Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агнешка Рамашэўская-Гузы: «Беларусь перажывае пэрыяд стагнацыі і фаталізму»


Агнешка Рамашэўская-Гузы
Агнешка Рамашэўская-Гузы

Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» падзялілася са Свабодай уражаньнямі ад сваёй паездкі ў Беларусь пасьля дзесяці гадоў забароны на ўезд.

У Беларусі знаходзіцца дырэктар незалежнага беларускага тэлебачаньня «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы з Варшавы. Ёй удалося атрымаць новую беларускую візу толькі амаль празь дзесяць год. Яна наведала Горадню і вырашыла пабываць у іншых мясьцінах Беларусі. Дырэктар «Белсату» адказала на пытаньні Радыё Свабода па тэлефоне. Яна якраз наведала, спыніўшыся па дарозе, музэй у Ружанах.

Р.С.: «Што паказалі першыя сустрэчы ў Беларусі: якія праблемы турбуюць людзей, чым яны жывуць? Ці атрымліваюць яны нейкую альтэрнатыўную інфармацыю з Польшчы — па тэлебачаньні ці радыё?»

Агнешка Рамашэўская-Гузы: «Я мела сустрэчу з моладзьдзю, якая вывучае польскую мову; моладзь не глядзіць ніякага тэлебачаньня. Толькі інтэрнэт. А ўвогуле кіраваньне Лукашэнкі здаецца ім чымсьці, што было заўсёды, і ніколі не было нічога іншага. Нават ня вельмі ведаюць, што былі калісьці выбары, маюць пра гэта слабае ўяўленьне.

Рыхтуючы паведамленьне, нам трэба браць пад увагу — да каго мы зьвяртаемся. Я мяркую, што значная частка людзей папросту ў дадзены момант мала зацікаўленая палітычнымі пытаньнямі. Беларусь, на маю думку, перажывае цяпер пэрыяд стагнацыі — такой затрымкі, зь якой, мы ўбачым, што будзе вынікаць далей. І гэта я адчуваю паўсюдна: і ў Саюзе палякаў, і ўвогуле палітычна. Сытуацыя не зьяўляецца драматычнай. Гэта таксама бачна. Гэта ня нейкая драма, што зараз наступіць нейкі крызіс, катастрофа. Сытуацыя цяпер, скажам, пакуль такая „сярэдняя“, і гэта таксама відаць».

Р.С.: «Калі параўноўваць з 2005 годам, якія зьмены ў настроях можна заўважыць цяпер?»

Заўважны пэсымізм, людзі зыходзяць з таго, што напэўна будзе горш, ва ўсялякім разе, што лепей ня будзе.

Агнешка Рамашэўская-Гузы: «Калі браць мае ўражаньні дзесяцігадовай даўніны, то розьніца прынцыповая. Гэта значыць, грамадзкая атмасфэра зусім іншая. Тады нешта рабілася, гэта была атмасфэра зьменаў. Людзі яшчэ на іх спадзяваліся. А цяпер атмасфэра прыпыненасьці. І з кім бы я ні размаўляла, людзі маюць пачуцьцё, што ня вельмі вядома: куды зараз — управа, улева, што нас чакае праз хвіліну, што далей будзе адбывацца? Заўважны пэсымізм, людзі зыходзяць з таго, што напэўна будзе горш, ва ўсялякім разе, што лепей ня будзе. І што трэба маліцца, каб не было нашмат горш, а ўвогуле будзе дрэнна. І ў сувязі з гэтым людзі кажуць: вой, гэта ўсё распадзецца, і Беларусі ўжо ня будзе, а, можа, будзе Расея, ну — невядома... Але гэта я трошку перабольшваю, жартую цяпер. Але ёсьць такая, я б сказала, атмасфэра фаталізму. Адначасова я б сказала: эканамічны крызіс, ён яшчэ толькі надыдзе, яго яшчэ няма. Дастаткова наведаць вясковую краму, дзе мы толькі што былі».

Р.С.: «Што можна сказаць аб Вашых сустрэчах у Саюзе палякаў, які ўладамі не рэгіструецца, але працягвае існаваць?»

Агнешка Рамашэўская-Гузы: «Калі гаварыць пра Саюз палякаў, то, вядома, арганізацыю напаткалі выпрабаваньні, бо што й казаць, дзесяць год такой напаўлегальнай дзейнасьці — яны вельмі цяжкія. Але я лічу, што яны захавалі большую частку сваёй каманды. Гэта таксама ня так проста празь дзесяць гадоў абуджаць у людзях энтузіязм да дзейнасьці. І так бывае: ты ў пэўны момант прызвычайваесься ўжо да перасьледу, што будуць затрымліваць. А потым перастаюць затрымліваць. І што тут рабіць? Трэба далей разьвіваць дзейнасьць: нармальную, культурную, моўную, вучыць. Ну і я цешуся, што вярнулася да гэтага Анжаліка Борыс. Бо я лічу, што шмат такіх кіраўнікоў, як яна, палякі ў Беларусі ня мелі».

Р.С.: «Што Вам асабіста хочацца ўбачыць у Беларусі, з кім яшчэ спаткацца?»

Агнешка Рамашэўская-Гузы: «Я люблю Горадню, мне асабіста тут падабаецца. А цяпер толькі што была ў музэі ў Ружанах і вельмі зьдзівілася, што гісторыю Сапегаў расказваюць па-расейску.

Перш за ўсё хацела б паразмаўляць з Аляксандрам Мілінкевічам і Ўладзімерам Някляевым: аб тым, чаму яны так зрабілі, сышлі з палітыкі.

Буду мець сустрэчы ў Менску. Перш за ўсё хацела б паразмаўляць з Аляксандрам Мілінкевічам і Ўладзімерам Някляевым: аб тым, чаму яны так зрабілі, сышлі з палітыкі. Магчыма, удасца з кімсьці кампэтэнтным паразмаўляць пра эканамічную сытуацыю. Хаця ня трэба ехаць у Беларусь, менавіта каб спаткацца зь некаторымі важнымі людзьмі; я хацела прысьвяціць свой час іншаму: адчуць, як пахне паветра, убачыцца зь сябрамі. Але, магчыма, будуць таксама і сустрэчы, у прыватнасьці, з калегамі з БАЖа.

Што датычыць узгаданых Мілінкевіча і Някляева, то зь імі часам лягчэй убачыцца за мяжой, таму праблемаў зь імі скантактавацца ня будзе».

Р.С.: «Што сёньня можа зьвярнуць увагу ў Беларусі, зацікавіць, зрабіць пазытыўнае ўражаньне?»

Агнешка Рамашэўская-Гузы: «Што тычыцца пазытыўных уражаньняў: тое, за што адказвае дзяржава, — напрыклад, за дарогі — гэта зроблена і вельмі прыстойна. Гэта кожны паляк скажа, калі прыедзе. Усе гавораць, што тут вельмі чыста і парадак. І частку апазыцыйна настроеных беларусаў гэта нэрвуе, бо яны кажуць: і там дрэнна, і там. А людзі кажуць: тут чыста і добрыя дарогі. І я таксама мушу гэта сказаць. Таксама ў крамах нядрэнна з таварамі. А ўвогуле, на маю думку, самай цікавай рэччу зьяўляецца таямніца, якая „вісіць“ над Беларусьсю: з чаго гэта ўсё бярэцца? І хто будзе за гэта плаціць?»

Р.С.: «Відавочна, што „Белсат“ разьвіваецца, зьяўляюцца новыя перадачы, новыя твары. Якія найбліжэйшыя пляны ў дырэктара „Белсату“, што новага могуць чакаць прыхільнікі тэлеканалу?»

Агнешка Рамашэўская-Гузы: «Я абсалютна перакананая, што будучыняй „Белсату“ зьяўляецца разнароднасьць. Перш за ўсё гэта датычыць розных накірункаў данясеньня інфармацыі. Прынцыповая рэч: ніякія мэдыі не існуюць без гледачоў, слухачоў і чытачоў. Нават калі нам дастаўляе вялікую прыемнасьць рабіць свае праграмы, то мы, аднак, маем іх рабіць для нашых гледачоў. Мы павінны быць увесь час зь імі ў кантакце, каб спрабаваць знайсьці падыход да паасобных групаў гледачоў. Паколькі мы не зьяўляемся тэлебачаньнем, якое глядзяць у кожным доме, то мы павінны мець мноства шляхоў данясеньня інфармацыі. Мне б хацелася, каб мы, магчыма, перайшлі на іншы спадарожнік, каб усе, хто мае спадарожнікавую антэну, маглі глядзець „Белсат“. І таксама мне хацелася б разьвіваць усе іншыя каналы: доступ праз інтэрнэт або пры яго дапамозе — да самога тэлебачаньня, магчымасьці чаго цяпер усё большыя.

Тут існуе пэўная праблема: эліты робяць сабе палёгку, ствараючы творы для сябе. Пытаньне: як дайсьці да трошку шырэйшых масаў?

У нас ёсьць шмат фільмаў. У вялікай частцы мы займаемся культурай. Хаця я лічу, што масы не зацікаўленыя ў творах высокай культуры. Тут існуе пэўная праблема: эліты робяць сабе палёгку, ствараючы творы для сябе. Пытаньне: як дайсьці да трошку шырэйшых масаў? Я лічу, што высокая культура, безумоўна, павінна быць. Але таксама, перадусім, павінна быць папулярная культура. Я маю на ўвазе: навукова-папулярныя перадачы пра мову ці гісторыю Мы якраз вялікую вагу надаем гісторыі. Мы лічым, што ўсё тое, што будуе пачуцьцё самасьвядомасьці беларусаў, зьяўляецца надзвычай важным. Патрэбны таксама рэпартаж, інфармацыя аб тым, як жывуць людзі. Гэта калі казаць пра тэматыку. І пры гэтым мы будзем імкнуцца даносіць інфармацыю рознымі шляхамі да тых, хто нас глядзіць, слухае, чытае. Такія бліжэйшыя пляны. Але гэта ўсё, канечне, як дасьць Пан Бог, а дазволяць спонсары. Бо калі ня будзе грошай, то нічога ня будзе. Але будзем бачыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG