Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джокер апазыцыі — Дар’я Домрачава


Як стала вядома Свабодзе, імёны магчымых кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум», агучаныя раней, былі своеасаблівай дымавой заслонай. Але чуткі пра вылучэньне жанчыны пацьвердзіліся. Насамрэч кааліцыя прыняла рашэньне вылучыць сваім кандыдатам Дар’ю Домрачаву, знакамітую беларускую спартоўку.

Нашы крыніцы паведамляюць, што трохкратная чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2014 году дала згоду балятавацца. «Я ведаю, што трэба майму народу. Я гатовая да барацьбы і я не прамахнуся», — як перадаюць, заявіла спартоўка ў адказ на прапанову.

Мы папрасілі пракамэнтаваць інфармацыю аб вылучэньні Домрачавай палітыкаў і экспэртаў.

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, заявіў, што калі Домрачава будзе вылучаная, то ён здыме сваю кандыдатуру на яе карысьць. «Домрачава, адзіны кандыдат ад апазыцыі — гэта якраз той фармат, які трэба», — падкрэсьліў палітык.

Зянон Пазьняк, лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, ахарактарызаваў вылучэньне Домрачавай як падступны праект Крамля. «Гэтая маскоўская марыянэтка здасьць Беларусь Расеі нават хутчэй, чым Лукашэнка», — патлумачыў кіраўнік КХП БНФ.

Шэф-рэдактар «Народнай Волі» Сьвятлана Калінкіна падкрэсьліла, што з вылучэньнем Домрачавай на беларускай палітычнай арэне пачалася сапраўдная гульня. «Час клоўнаў прайшоў, навідавоку рэальная альтэрнатыва», — мяркуе публіцыстка.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі выказаў сумнеў у палітычных шанцах спартоўкі: «Калі яна ўмее добра страляць і бегаць на лыжах, з гэтага не вынікае, што яна здолее добра кіраваць дзяржавай, прынамсі, гэта ёй давядзецца даказваць выбарцам».

Сацыёляг Алег Манаеў мяркуе, што Домрачава, у адрозьненьне ад іншых апазыцыйных кандыдатаў, зможа спаборнічаць з Лукашэнкам за яго традыцыйны электарат: «Лукашэнка ў 1994 годзе быў для свайго электарату „Сашкам“, сваім. Цяпер такой сваёй будзе „Дашка“».

«Гэта крута, нарэшце наша апазыцыя здолела знайсьці бліскучы ход, Домрачава — гэта джокер апазыцыі і беларускага грамадзтва», — заявіў Свабодзе пісьменьнік Віктар Марціновіч.

Рашэньне аб вылучэньні Дар’і Домрачавай «Народным рэфэрэндумам» будзе прынятае днямі. Працяг тэмы — пазьней на нашым сайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG