Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў стварае рух «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі»


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Паэт, былы кандыдат на прэзыдэнта і палітвязень, былы кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў пачаў стварэньне новага агульнанацыянальнага руху.

Уладзімер Някляеў, які ў красавіку сышоў з пасады старшыні кампаніі «Гавары праўду», распавёў пра сваю новую грамадзкую ініцыятыву ў інтэрвію Радыё Свабода:

«Рух называецца „За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі“ — так, я займаюся гэтым амаль штодзённа. Мушу сказаць, што ўсё ідзе так, як я і чакаў: ёсьць запалоханае і пасіўнае грамадзтва. Можа быць, маюць рацыю тыя, хто мне даводзіць, што час гэты — не для стварэньня нейкіх масавых народных рухаў. Як бывае час для стварэньня новай рэлігіі, так і час, калі яе стварыць немагчыма. Але я перакананы, што чакаць нейкага спрыяльнага часу не даводзіцца. Усё-ткі мы маем відавочную пагрозу нашай дзяржаўнай незалежнасьці. Тое, што заяўляе Лукашэнка, што ў яго нейкія ёсьць сілы дзеля таго, каб справіцца зь любым ворагам, „які пасягне хоць на кавалак беларускай зямлі“, гэта ўсё — пусты вецер. Таму, што няма такіх сілаў, бо ня створаныя нацыянальныя сілы, якія б адстойвалі Беларусь. Спэцслужбы ягоныя наскрозь прарасейскія. Я там быў і меў магчымасьць пазнаёміцца з найвышэйшым камандаваньнем гэтых службаў і сярэднім. І ўсе яны амаль што — так званы „рускі мір“. І ў войску беларускім па-сутнасьці адныя расейскія генэралы і, хутчэй за ўсё, яны выканаюць загад Пуціна, пра што яны і кажуць, калі арыштоўваюць нашых актывістаў. Маўляў, што сюды прыйдзе Пуцін, сюды прыйдзе „рускі мір“, і мы вам тады, нацыяналістам, пакажам.

Усе зазамбаваныя гэтай афіцыйнай беларускай і расейскай прапагандай і насамрэч вераць, што Пуцін паклапоціцца пра Беларусь, каб толькі ня сталася так, як сталася ва Ўкраіне.

Я глыбока перакананы, што захаваць і ўратаваць Беларусь можа толькі беларускі народ. Але сёньня народ проста не разумее, што цяпер адбываецца: як яго падманваюць, як ім маніпулююць — ну проста не разумее. Усе зазамбаваныя гэтай афіцыйнай беларускай і расейскай прапагандай і насамрэч вераць, што Пуцін паклапоціцца пра Беларусь, каб толькі ня сталася так, як сталася ва Ўкраіне. Таму трэба людзям тлумачыць, што ўсё сур’ёзна, што бязь іх удзелу ў будучыні Беларусі гэтай будучыні можа проста ня стацца. Вось дзеля гэтага я і пачаў гэтым займацца».

Карэспандэнтка: «Якімі сіламі Вы ствараеце гэты рух, хто Вам дапамагае?»

«Ёсьць людзі, якія даўно займаюцца тым, што працуюць для таго, каб Беларусь была беларускай. Ёсьць таксама людзі, якія пакуль што ні да якіх апазыцыйных кампаніяў, партыяў ці рухаў не далучаліся. Я спрабую працаваць праз усіх, а ў пераважнай большасьці мае спробы скіраваныя на тое, каб выйсьці на новых людзей, каб далучыць да гэтага руху сьвежыя сілы. Пакуль што, калі ўлічваць сытуацыю, у якой мы знаходзімся, тое, што чую ў адказ — рэха на мае прапановы — стварае ўва мне надзею, што гэта можа адбыцца».

Карэспандэнтка: «Гэта можа быць новая палітычная партыя?»

«Ні ў якім разе, не павінна быць ніякай палітычнай партыі. Больш за тое — не павінна быць лякальнай структуры з кіраўніцтвам у Менску, як гэта звычайна бывае. Каб адсюль ішлі нейкія каманды і тут акумуляваліся ўсе магчымыя сродкі, неабходныя для існаваньня партыі ці руху. Каб да актывістаў на месцах у першую чаргу даходзілі загады, а ўжо пасьля — вынікі гэтай працы і каб яны заставаліся проста пешкамі і выканаўцамі нечых загадаў і волі. Не! Гэта павінна быць абсалютна роўная сытуацыя: любая раённая арганізацыя павінна быць роўная зь любой сталічнай ва ўсім. І ў гэтым якраз ідэя стварэньня руху. Безумоўна, павінна быць толькі каардынацыя і ня больш за тое. Мадэль павінная быць адваротная — ня зьверху ўніз, а зьнізу ўверх — толькі тады можна разьлічваць на посьпех. Я ня маю нічога супраць палітычных партыяў: няхай яны займаюцца тым, чым займаюцца — кожны выбірае сам. Адзінае — тое, як яны цяпер пачалі займацца выбарамі, што яны робяць і як яны рыхтуюцца да выбараў, як зьбіраюцца ўдзельнічаць — вось у гэтым дзейнасьць іх не ўяўляецца мне такой, якой яна павінна была б быць на сёньня».

Карэспандэнтка: «Сутнасьць дзейнасьці палітычных партыяў — прыйсьці да ўлады. А якім чынам рух мае рэалізаваць свае задачы?»

Нават паводле дасьледаваньняў, якія праводзяцца незалежнымі сацыялягічнымі службамі, у гэтых умовах, калі людзі ўсяго баяцца, 52% зь іх скажуць, што нам гэта ўсё абрыдла.

«А рух будзе дапамагаць прыйсьці да ўлады тым людзям, якія ўсё ў гэтай краіне зьменяць. Што, такіх людзей няма? Іх больш, чым тых, хто трымаецца за свае пасады, якіх судзяць амаль праз дзень, якія крадуць. Нават паводле дасьледаваньняў, якія праводзяцца незалежнымі сацыялягічнымі службамі, у гэтых умовах, калі людзі ўсяго баяцца, 52% зь іх скажуць, што нам гэта ўсё абрыдла. Мы хочам, каб у гэтай краіне ўрэшце рэшт адбыліся зьмены. Так што, як бы хто каго ні палохаў, але разьвіцьцё падзеяў прывядзе да таго, што людзі ўсё зразумеюць і зробяць высновы».

Карэспандэнтка: «Чаму такі рух Вы не спрабавалі ці не захацелі стварыць у рэчышчы кампаніі «Гавары праўду»?»

«Таму, што гэтым не павінна займацца нейкая адна структура. У нас як, у апазыцыі? — Як толькі ты прапануеш хоць адну ідэю — вельмі слушную, ня надта слушную — супраць яе адразу будуць змагацца ўсе астатнія. Вось увесь мой досьвед працы ў апазыцыі кажа менавіта пра гэта. Тое, што адбылося падчас працэсу вылучэньня адзінага кандыдата — гэта з той жа сэрыі. Плюс яшчэ, што была пастаўленая задача тымі людзьмі, якія кантралююць некаторых так званых апазыцыянэраў — не дапусьціць вылучэньня адзінага кандыдата. І гэта ўсё блякавалася, і склалася сытуацыя, тая, якая склалася. А менавіта — сытуацыя 2010 году, калі кожны прэцца адзін. Толькі ў адрозьненьне ад 2010 году ніхто ня мае ніякай падтрымкі — ні матэрыяльнай, ні маральнай. І ўсё гэта будзе фэйк, суцэльны фэйк».

Карэспандэнтка: «Якой менавіта будзе дзейнасьць вашага руху?»

Трэба рабіць ня толькі глыбокія структурныя эканамічныя рэформы, але і палітычныя. А яны азначаюць, што калі на іх пайсьці, то гэта канец гэтаму рэжыму.

«Акцыі ў абарону дзяржаўнасьці і незалежнасьці Беларусі. Вы бачылі якую-небудзь такую акцыю на дзяржаўным узроўні? Можа, такой акцыяй можна назваць парад у Менску 9 траўня, калі разам з трактарамі і МАЗамі ішлі расейскія войскі? Гэта ёсьць паказьнік таго, што Беларусь гатовая бараніць сваю дзяржаўнасьць і незалежнасьць? Ці пустыя заявы пра нашую эканамічную моц, калі мы ізноў просім у Кітая сем мільярдаў? Гэта палова дзяржаўнага бюджэту? І калі кажуць, што ўсім нам трэба яднацца вакол моцнага прэзыдэнта, то паўстае пытаньне — а дзе моц? Моцны гаспадар у хаце той, хто ўтрымлівае сям’ю і можа адкласьці грошы, словам — калі ён гаспадар у сваёй хаце. А калі ты маеш хату, а калодзеж, дзе ты бярэш ваду, — у двары ў суседа, то які ты гаспадар? Трэба выкопваць свой калодзеж. Але на гэта ўлада, Лукашэнка не ідзе, бо дзеля гэтага трэба мяняць сыстэму. Трэба рабіць ня толькі глыбокія структурныя эканамічныя рэформы, але і палітычныя. А яны азначаюць, што калі на іх пайсьці, то гэта канец гэтаму рэжыму. Вось тупік, у які загнаў краіну, народ сёньняшні рэжым, зь якога трэба шукаць выйсьце. Выйсьцем можа быць толькі народны рух, і я ніякага іншага выйсьця ня бачу».

Карэспандэнтка: «Гэта будуць нейкія масавыя вулічныя акцыі ці якія іншыя?»

«Так, выходзіць у Слоніме люд з транспарантамі за незалежнасьць, дзяржаўнасьць Беларусі. І калі людзей, якія выходзяць з такімі транспарантамі і заклікамі, пачынае біць міліцыя, якая прадстаўляе гэтую самую незалежную дзяржаву, то ўзьнікае пытаньне: што мы маем на сёньняшні дзень у тым, што называецца беларускай уладай?»

Карэспандэнтка: «Наколькі рэальна спадзявацца, што людзі выйдуць, на вуліцы, ведаючы што іх чакае?»

І калі казаць пра нейкі ўнутрынацыянальны дыялёг, то ён можа палягаць толькі на гэтых прынцыпах — на грунце нашай дзяржаўнасьці і незалежнасьці.

«Разьвіцьцё падзеяў — пабачыце і ўзгадаеце маё слова — змусіць людзей так сябе паводзіць. І ў рэшце рэшт змусіць да больш актыўных, наўпростых дзеяньняў уладаў. І калі казаць пра нейкі ўнутрынацыянальны дыялёг, то ён можа палягаць толькі на гэтых прынцыпах — на грунце нашай дзяржаўнасьці і незалежнасьці. І тут ня можа быць аніякіх супярэчаньняў і спрэчак, ніякіх мардабояў на вуліцы паміж тымі, хто з боку дзяржавы, і хто з боку народу за незалежнасьць».

Карэспандэнтка: «На якой стадыі цяпер стварэньне гэтага руху, калі ён можа заявіць пра сябе?»

«Вы вельмі проста ўяўляеце стварэньне гэтага руху — сёньня пачаўся, а заўтра стварыўся. Гэтая праца можа заняць вельмі працяглы час. Стварыць можна аргкамітэт — што мы і створым, але стварыць сам рух — для гэтага насамрэч неабходна нашмат больш часу, чым для стварэньня нейкай партыі. Пакуль ня будзе рэальнай сілы, казаць пра гэта зарана. Таксама ня буду казаць пра нейкія іншыя даты ці пляны, пакуль у мяне ня будзе нейкага рэальнага выніку. Ужо заяўнікаў пра тое, што яны настваралі партыяў, рухаў і чаго толькі яшчэ не настваралі — вельмі багата, колькі жыву, гэтулькі чую. Калі скласьці сьпіс з таго, што створана, то для ўлады ўжо і месца не застанецца. Але чамусьці пануе ўлада, чамусьці пануе рэжым...»

Карэспандэнтка: «Чаму Вы — паэт і творца — распачалі гэтую справу?»

«Я перш за ўсё — беларус. І я хачу, каб у мяне — беларуса — была Беларусь, тая зямля, у якой ляжаць усе мае продкі. І пакуль я жывы, я буду за гэта змагацца. Незалежна ад таго, у апазыцыі гэта буду рабіць ці па-за апазыцыяй, жывы ці мёртвы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG