Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступоўцы на мітынгу ў Курапатах: Размаўляйце па-беларуску


Мітынг ва ўрочышчы Курапаты пачаўся з таго, што прэс-сакратар КХП-БНФ «Адражэньне» Валер Буйвал зачытаў зварот Зянона Пазьняка.

Пазьняк сьцьвярджае, што ў Курапатах палегла каля чвэрці мільёна чалавек. Узгадвае пра трагічную ноч з 29 на 30 кастрычніка, калі быў зьнішчаны цьвет нацыі.

Намесьнік старшыні КХП-БНФ «Адраджэньне» Юрась Беленькі выступіў перад прысутнымі і сказаў, што асноўны складнік змаганьня з акупацыйнай уладай — выкарыстаньне беларускай мовы:

Юрась Беленькі
Юрась Беленькі

«Кожны раз у Курапатах я задаю рытарычныя пытаньні: чаму такое здарылася тут і што зрабіць, каб такое ніколі не паўтарылася? Тут адбылося масавае зьнішчэньне беларусаў. Сёньня ў Беларусі існуе васальны маскоўскі рэжым, які спрабуе забіць нашыя душы. Ідзе інфармацыйная вайна. Як гэтаму супрацьстаяць? Гаварыце на мове. Адраджайце нашу культуру, уздымайце нашыя сымбалі».

Таксама Юрась Беленькі ўзгадаў Украіну, якая сёньня змагаецца і за беларусаў.

«Я хачу згадаць беларусаў, якія аддалі жыцьці за нашу свабоду і свабоду Ўкраіны, — Алеся Чаркашына і Міхала Жызьнеўскага».

На мітынгу выступіў адказны сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі. Ён сказаў, што ў Курапатах за год аднавілі 330 крыжоў, узгадаў Лошыцу, віцебскія Курапаты. Нагадаў, што нідзе ня робяць сур’ёзных архэалягічных дасьледаваньняў, а гэта злачынства:

«Курапаты — наш народны мэмарыял, зроблены за нашыя сродкі. Я вельмі ўдзячны тым, хто ахвяруе на Курапаты. Дзякуй Богу, ёсьць невялікая група беларускіх бізнэсоўцаў, якія фінансуюць падтрыманьне парадку ў Курапатах. Пакуль у нас будуць людзі, якія змогуць падтрымаць такія справы фінансава, мы будзем жыць».

Мітынг скончыўся сьпевамі малітвы «Магутны Божа». Напрыканцы акцыі ўдзельнікі паводле традыцыі разышліся па ўрочышчы, каб усталяваць новыя крыжы і запаліць зьнічкі каля старых.

Людзі ставяць знічкі, ускладаюць кветкі. Актывісты прымацавалі ля крыжоў партрэты выбітных дзеячаў, якія паводле надуманых абвінавачаньняў былі расстраляныя ў гэтым ды іншых месцах у кастрычніцкія дні 1937 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG