Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кангрэсе за незалежнасьць будуць зноў спрабаваць мяняць выбарчую сыстэму


На другой сэсіі Кангрэсу за незалежнасьць, якая пройдзе ў Менску 7 чэрвеня, плянуецца прыняць дзьве заявы — адносна палітычнай сытуацыі ў краіне і зьменаў у выбарчую сыстэму Беларусі.

«Мы прапануем некалькі момантаў. Па першае, каб зьмяніць усю выбарчую камісію, пачынаючы з Ярмошынай. То бок ужо 20 гадоў папрацавалі, варта было б пайсьці на пэнсію. Тым больш пэнсіянэры там працуюць. Пачаць трэба зьверху. Было б добра зрабіць і іншыя моманты, якія прапанавалі нашы юрысты, у тым ліку і спадар Пастухоў. Каб абавязкова ўсе кандыдаты маглі выстаўляць сваіх людзей ў выбарчыя камісіі, як гэта робіцца ва ўсіх краінах, у той жа Польшчы ці Расеі. Па другое, рэзка абмежаваць датэрміновае галасаваньне і гэтак далей. У прынцыпе, гэта пытаньне палітычнае, гэта можна вырашыць адным указам прэзыдэнта. Калі ён захоча. Мы не прапануем нешта супэррэвалюцыйнае. Але ёсьць нейкі мінімум, які можна зьмяніць адным указам прэзыдэнта. То бок будзем абмяркоўваць, гэта ж пакуль праект», — сказаў карэспандэнту Свабоды сябра каардынацыйнай рады кангрэсу Алег Трусаў.

На гэту палітычную сэсію кангрэсу запрашаюцца ўсе ахвотныя, каму неабыякавы лёс незалежнасьці краіны, сказалі карэспандэнту Свабоды ў каардынацыйнай радзе кангрэсу.

«Сытуацыя вельмі няпростая. Што нас турбуе: у грамадзтве вялікі раскол. Гэты раскол праходзіць па некалькіх плоскасьцях. Апазыцыя таксама дэманструе мала адзінства. Таму выбаршчык разгублены. Дадзеныя сацыялягічных дасьледаваньняў вельмі несуцяшальныя і паказваюць вялікую небясьпеку ў гэтым расколе. Бо людзі нават па пытаньні незалежнасьці краіны падзяляюцца, асабліва гледзячы на зьнешнепалітычную сытуацыю ў сьвеце. Таму нам вельмі важна зараз сабрацца ўсім разам, абмеркаваць гэтую сытуацыю, абазначыць, што і як рабіць у гэтай сытуацыі. Каб выбаршчыкі зразумелі, што ёсьць канкрэтныя шляхі выхаду з гэтай сытуацыі, каб краіна захавалася, умацавалася ўнутрана і набыла моц, каб рухацца наперад і рэфармавацца. Каб стаць сучаснай, моцнай дзяржавай», — сказала сябра каардынацыйнай рады Алена Анісім.

У плянах — правесьці асобную сэсію кангрэсу па свабодзе слова, а таксама сэсію па адукацыі і культуры.

Алена Анісім на 1-й сэсіі Кангрэсу за незалежнасьць, 2014 год
Алена Анісім на 1-й сэсіі Кангрэсу за незалежнасьць, 2014 год
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG