Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Скрыпка: Вышыванка, песьня, мова, культура — наймацнейшая зброя


Гурт «Воплі Відаплясава» выступіў 2 кастрычніка ў Варшаве на канцэрце «Салідарныя зь Беларусьсю». Лідэр гурта Алег Скрыпка распавёў у інтэрвію Радыё Свабода, як зьмянілася яго стаўленьне да Майдану, чаму ён прыехаў падтрымаць беларусаў у Варшаву і за што ён любіць беларускую мову.

«Беларусы, якія ваююць за Ўкраіну, ваююць і за Беларусь таксама»

Алег Скрыпка
Алег Скрыпка

Мы згубім шмат людзей і шмат крыві, але сьвет абавязкова зьменіцца ў лепшы бок. Тое, як людзі цяпер яднаюцца, як ваююць за свабоду, не баяцца ісьці насустрач сьмерці, ахвяруюць сваім жыцьцём дзеля будучыні і іншых людзей. Калі беларусы ваююць і гінуць ва Ўкраіне, дзеля будучыні ўкраінцаў, я разумею, што гэтыя людзі змагаюцца і за сваю будучыню таксама, і за будучыню Беларусі і ўсяго сьвету.

«Мы жывем у страшны і цудоўны час»

Мы жывем у страшны і цудоўны час. Цудоўна, што зьмены адбывацца вельмі хутка, і мы ўжо хутка пабачым будучыню, дзеля якой людзі аддаюць сваю кроў. Сьвет зьменіцца, і нам ня трэба будзе хлусіць. Можна будзе гаварыць адкрыта праўду, што мы думаем. Сёньня самая вялікая праблема сьвету: што словы, думкі і дзеяньні разыходзяцца. Калі мы будзем думаць і гаварыць ды рабіць тое самае, тады сьвет пераможа.

«Беларусы і ўкранцы — сапраўдныя браты»

Ёсьць праўда, што беларускі і ўкраінскі народ — гэта браты. Гэта гістарычная праўда. Калі прыяжджаеш у Беларусь, размаўляеш зь беларусамі, ці яны прыяжджаюць... Паглядзіце, як беларусы да нас ставяцца! Гэта сапраўднае братэрства. Такое рэдка бывае паміж народамі! Ва Ўкраіне, на жаль, мы мала ведаем пра Беларусь, рэдка езьдзім туды. Спадзяюся, у будучыні, будзе нейкае аб’яднаньне Беларусі і Ўкраіны. Неабавязкова гэта будзе адна дзяржава, але сувязяў павінна быць больш чым цяпер.

Слухайце Скрыпку і паўтарайце гэтыя словы за ім.

Видео опубликовано symbal.by (@symbalby)

«Я рады, што „Краіна мрой“ таксама стала гімнам для беларусаў»

Песьня па-беларуску — гэта мінімум, што мы можам зрабіць. Ініцыятыва была зь Беларусі. Хлопцы мне зрабілі цудоўны пераклад. Цудоўна сьпяваецца, класна кладзецца. Я ўсьцешаны, што гэта песьня багата круцілася па беларускіх радыёстанцыях, у гіт-парадах была. Гэта стала таксама пэўным гімнам для беларусаў. Яна вельмі важная для ўкраінцаў: бо там закладзены пазытыўны мэсыдж, і ён працуе для Беларусі таксама.

«Нельга было паміраць на Майдане»

Ці патрэбны быў Майдан? Гэта вельмі цяжкае пытаньне. Ёсьць людзі, якія выбіраюць шлях крывавай барацьбы і пакутаў, і яны маюць рацыю. Яны кладуць свае жыцьці ў імя перамогі. А ёсьць людзі, як я, — за мірны шлях. Усё, што мы робім, мы робім са шчырымі памкненьнямі. Галоўнае — жаданьне зрабіць сьвет лепшым. Я лічу, што нельга было паміраць на Майдане. Ніводная сьмерць ня вартая нейкай эфэмэрнай свабоды. Я ўпэўнены, што можна мірным шляхам здабыць Свабоду. Але сталася, што сталася. Цяпер я дапамагаю вайскоўцам, якія ваююць на фронце. Я сам не магу страляць у людзей. Я не чалавек вайны. Але я падтрымліваю тых, хто ваюе, усім сэрцам. Я перажываю за тыя сем’і, якія губляюць сваіх людзей. Я ведаю, што кожная кропля крыві — не дарма. Кожная кропля праліта ў імя супольнай свабоды.

«Раю беларусам пазьбягаць вайны»

Ці варта баяцца вайны? Варта. Я раю беларусам любымі спосабамі пазьбягаць канфлікту, пазьбягаць вайны. Трэба дамаўляцца, суіснаваць і мірным шляхам вырашаць праблемы. Паглядзіце, як дзейнічае Эўропа і Амэрыка... Мы ва Ўкраіне шмат крытыкуем іх: яны не даюць нам зброю, яны маглі б увесьці войскі і гэтак далей. Можа быць. Нам трэба дапамога, нам трэба надаваць па шапцы тэрарыстам і расейскім войскам, Пуціну і іншым. Але зь іншага боку я разумею, што міжнародная супольнасьць ідзе на перамовы зь любым злачынцам ці тэрарыстам да самага апошняга моманту.

Я калі жыў у Францыі і бачыў, як адбываліся францускія антытэрарыстычныя акцыі. Яны з тэрарыстамі да самага апошняга моманту дамаўляюцца. І калі ўжо немагчыма, яны дзейнічаюць дакладна, мінімум крыві і дасягаюць мэты.

На стадыі Майдану трэба было пазьбягаць супрацьстаяньня да самага канца. Калі вайна пачалася, у Крыме ў першую чаргу, украінцы пачалі дзейнічаць наадварот. Трэба было адразу надаваць кухталёў і выгнаць зялёных чалавечкаў. Я граў канцэрт у Данецку, АДА была захопленая. Мы гралі стралецкія песьні на сцэне, і людзі прыйшлі ў вышыванках, поўная заля ў Данецку. Мае сябры сказалі, што ў АДА была пара дзясяткаў алькаголікаў тады. Калі трэба — трэба біць па пысе. А калі ня трэба — трэба пазьбягаць супрацьстаяньня.

«У мяне на тэлефоне — фотка Пуціна ў вышыванцы»

У мяне ёсьць на тэлефоне застаўка, дзе Пуцін, Назарбаеў і іншыя «чувачкі» прыяжджалі да Лукашэнкі, і ён іх адзеў у вышыванкі. І ў мяне ёсьць на тэлефоне фотка Пуціна ў вышыванцы. Вышыванка, песьня, мова, культура — вось наймацнейшая зброя. Калі не гучаць музычныя гарматы — тады пачынаюць страляць гарматы вайсковыя. Пакуль мы можам ўжываць гэтую зброю — трэба ўжываць да самага канца. Трэба ўклеіць у мазгі ўсім палітыкам, што трэба ваяваць на франтах культурных. Хто перамагае на культурных франтах — той перамагае ў сьвеце.

«Жыве Беларусь!»

У мяне ёсьць любімыя беларускія словы: «Жыве Беларусь!», «сябры», «дзякую».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG