Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Ізраіля Шагал пакідае Менск. Ці будзе яму замена — невядома


Ёсіф Шагал
Ёсіф Шагал

Тэрмін кадэнцыі Ёсіфа Шагала скончыўся. 31 жніўня дыплямат зьяжджае зь Беларусі на радзіму.

А вось ці будзе Ізраіль прызначаць новага амбасадара ў Беларусь, пакуль невядома. У ізраільскіх мэдыях некалькі тыдняў таму зьявілася інфармацыя пра тое, што ўрад дзеля эканоміі фінансаў вырашыў закрыць восем сваіх дыпмісіяў за мяжой, у тым ліку і ў Беларусі.

У амбасадзе Ізраіля кажуць, што афіцыйнага паведамленьня з ураду пра гэта няма. Амбасадар Шагал лічыць паведамленьні мэдыяў чуткамі і таму іх не камэнтуе.

У 2003 годзе Ізраіль ужо зачыняў амбасаду ў Беларусі. І менавіта зь фінансавых прычынаў. Аднак у 2005 годзе дыпмісію аднавілі. У гэты прамежак часу беларусы, якія зьбіраліся наведаць Ізраіль, вымушаныя былі карыстацца паслугамі амбасады Ізраіля ў Расеі. А былы міністар замежных спраў Ізраіля Авігдор Ліберман, які цяпер у апазыцыі да дзейнага ўраду, нядаўна адзначыў, што пасьля закрыцьця амбасады дачыненьні паміж Ізраілем і Беларусьсю «рэзка сапсаваліся».

Амбасадар Шагал на некалькіх прэсавых канфэрэнцыях казаў, што не пакіне Беларусь да той пары, пакуль паміж дзьвюма краінамі не ўсталюецца бязьвізавы рэжым. У сярэдзіне жніўня ўрад Ізраіля нарэшце прагаласаваў за адмену візаў для беларусаў. Аднак рэальна бязьвізавы рэжым пачне дзейнічаць не раней як праз 90 дзён пасьля ратыфікацыі ізраільскім бокам адпаведнага пагадненьня. Што тычыцца беларускага боку, то тут усе неабходныя працэдуры былі выкананыя яшчэ на самым пачатку 2015 году.

Двухбаковае пагадненьне прадугледжвае, што грамадзяне Беларусі змогуць наведваць Ізраіль з нацыянальным пашпартам бязь візы, не перавышаючы ліміт у 90 дзён цягам шасьці месяцаў. Такі ж рэглямэнт будзе дзейнічаць і для грамадзянаў Ізраіля, якія захочуць наведаць Беларусь.

Цягам лета Беларусь таксама пакінулі амбасадар Нямеччыны Вольфрам Маас, Польшчы — Лешак Шарэпка, Латвіі — Міхаіл Папкоўс, кіраўніца прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі Майра Мора.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, кіраўніцтва МЗС Польшчы ўжо нібыта знайшло Шарэпку замену. У Беларусь могуць накіраваць Януша Скалімоўскага, які цяпер ачольвае амбасаду ў Літве. У розных літоўскіх мэдыях зьявілася інфармацыя, што спадар Скалімоўскі завяршае сваю працу ў гэтай краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG