Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Раман Лубкіўскі, украінскі пісьменьнік і дыплямат, які перакладаў беларускую паэзію

абноўлена

Ён пайшоў з жыцьця 23 кастрычніка ў Львове на 75-ым годзе жыцьця. Раман Лубкіўскі — вядомы паэт і перакладчык, былы амбасадар Украіны ў Чэхаславаччыне і Чэхіі.

Дзякуючы яму на ўкраінскай мове загучалі вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Францішка Багушэвіча, Каруся Каганца, Міхася Чарота, Уладзімера Дубоўкі, Міхася Машары, Піліпа Пестрака, Ларысы Геніюш, Васіля Зуёнка, Мар’яна Дуксы, Паўлюка Багрыма, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Лучыны, Пімена Панчанкі.

Раман Лубкіўскі нарадзіўся 10 жніўня 1941 у сяле Астравок Цярнопальскай вобласьці. Скончыў філялягічны факультэт Львоўскага Нацыянальнага унівэрсітэту. Працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара літаратурнага часопіса «Жовтень».

Пісьменьнік быў народным дэпутатам першага дэмакратычнага скліканьня Вярхоўнай Рады, таксама ў 1990-х працаваў амбасадарам Украіны ў Чэхіі і Славаччыны, дзяржслужачым у абласной адміністрацыі. Рамана Лубкіўскі зьяўляецца ляўрэатам Шаўчэнкаўскай прэміі.

11 гадоў таму ў інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода ён сказаў:

«Як чалавек, які глыбока любіць і шануе беларускую культуру, паэзію, лічу, што магутным гімнам быў бы „А хто там ідзе?“ Вы ўяўляеце сабе, калі гэта пакласьці на музыку? Які там можа быць харал, які матыў аб’’яднаньня! А хто там ідзе? — Беларусы! Я думаю, што беларусы пойдуць сваёй беларускай дарогай».

Вось што паведамляе пра абставіны сьмерці Рамана Лубкіўскага Сяргей Панізьнік:

«Памёр раптоўна. Ехаў зь вёскі, дзе меў дом і там творча працаваў і адпачываў. Памёр у дарозе ў Львоў. Сяргей! Для мяне гэта асаблівы ўдар. Львоў разламаўся. Гэта быў бліскучы перакладчык, паэт, грамадзкі дзеяч. З пісьменьнікаў няма нікога, хто мог бы стаць на абарону дзяржаўных і грамадзкіх спраў».

Раман Лубкіўскі, у ліку іншых украінскіх інтэлектуалаў (сярод якіх Алесь Ганчар, Дмытро Паўлічка, Вячаслаў Чарнавіл, Міхайла Горынь, Іван Драч) вясной 1995 года зьвярнуліся да беларускага народа з адкрытым лістом, у якім заклікаў не галасаваць на прапанаваным Лукашэнкам рэфэрэндуме за зьмену статуса беларускай мовы.

У адказ Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Сяргей Законьнікаў, ужо пасьля рэфэрэндуму, накіравалі аўтарам звароту свой ліст, дзе пісалі:

«Тое, чаго вы і мы засьцерагаліся, здарылася. Здарылася бяда, найвялікшае ліха ў гісторыі — Беларусь увачавідкі страчвае найвялікшую заваёву сваёй гісторыі — потым і крывёю заваяваную дзяржаўнасьць... Вельмі шкада і трагічна, што беларусы ня спраўдзілі вашых спадзяваньняў і тым аб’ектыўна замарудзілі нястомную хаду чалавецтва да праўды і справядлівасьці. Да Бога і лепшай Будучыні. Але прыйдзе час, загляне сонца і ў наша ваконца». Лубкіўскі належыў да ліку ўкраінскіх сяброў Быкава, і не здарма менавіта ягонымі словамі складальнік кнігі «Наш Быкаў» Генадзь Бураўкін завяршыў зборнік успамінаў: «У кнізе Васіля Быкава „Доўгая дарога дадому“ чытаю: „Нашая літаратура быццам бы па крысе выкаракваецца з таго інтэлектуальнага гулагу, зь якога яшчэ належыць выбрацца нацыі“. Вось пазыцыя сапраўднага дысыдэнта, які так і ня стаў фальшывым „прарокам“, а пайшоў у выгнаньне, у пакут сярод чужаземцаў, але адстаяў сваё сумленнае імя, свой зацкаваны народ, сваю родную зьняважаную мову... Васіль сваёй душой падсьвечваў мне і майму сыну Мар’яну. Не, такі сьвяціў! І гэтага сьвятла нам досыць, каб не спатыкнуцца ў дарозе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG