Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры Ўкраіны, Францыі і ФРГ выступілі за поўнае выкананьне менскіх пагадненьняў


Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд (зьлева), канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель (у цэнтры) і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас сустрэчы ў Бэрліне. 24 жніўня 2015 году

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд (зьлева), канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель (у цэнтры) і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас сустрэчы ў Бэрліне. 24 жніўня 2015 году

Прэзыдэнты Ўкраіны, Францыі і канцлер Нямеччыны 24 жніўня сустрэліся ў Бэрліне.

ПА выніках перамоваў яны заявілі, што выступаюць за няўхільнае выкананьне менскіх дамоўленасьцяў у поўным аб’ёме.

І прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд адзначалі, што само выкананьне менскіх дамоўленасьцяў зьяўляецца адзінай магчымасьцю дасягнуць выхаду з крызісу на ўсходзе Ўкраіны.

Сярод такіх абавязковых пунктаў менскіх дамоўленасьцяў яны называлі і захаваньне рэжыму спыненьня агню і адводу цяжкіх узбраеньняў, і вызваленьне закладнікаў, і рашэньне гуманітарных праблем насельніцтва акупаваных тэрыторыяў.

Усе трое асабліва зьвярнулі ўвагу на ролю АБСЭ ў маніторынгу за выкананьнем гэтых дамоўленасьцяў. Мэркель, у прыватнасьці, нагадала, што ў цяперашні час назіральнікі АБСЭ на ўсходзе Ўкраіны ня маюць свабоднага доступу, іх бесьпілётныя апараты трапляюць пад глушэньне сыгналу.

Паводле Парашэнкі, удзельнікі цяперашніх перамоваў дакладна дамовіліся аб неабходнасьці забясьпечыць назіральнікам АБСЭ бесьперашкодны доступ да тэрыторыяў, уключаючы некантралюемы участак расейска-ўкраінскай мяжы, для таго, каб спыніць заход на акупаваную тэрыторыю падразьдзяленьняў расейскай арміі, завоз зброі і амуніцыі.

Акрамя таго, сказаў ён, удзельнікі сустрэчы надалі асаблівую ўвагу вызваленьню закладнікаў, уключна з тымі, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Расеі, сярод іх — Алег Сянцоў, Надзея Саўчанка і іншыя.

Паводле Пятра Парашэнкі, яму «прыемна канстатаваць, што Ўкраіна няўхільна выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы і ў дачыненьні да рэжыму спыненьня агню, і па супрацоўніцтве з АБСЭ, і па адводзе цяжкой тэхнікі, і па выкананьню гуманітарных пытаньняў».

У сваю чаргу, падкрэсьліў Парашэнка, «мы дакладна дэкляруем, што на сёньняшні дзень, на жаль, менавіта Расея і падтрымоўваныя ёю баевікі складаюць адзіную пагрозу для аднаўленьня міру і стабільнасьці ў рэгіёне».

Кіраўнікі трох з чатырох дзяржаў «нармандзкай чацьвёркі» сустрэліся без удзелу прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, каб абмеркаваць становішча на ўсходзе Ўкраіны і шляхі яго дээскаляцыі.

XS
SM
MD
LG