Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму даводзіцца абгрунтоўваць, што «Беларусь — гэта не Расея»?


Апублікаваны на сайце беларускай Свабоды блог Сяргея Дубаўца «Чаму Беларусь не Расея: 7 прынцыповых адрозьненьняў» выклікаў досыць шырокую дыскусію ў беларускім грамадзтве. Чаму і праз 25 гадоў незалежнасьці трэба даводзіць, што Беларусь — гэта не Расея? Якія погляды на гэты конт пануюць у масавай сьвядомасьці? Якія нацыянальныя рысы дапамогуць зрабіць пераход ад беларуса савецкага да беларуса эўрапейскага?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Праскі акцэнт» дыскутуюць аглядальнік Свабоды Сяргей Дубавец, рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль і незалежны сацыёляг Сяргей Нікалюк.

Аўдыёзапіс перадачы цалкам:

Тэкст перадачы ў скароце:

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Дыскусію, распачатую Сяргеем Дубаўцом, падхапілі ў сацыяльных сетках, некаторыя выданьні яе працягнулі, яна выклікала прыкметны рэзананс. Але мне хочацца задацца пытаньнем — чаму праз 25 гадоў незалежнасьці мы ўсё яшчэ мусім даводзіць, што «Беларусь — не Расея»? Нікому ж ня прыйдзе ў галаву ламаць дзіды на тэму «Чаму Беларусь ня Францыя?» Але тэма пра тое, чаму Беларусь не Расея, дагэтуль выклікае спрэчкі і дыскусіі. У чым прычына?

«Тое, што Беларусь — гэта не Расея, не пастулюецца афіцыйнай прапагандай, не сьцьвярджаецца наша асобнасьць»

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Дубавец: Бо ўва ўсіх афіцыйных трансьлятараў мы ледзь ня кожны дзень чуем адваротнае: беларусы і расейцы — адзін народ, у нас адна мова, гісторыя. Гэта стала фонам нашага жыцьця, хоць трэба ўдакладніць, што гэта і было такім фонам. Гэта «трыадзінства славянскіх народаў», пра якое я чуў ад школы, і 30, і 40 гадоў таму. І дыскусія — гэта натуральная рэакцыя на такі афіцыйны фон. Паколькі афіцыйная прапаганда не пастулюе гэтыя тэзісы, то мы самі задаёмся гэтым пытаньнем.

Цыганкоў: Сяргей, але афіцыйная прапаганда ўжо не такая адназначная. Ідэалёгія «мы адзін народ» пэўны час была асноўнай, але ў розныя пэрыяды незалежнасьці і асабліва ў апошнія гады нават афіцыйная рыторыка падкрэсьлівае найперш сувэрэннасьць і незалежнасьць.

Дубавец: Тое, што Беларусь — гэта не Расея, гэта не пастулюецца афіцыйнай прапагандай, не сьцьвярджаецца наша асобнасьць. Гаворыцца пра незалежнасьць і сувэрэнітэт, але што гэта такое — прапаганда не раскрывае. Таму задача незалежнага грамадзтва — сьцьвердзіць тое, што ёсьць і існуе на самой справе.

Аляксей Кароль

Аляксей Кароль

Кароль: За савецкім часам адна аўтарка ўжыла слова «краіна», пішучы пра Беларусь. Небараку ледзь ня выключылі з партыі. Можна было ўжываць толькі слова «рэспубліка». Уся палітычная гісторыя Беларусі — гэта гісторыя спробаў паглынаньня іншымі дзяржавамі тэрыторыі, на якой стаіць Беларусь. І гэтыя спробы стагоддзямі не ўдаюцца, беларус не адчувае сябе ані рускім, ані палякам. Гэта не ўдалося ані савецкаму прымусу, ані царскаму, ані польскаму. Беларусь адказвала на гэта хвалямі адраджэньня, якія часам узьнікалі як бы зь ніадкуль. Адсюль заканамерная пастаноўка пытаньня Сяргеем Дубаўцом.

«Пэрспэктывы беларусаў наступныя: альбо зьмяніць сваю цывілізацыйную ідэнтычнасьць і стаць Эўропай, альбо спыніць сваё гістарычнае існаваньне»

Цыганкоў: Што кажа сацыялёгія? Як звычайны беларус адказвае на пытаньне, ці Беларусь — гэта не Расея?

Сяргей Нікалюк

Сяргей Нікалюк

Нікалюк: Палякі і новазэляндцы — розныя народы, але адна цывілізацыя, і адрозьненьняў паміж імі як народамі бясконца. Тое самае — мы можам бясконца пералічваць адрозьненьні паміж рускімі і беларусамі, і гэта будзе правільна. Але, на жаль, мы з Расеяй знаходзімся ў адной цывілізацыі. І гэтай цывілізацыі зараз надыходзіць канец. І, з майго пункту гледжаньня, пэрспэктывы беларусаў наступныя — альбо зьмяніць сваю цывілізацыйную ідэнтычнасьць і стаць Эўропай, альбо спыніць сваё гістарычнае існаваньне. Таму мяне больш хвалюе, наколькі беларусы падобныя да эўрапейцаў.

Што да сацыялёгіі, то НІСЭПД нярэдка задае такое пытаньне: «Беларусы, украінцы і расейцы — гэта розныя народы альбо тры галіны аднаго народу?» Адказы адлюстроўваюць пераважна афіцыйную прапаганду. Апошні раз, у сакавіку гэтага году, адказы былі такія: «тры галіны аднаго народу» — 67 працэнтаў, «розныя народы» — 27 працэнтаў. Таксама задаюцца пытаньні пра геапалітычныя перавагі, і тут лідэрства мянялася, але пасьля сакавіка 2014 году лідзіруе Расея, бо працэнтаў 60–65 успрымаюць станоўча расейскую прапаганду і зь ёй пагаджаюцца. Так што на сёньня большасьць беларусаў безумоўна адчуваюць сваю цывілізацыйную блізкасьць з Расеяй.

Цыганкоў: Сяргей, як ацаніць гэтыя парадоксы, калі беларусы хочуць жыць у незалежнай краіне, але разам з тым заяўляюць, што яны толькі галіна нейкага народу? Ці азначае гэта, што нацыя яшчэ ў працэсе будаўніцтва, і таму такія тэксты, як ваш, асуджаныя на папулярнасьць і дыскусію?

Многія беларусы баяцца Расеі і падсьвядома выбіраюць думку, што «мы — адзіны народ», выключна ад страху перад тым, што адбываецца ў вялізнай і непрадказальнай Расеі.

Дубавец: Безумоўна. Асабліва зьдзіўляюць такія дадзеныя на фоне расейска-ўкраінскіх падзеяў. Бо расейская прапаганда даўно ўжо не называе ўкраінцаў адзіным народам — «укропы», «бандэраўцы» ды іншае. У такой самай сытуацыі могуць апынуцца і беларусы, таму многія зь іх баяцца Расеі і падсьвядома выбіраюць думку, што «мы — адзіны народ», выключна ад страху перад тым, што адбываецца ў вялізнай і непрадказальнай Расеі.

«У нас у краіне дэфіцыт грамадзянаў, іх меншасьць»

Нікалюк: Я б у першую чаргу выдзеліў характарыстыку, якая знаходзіцца па-за дзяржаўнымі межамі — гэта «чалавек савецкі». І вось па канцэнтрацыі гэтага чалавека, як паказваюць апытаньні, якія праводзіліся яшчэ ў СССР, Беларусь была абсалютным лідэрам. Таму і сёньня рэакцыя на падзеі ва Ўкраіне — гэта не рэакцыя беларуса, гэта рэакцыя чалавека савецкага. Ён нікуды не падзеўся. У яго засталіся тыя ж каштоўнасьці. І галоўная ягоная характарыстыка — гэта тое, што ён няздольны выжыць у сучасных умовах. Для гэтага чалавека патрэбная моцная патэрналісцкая дзяржава, якая зьверху разьмяркоўвае рэсурсы. Яму ня важна, ці будзе гэтая дзяржава называцца расейскай альбо беларускай. І яму не патрэбная дэмакратыя, бо гэта той лад, калі чалавек бярэ на сябе адказнасьць за краіну.

У нас дзяржава авалодала нацыяй, бо наш чалавек аўтарытарны.

Вось дзе праблема — у нас у краіне дэфіцыт грамадзянаў, іх меншасьць. Паводле аднаго з азначэньняў нацыі, «нацыя — гэта супольнасьць, якая авалодала дзяржавай». А ў нас дзяржава авалодала нацыяй, бо наш чалавек аўтарытарны.

Кароль: Я пагаджуся, што чалавек таталітарны — гэта прадукт узьдзеяньня таталітарнага рэжыму. Нават у Германіі колькі гадоў пайшло на выкараненьне гэтага чалавека пасьля 45-га году, нават пры сьвядомай палітыцы дзяржавы. У Беларусі стагоддзямі панаваў аўтарытарны рэжым, і за апошнія 20 гадоў адбылося аднаўленьне аўтарытарнага чалавека і структуры грамадзтва. Адсюль праблемы, але не настолькі трагічныя, як гэта вызначае Сяргей Нікалюк. Па-першае, я б не пагадзіўся, што Беларусь належыць да расейскай цывілізацыі (існуе нават вялікі сумнеў, што ёсьць такая асобная расейская цывілізацыя).

Цыганкоў: Напэўна, Сяргей Нікалюк меў на ўвазе, што беларусы ў большасьці самі сябе далучаюць да расейскай цывілізацыі, незалежна ад таго, ці існуе яна.

Гэта асалода, што ажно 40 працэнтаў беларусаў думаюць ня так, як кажа расейская прапаганда.

Кароль: Але яны не ўспрымаюць сябе як расейцаў. І за савецкім часам настойліва пісалі сябе беларусамі. Таму я б перанёс акцэнты. Гэта асалода, што ажно 40 працэнтаў беларусаў думаюць ня так, як кажа расейская прапаганда. Таму можна рабіць многія пазытыўныя высновы, але не хапае аднаго — палітычнай эліты ва ўладзе.

Цыганкоў: Сяргей, якія рысы беларусаў сярод апісаных вамі ды іншымі аўтарамі могуць даць нам вобраз таго, якой можа стаць Беларусь у будучыні? Як зрабіць гэты пераход ад чалавека савецкага і аўтарытарнага да чалавека эўрапейскага?

Дубавец: Мне б хацелася падкрэсьліць тыя працэсы, якія гістарычна фармавалі беларускую мэнтальнасьць. Таталітарны чалавек у прынцыпе ствараецца зьверху, я ў гэтым перакананы. У нас адзіны шлях — пры зьмене ўсёй гэтай сыстэмы ўлады з мэнтальнай базы народу выйдзе нармальная палітычная эліта і створыцца паўнавартасная эўрапейская краіна. Патэнцыял для гэтага ёсьць.

Калі паглядзець на сацыялёгію, то ў Расеі прыхільнікаў эўрапейскага выбару працэнтаў 5–7. У Беларусі гэтая лічба хістаецца каля 25–30 працэнтаў.

Нікалюк: Калі паглядзець на сацыялёгію, то ў Расеі прыхільнікаў эўрапейскага выбару працэнтаў 5–7. У Беларусі гэтая лічба хістаецца каля 25–30 працэнтаў. І гэтая істотная меншасьць і ёсьць тая аснова, якая пры пэўных умовах можа зьмяніць курс разьвіцьця краіны. Свае надзеі я традыцыйна зьвязваю менавіта з гэтай меншасьцю.

Кароль: Гэтыя 30 працэнтаў праяўляюць асноўную рысу беларуса — быць самім сабой і дзейнічаць насуперак абставінам і ціску, нават часам зьнешне падпарадкоўваючыся гэтаму ціску. Але захоўваючы сваю незалежную духоўную тэрыторыю, якая ў пэўным пункце гістарычнага спляценьня абставінаў прабівае сябе дарогу да незалежнасьці і дэмакратыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG