Даніі пасьля апошняга Майдану ў Кіеве.

Сам Нільсэн быў у Беларусі толькі аднойчы — увосень 2005 году. Калі ж паспрабаваў прыехаць у Беларусь на наступны год, напярэдадні выбараў, яму адмовілі ва ўезьдзе.

«Я думаю, КДБ зрабіў мяне пэрсонай нон-грата, — кажа Нільсэн. — Таму мне давялося каардынаваць дацкіх назіральнікаў і журналістаў зь Вільні».

З таго часу Нільсэн не прыяжджаў у Беларусь. Наведаць краіну ён плянуе, толькі калі тут зьменіцца ўлада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG