Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь дагэтуль не Расея


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Часам ідзеш па праспэкце і раптам накрывае думка – «жыву ў Расеі». Чаму ў Расеі? Бо я, пазыцыянуючы сябе беларусам, адчуваю дома пастаянны дыскамфорт, яўную прыкмету калянізацыі.

А ўсе маркеры, якія разьядноўваюць мяне і Расею (хай іх будзе ня сем, а нават дваццаць сем), занадта абстрактныя і могуць быць умомант перакрэсьленыя росчыркам пяра. Таму пытаньне «Чаму Беларусь не Расея?» я часьцей задаю сабе ў перафарматаваным выглядзе: «Чаму Беларусь дагэтуль не Расея?».

Нібыта падставы для гэтага ўсе ёсьць. Іду, чытаю білінгвальныя шыльды з імёнамі кіраўнікоў сусьветнай рэвалюцыі; чую скрыгат расейскага акцэнту ў прамовах беларускамоўных дыктараў на радыё; у чарзе на пошце мяне зьбівае з ног расейскі шансон на рынгтонах мабільнікаў; паўсюль гучыць руская мова; вяртаючыся з Масквы, ты не спыняесься на мяжы – бо мяжы няма; у фэйсбуках ўсе лайкаюць Рустэмчыка, Варламава, Цёму, падпісваюцца на расейскіх зорак; у маршрутчыкаў на вакне чорна-карычневая стужка і ў душы «Рускае радыё»; у кожнай хрушчоўцы ў вакне – РТР, НТВ і татальнае, бескампраміснае ўсхваленьне «апалчэньня». А вось, выступае твой зямляча зь Пінску і гаворыць: «Для мяне беларусы і расейцы заўжды адзін народ, мы былі і ёсьць адзінымі! Дзень Расеі – гэта нашае агульнае сьвята. Колькі такіх, як я, людзей, у якіх дзьве радзімы – Беларусь і Расея!». Жыве чалавек у Беларусі з 1959 году, а слана так і не заўважыў. Не было нагоды.

«Мы жывем, пад сабою ня чуем краіны…» — напісаў некалі ў падобнай непрагляднай сытуацыі расейскі паэт. Чаму менавіта ён імгненна прыходзіць мне да галавы, а не Купала, Колас ці Багдановіч? Так выхавалі: школа з расейскай мовай навучаньня, бацькоўская кватэра без адзінай беларускай кніжкі, спрэс русіфікаваная гарадзкая культура, якая ўсё ніяк ня хоча прагінацца пад беларушчыну.

Беларусь – нібы цацка, якую дарослыя дзядзькі далі пагуляць, але вельмі лёгка могуць запатрабаваць назад. Прынамсі ў мяне гэтае адчуваньне даволі моцнае ўсю дарогу. Жыцьцё да 1994 году я памятаю вельмі фрагмэнтарна, таму мне папросту няма з чым параўноўваць. Ёсьць вось гэтая новая мяккая цацка і яна найулюбёнейшая, найдаражэйшая. Яна, безумоўна, адчуваецца сваёй (для дзяцей пытаньне ўласнасьці – зь першых, якія вырашаюцца), але падсьвядома ты памятаеш, што зусім нядаўна яе не было, а значыць – яе можа ня быць.

Гэтак у мяне. Чым мы адрозьніваемся ад Расеі – ня ведаю, быў там толькі аднойчы. Па сутнасьці, мала хто й ведае – нас накрывае толькі ейнае магутнае інфармацыйнае поле, ад радыё, ТБ да кніг і сацыяльных мярэжаў (і гэтага для расейскіх уладаў цалкам дастаткова). Расея для беларусаў (як і Амэрыка, Эўропа) – міт, фікцыя звышдзяржавы, сукупнасьць уяўленьняў пра якую балянсуе на мяжы насьцярожанасьці й павагі. Вялікая тэрыторыя, а ў нас малая. У іх газ, у нас – квас. Яны гультаі, а мы не. Такімі катэгорыямі апэраваць можна толькі пры складаньні кепскіх анэкдотаў. Аднак жа нават гэтае разуменьне суседавай сілы (падмацаванае генэтычнай памяцьцю пра сталінскую мясарубку) атрафіруе беларускую волю быць суб’ектам гісторыі, а не аб’ектам, пунктам-апірышчам для чарговага параноіка з Усходу, які прагне пашырэньня ўласных тэрыторый.

Іншая справа, калі раўнаць зь летувісамі. Як ні прыяжджаеш у Вільню, вычуваеш – ня наша яна. Колькі ўкладзена ў яе грошай, як вылізаны і ашчадна захаваны старажытны цэнтар, як турыстаў сустракае выключна літоўская мова ва ўсіх грамадзкіх месцах. Хочаш ня хочаш, вывучыш дзясятак словаў, каб проста разумець, дзе крама, а дзе аптэка альбо цырульня. І робіцца ўсё з такім выглядам, маўляў, мы тут гаспадары і мы прыйшлі надоўга.

Добра было б і нам мець такі абарончы вал – з культуры, мовы (хаця б у цэнтральных кавярнях і грамадзкіх месцах), традыцыйнай колеравай гамы, зь мінулага, якое працуе на сучаснасьць, а не стаіць бронзавым пастамэнтам, пад якім ты ляжыш, trampled under foot, з усімі сваімі марамі пра будучыню.

Who wants to live forever? – сьпяваў некалі Фрэдзі Мэркуры. У ягоным голасе сьмяротна хворага чалавека пытаньне гэтае заўсёды чулася як сьцьверджаньне і згода. Ці пераймаюцца ім беларусы? Ці хочуць яны «вечнай Беларусі»? Мне здаецца, што іх хвалююць зусім іншыя пытаньні. Найперш – як выжыць, чыста вэгетатыўным спосабам, атрасаючы зь сябе ўсё, што перашкаджае выжываньню. Гэтая інэрцыя, завядзёнка, якая спрацоўвала ўсе сотні гадоў, можа прывесьці да таго, што неўпрыкмет Беларусь ужо нічым ня будзе адрозьнівацца ад Расеі. Глябальны сьвет эпохі інфармацыйнага выбуху павыцірае «выпадковыя рысы», а моцны сусед урэшце прыйдзе і адбярэ цацку.

А народ паспаліты толькі рыпнецца, гэкне, кіне малую сьлязіну... дый махне рукою, заняўшыся іншымі справамі.

Меркаваньне аўтара можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG