Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіч: Малады Фронт будзе агітаваць супраць Караткевіч


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

«Малады Фронт» заклікае ўсіх кандыдатаў, якія адносяць сябе да дэмакратычнага руху, зьняцца з выбараў і дамагацца вызваленьня палітвязьняў.

«Мы перакананыя, што гэта наш агульны маральны абавязак перад кожным, хто цярпіць за свабоду і перамены ў Беларусі. Усе кандыдаты, якія ня здымуцца з выбараў, — гэта частка сыстэмы карнага рэжыму Лукашэнкі, якія будуць разьдзяляць усю поўню маральнай адказнасьці за беззаконнае ўтрыманьне палітвязьняў у турмах», — гаворыцца ў заяве «Маладога Фронту».

Радыё Свабода пагутарыла з сустаршынём моладзевай арганізацыі Зьмітром Дашкевічам, каб даведацца, чым выкліканая такая рэзкая заява і якім чынам будзе адбывацца супрацьстаянне зарэгістраваным дэмакратычным кандыдатам.

— Чаму «Малады Фронт» выступіў з заявай аб неабходнасьці зьняцьця апазыцыйных кандыдатаў?

— Таму што выбаршчыкі не павінны падманвацца і павінны разумець: тыя кандыдаты, якія прадстаўляюцца нібыта апазыцыяй і сябрамі дэмакратычнага руху, — гэта фэйк у лепшым выпадку і частка сыстэмы карнага рэжыму ў горшым выпадку. Выбаршчыкі не павінны падманвацца, мяркуючы, што ў сьпісе кандыдатаў ёсьць апазыцыя. Апазыцыі там няма. Там ёсьць беларускі рэжым, а таксама супрацоўнікі гэтага рэжыму, якія балятуюцца пад выглядам апазыцыі.

— У чым канкрэтна будзе палягаць «супрацьстаяньне зарэгістраваным кандыдатам»?

— У нас ёсьць ідэя праводзіць нэгатыўную агітацыйную кампанію супраць усіх нібыта апазыцыйных кандыдатаў, якія сваімі дзеяньнямі дыскрэдытуюць саму ідэю апазыцыі і пераменаў ў Беларусі.

— На думку «Маладога Фронту», як павінны былі паводзіць сябе апазыцыйныя палітыкі, каб годна прайсьці праз выбарчую кампанію 2015 году?

— Як мінімум яны павінны былі ставіць ультыматум рэжыму. За больш чым 20 гадоў панаваньня рэжыму толькі дурань не зразумеў, што Лукашэнка разумее толькі пазыцыю сілы. І калі б было пастаўлена патрабаваньне вызваліць палітвязьняў — гэта б спрацавала, была б іншая справа. Удзельнічаць у выбарах, калі сядзяць палітычныя зьняволеныя яшчэ зь мінулых выбараў, і калі цынічна і нахабна набіраюць новых закладнікаў, — недапушчальна. Недарэмна Лукашэнка хваліць некаторых кандыдатаў нібыта ад апазыцыі — правільна, яны ж ходзяць і распавядаюць, як у нас усё добра. У прыватнасьці, так робіць Тацяна Караткевіч. Такая апазыцыя выгодная рэжыму. Пакуль ёсьць такая апазыцыя, Лукашэнку нічога не пагражае.

— Выглядае, што Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін не панясуць подпісы ў ЦВК. Тады ці можна казаць, што вашая нэгатыўная агітацыйная кампанія будзе скіраваная менавіта на Тацяну Караткевіч?

— Выглядае, што так.

Зьміцер Дашкевіч дадаў, што 12 верасьня на адкрытым зьезьдзе «Маладога Фронту» актывісты руху калектыўна разгледзяць стратэгію па супрацьдзеяньні кандыдатам ад апазыцыі, калі тыя да таго часу ня здымуцца з выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG