Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У подпісах Тацяны Караткевіч сумняюцца нават партнэры па кааліцыі


Збор подпісаў за Тацяну Караткевіч у Воршы
Збор подпісаў за Тацяну Караткевіч у Воршы

Рух «За свабоду» апублікаваў адкрыты зварот да Тацяны Караткевіч, у якім заклікае патэнцыйную кандыдатку ў прэзыдэнты правесьці незалежную грамадзкую праверку сабраных подпісаў.

У заяве канстатуецца, што ў выбарчай кампаніі Караткевіч застаецца апошнім дэмакратычным прэтэндэнтам і на яе «ўскладаецца вялікая адказнасьць», бо ў выпадку рэгістрацыі кандыдаткай у прэзыдэнты для значнай часткі прыхільнікаў пераменаў яна стане «голасам усіх дэмакратычных сілаў».

«Разам з тым у публічнай прасторы чуваць настойлівыя галасы недаверу датычна рэальнай колькасьці подпісаў, сабраных Вашай ініцыятыўнай групай.

З выбарчай кампаніі 2010 году ў грамадзкай думцы трывае перакананьне, што шмат хто з дэмакратычных кандыдатаў быў зарэгістраваны тады паводле жаданьня і сцэнару ўладаў, не здолеўшы сабраць 100 тысяч подпісаў. Гэта адназначна не дадало дэмакратычным сілам аўтарытэту і прызнаньня ў грамадзтве.

Вы самі выдатна памятаеце, наколькі складана і за які доўгі перыяд часу зьбіраліся чатырма структурамі больш за 100 тысяч подпісаў у падтрымку „Народнага рэфэрэндуму“.

Сумневы падмацоўваюцца тым фактам, што каманды прэтэндэнтаў Анатоля Лябедзькі і Сяргея Калякіна адкрыта заявілі, што не змаглі пераадолець подпісны парог.

У такіх умовах годным крокам маральнай палітыкі і спосабам паляпшэньня іміджу дэмакратычных сілаў можа стаць незалежная грамадзкая праверка сабраных подпісаў», — адзначаецца ў заяве.

Рух «За Свабоду» гатовы правесьці з удзелам іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці праверку копіяў падпісных аркушоў, якія каманда Караткевіч перадала ў выбарчыя камісіі.

Тацяну Караткевіч на прэзыдэнцкіх выбарах падтрымлівае грамадзкая кампанія «Гавары праўду» і Партыя БНФ. Цікава, што рух «За свабоду» зьяўляецца партнэрам гэтых дзьвюх структур па кааліцыі «Народны рэфэрэндум».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG