Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз Пуціна


Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд (зьлева), канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель (у цэнтры) і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на сустрэчы ў Бэрліне, 24 жніўня 2015 году
Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд (зьлева), канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель (у цэнтры) і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на сустрэчы ў Бэрліне, 24 жніўня 2015 году

24 жніўня прэзыдэнты Ўкраіны, Францыі і канцлер Нямеччыны сустрэліся ў Бэрліне. Па выніках перамоваў яны заявілі, што выступаюць за няўхільнае выкананьне менскіх дамоўленасьцяў у поўным аб’ёме.

Палітыкі адзначалі, што само выкананьне менскіх дамоўленасьцяў — адзіная магчымасьць выйсьці з крызісу на ўсходзе Ўкраіны.

Сярод такіх абавязковых пунктаў менскіх дамоўленасьцяў яны называлі захаваньне рэжыму спыненьня агню і адводу цяжкіх узбраеньняў, вызваленьне закладнікаў, рашэньне гуманітарных праблемаў насельніцтва акупаваных тэрыторыяў.

Чаму сустрэча адбылася ня ў поўным «нармандзкім фармаце» і наколькі адэкватна эўрапейскія лідэры ацэньваюць сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны, Радыё Свабода запытала ў кіеўскага палітоляга Віктара Каспрука.

— Спадар Віктар, якія, на вашу думку, прычыны няўдзелу ў сустрэчы прадстаўніка Расеі?

Віктар Каспрук
Віктар Каспрук

— Зразумела, што гэтая сустрэча вельмі сымбалічная — яна адбылася ў дзень 24-й гадавіны незалежнасьці Ўкраіны. На сустрэчы не прысутнічалі прадстаўнікі ні тэрарыстычных рэспублік, ні Расеі, таму што, відаць, вырашалася такое пытаньне, пра якое Расея пакуль не павінна ведаць. Магчыма, разглядалася пытаньне, якое ўжо падымала Польшча, — пра тое, што да перамоваў павінны далучацца іншыя зацікаўленыя ў вырашэньні канфлікту краіны. Мы бачым, што Расея пачынае насядаць на краіны Балтыі, плянуючы пашырыць арэал ціску на колішнія савецкія рэспублікі. Ня выключана, што на сустрэчы разглядалася і такое пытаньне. Хутчэй за ўсё, разглядалася таксама пытаньне магчымай агрэсіі з боку Расеі на краіны Балтыі і, адпаведна, адкрыцьця другога фронту прэсаваньня былых савецкіх рэспублік. Зь іншага боку, мы бачым высокі ўзровень даверу да ўкраінскага кіраўніцтва з боку эўрапейскіх лідэраў, якія паказалі Расеі і іншым краінам сьвету, што Ўкраіна мае падтрымку, што зь яе інтарэсамі лічацца і што яна ні ў якім разе не застанецца сам-насам з Расеяй.

— На сустрэчы шмат гаварылі пра менскія дамоўленасьці. Пятро Парашэнка пацьвердзіў, што Ўкраіна іх выконвае, а парушэньні фіксуюцца з боку сэпаратыстаў. Ці разумеюць гэта эўрапейскія лідэры?

— Яны выдатна разумеюць, што Расея ня будзе выконваць у поўным аб’ёме менскія дамоўленасьці. Цяпер яна іх пастаянна парушае. Зь іншага боку, Эўропа стамілася ад гэтай сытуацыі і, магчыма, насамрэч неадэкватна ўспрымае расейскую агрэсію. Цяпер Пятро Парашэнка фактычна вымушаны манэўраваць, адцягваючы час да таго моманту, пакуль Расея яшчэ больш эканамічна аслабіцца. Але ня трэба забываць, што Расея, у сваю чаргу, таксама вытрымлівае час, чакаючы пагаршэньня стану ўкраінскай эканомікі. Сытуацыя складаная і заблытаная. Эўропе гэта надакучыла, яна таксама страчвае ад таго, што эканамічныя стасункі паміж Украінай і Расеяй пагоршыліся. Але Ўкраіну цяпер павінны цікавіць толькі інтарэсы Ўкраіны. Фактычна, усе абяцанкі, які даваліся Ўкраіне з боку Эўропы цягам больш як 20 год, вельмі часта не былі напоўненыя рэальным зьместам. Таму для ўкраінскага палітычнага істэблішмэнту гэта таксама будзе добрая навука на будучыню — інтарэсы Ўкраіны цікавяць толькі саму Ўкраіну. Спадзявацца на тое, што нехта будзе за нас выконваць нейкую працу, — марна. Мы бачым, што Расея таксама шукае выйсьця, бо сытуацыя вельмі невясёлая. Крым, у тым стане, які ёсьць цяпер, можа не перазімаваць без украінскіх прадуктаў харчаваньня, ня кажучы ўжо пра праблемы з электраэнэргіяй і водазабесьпячэньнем.

— Выходзіць, што і Ўкраіна, і Расея чакаюць абвалу эканомікі. Чым можа скончыцца такое чаканьне?

— Нельга сказаць, што абедзьве краіны ў аднолькавых умовах. У нас ёсьць хаўрусьнікі, якія, хай дазавана, але нам дапамагаюць. У Расеі такіх хаўрусьнікаў няма. Яна зрабіла стаўку на Кітай, на краіны БРІКС, на Індыю, Бразылію і Паўднёвую Афрыку — зразумела, што гэта вялізная фікцыя, якая патрэбная Пуціну, каб паказаць расейцам, што Расею падтрымліваюць і што яна можа прымаць сур’ёзныя рашэньні на міжнароднай арэне. Відавочна, што мы ня можам перамагчы Расею ў ваенным сэнсе, як і большасьць эўрапейскіх краін, але мы можам выстаяць і паказаць іншым краінам, што ўхіленьнем ад прамых удараў можна калі не перамагчы Расею, дык выматаць. Ня так шмат для Ўкраіны ёсьць магчымасьцяў. Час працуе на Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG