Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Раман Лубкіўскі: Ва ўкраінскім гімне аб’ядналіся усход і захад


Алена Ціхановіч, Прага Вядомы паэт і перакладчык, былы амбасадар Украіны ў Чэхаславаччыне і Чэхіі на просьбу нашага слухача расказаў пра гісторыю гімна Ўкраіны, яго аўтараў і назваў свой варыянт беларускага гімну.

(Лубкіўскі: ) “Гэтая песьня напісаная паэтам, які нарадзіўся каля Кіева, у Барыспалі, – там, дзе лётаюць нашыя пасажырскія самалёты. Там нарадзіўся паэт Паўло Чубіньскі. Выкарыстоўваючы адну сэрбскую песьню, дзе былі словы звароту да балканскіх народаў, да славян, ён запазычыў там пэўныя матывы, але ўвесь тэкст – украінскі.

Музыку напісаў сьвятар Міхал Вярбіцкі, які нарадзіўся ў цяперашнім Яварыўскім раёне Львоўскай вобласьці, гэта крайні захад Украіны, зараз тэрыторыя належыць Рэспубліцы Польшча. Нядаўна, дарэчы, мы праяжджалі каля яго магілы і трэба сказаць, што палякі вельмі шануюць памяць айца Міхала Вярбіцкага.

Так што ў гісторыі нашага гімна аб''ядналіся музыка заходняга ўкраінца і словы ўсходняга ўкраінца.

Гэтыя словы настолькі зачаравалі людзей, што ўсе думалі, маўляў, іх напісаў Тарас Шаўчэнка. Не, іх напісаў іншы паэт, але мэлёдыя і словы пачалі гучаць у канцы 19 стагодзьдзя і паступова заваёўваць украінскі прастор.

Трэба было чакаць аж да 1992 году, калі паўстала пытаньне пра гімн – але тады партыйна-камуністычная большасьць (парлямэнту) заблякавала яго, і было прынятае пастанаўленьне, каб гучала толькі музыка. Нарэшце, летась загучалі і словы. Цікава, гэтыя словы – адзін з найлагаднейшых гімнаў сьвету. Чаму? Таму што там такія пяшчотныя ўкраінскія выразы: “згінуць наші вороженькі, як роса на соньці”. Гэта праява ўкраінскага гуманізму, за які некаторыя і крытыкавалі гэты тэкст”.

(Карэспандэнтка: ) “Згадаем, хаця б любімага Вамі Багдановіча "Біце ў сэрцы іх, біце мячамі, не давайце чужынцамі быць..."”

(Лубкіўскі: ) “Так-так, я, дарэчы, перакладаў "Пагоню" і яна выйшла ў цудоўным украінскім выданьні. Другая зачэпка была да словаў "шчэ не вмэрла Украіна". Чаму, маўляў, "шчэ не вмэрла"? Слова шчэ каробіла шмат якіх людзей, але, згадаем, што і ў польскім гімне "яшчэ Польска не згінэла пукі мы жыэмэ". Момант таго дзеяньня тут пашыраецца на пэўны псыхічны і эмацыйны прастор:

Шчэ нэ вмэрла Украіны і слава, і воля...

Тут былі спробы таксама замяніць словы, і цяпер гэтыя спробы працягваюцца, ёсьць варыянты заменаў. Ёсьць і прапанова напісаць новыя словы. Але я думаю, што тыя словы, якія напісаў Чубіньскі, яны ўжо, як кажуць, гістарычна зацьверджаныя, гэты тэкст мы ўспрымаем як свайго роду сьвятыню.

Напрыклад, славакі сьпяваюць там пару радкоў свайго гімну "Nad Tatrami se bliska", чэхі маюць у гімне дужа спакойную мэлёдыю і знак пытаньня "Kde domov muj" (Дзе мая Радзіма?) У расіян зусім іншае: то яны хацелі "Боже, царя храни", то "Союз нерушимый".

Я не ўмешваюся ў гэтыя далікатныя рэчы, але зараз яны вярнуліся да аўтара дзіцячай паэзіі Сяргея Міхалкова. Усё гэта адлюстроўвае настроі і мэнталітэт кожнага народа. У нас так склалася. Я думаю, што гэты гімн мы сьпяваем, і будзем сьпяваць, і нашы дзеці будуць сьпяваць. Мы з радасьцю хацелі б пачуць і спраўджаны беларускі гімн. Ня той савецкі, а той, які ёсьць душою беларускай нацыі.

(Карэспандэнтка: ) “У свой час, калі былі спробы выбару новага гімну незалежнай Беларусі, Рыгор Барадулін выказаў меркаваньне, што гімн ня можа быць новым – ён павінен быць, як сказаў Барадулін, як фамільнае срэбра – старым, пацёртым, трошачку прыцьмелым, ён павінен перадавацца ў спадчыну. Калі не памыляюся, украінскаму гімну больш як сто гадоў... А які зь беларускіх твораў, на Вашую думку мог бы стаць гімнам?”

(Лубкіўскі: ) “Як чалавек, які глыбока любіць і шануе беларускую культуру, паэзію, лічу, што магутным гімнам быў бы "А хто там ідзе?" Вы ўяўляеце сабе, калі гэта пакласьці на музыку? Які там можа быць харал, які матыў аб''яднаньня! А хто там ідзе? – Беларусы! Я думаю, што беларусы пойдуць сваёй беларускай дарогай”.

(Карэспандэнтка: ) “Можа быць Вы закінеце зерне, якое прарасьце...”

(Лубкіўскі: ) “Так, беларусы ўжо ідуць сваёй дарогай, і мы шмат чаму вучымся ў беларусаў. Мы ня думаем, што наша ўкраінская аранжавая рэвалюцыя – гэта фэстываль ці забава нацыянальных дзён.

Гэта яднаньне нацыі, якая нарэшце, праз 14 гадоў яшчэ і яшчэ раз усьвядоміла: ніхто, толькі мы самі можам даць адказ на тыя пытаньні, якія ставіць перад намі час, на выклікі гэтай пары, на брахню, несправядлівасьць, жорсткасьць і антыўкраінскасьць. Гэтыя выклікі зьліліся настолькі моцна, што не маглі не закрануць кожнага ўкраінца. Ніводзін украінец не застаецца раўнадушны.

І нават тыя ўкраінцы, што не падтрымліваюць настрой Майдану, усё роўна ўжо прымаюць разуменьне таго, што Ўкраіна мусіць быць цэласная, адзіная і што Ўкраіна мае вялікую гістарычную і палітычную пэрспэктыву”.
XS
SM
MD
LG