Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада кіраўнікоў вяшчаньня ЗША заклікае вызваліць Хадзіджу Ісмаілаву


Хадзіджа Ісмаілава.
Хадзіджа Ісмаілава.

Рада кіраўнікоў вяшчаньня ЗША выразіла занепакоенасьць з нагоды працягу на 2 месяца тэрміну арышту для супрацоўніцы азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Хадзіджы Ісмаілавай.

У заяве, апублікаванай сёньня на сайце Рады кіраўнікоў вяшчаньня ЗША (BBG), улады Азэрбайджану заклікаюцца «неадкладна вызваліць» супрацоўніцу азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Хадзіджу Ісмаілаву.

27 студзеня суд у Азэрбайджане працягнуў тэрмін утрыманьня пад вартай Хадзіджы Ісмаілавай яшчэ на 2 месяца. Журналістку арыштавалі паводле палітычных матываў яшчэ 5 сьнежня. Калі суд прызнае яе вінаватай, ёй пагражае ад 3 да 7 гадоў зьняволеньня.

У заяве Рады кіраўнікоў вяшчаньня адзначаюць, што Ісмаілаву, якая займалася расьсьледаваньнямі і супрацоўнічала з Радыё Свабода, цяпер утрымліваюць у турэмнай камэры з чатырма іншымі жанчынамі. Яна напісала некалькі лістоў з-пад варты, каб падзяліцца сваім досьведам і падтрымаць калегаў. Апошні ліст, які апублікавала Радыё Свабода, стаў прычынаю зьмяшчэньня журналісткі ў адзіночную камэру ў якасьці пакараньня.

«Мы занепакоеныя становішчам Хадзіджы і абураныя ганебнымі нападамі ўраду Азэрбайджану на свабоду прэсы. Ня толькі Хадзіджа несправядліва зьмешчаная ў турму паводле сфабрыкаванага абвінавачваньня, але мясцовае бюро ў Баку застаецца апячатаным паводле рашэньня азэрбайджанскіх уладаў. Мы патрабуем ад уладаў аднаўленьня працы бюро, вызваленьня Хадзіджы Ісмаілавай і спыненьня перасьледу журналістаў Радыё Свабода і іх сем’яў», — піша ў заяве старшыня Рады кіраўнікоў вяшчаньня Джэф Шэл.

26 сьнежня 2014 году ўлады апячаталі бюро азэрбайджанскай службы Радыё Свабода ў Баку. У рэдакцыі і ў кватэрах журналістаў правялі ператрусы міліцыянты і супрацоўнікі пракуратуры Азэрбайджану.

Хадзіджу Ісмаілаву афіцыйна зьвінавацілі ў «давядзеньні да самагубства» свайго калегі Турала Мустафаева, які 21 кастрычніка 2014 году выпіў атруту і трапіў у шпіталь у цяжкім стане. Праваабаронцы лічаць, што сапраўднай прычынай арышту Ісмаілавай зьяўляюцца яе журналісцкія дасьледаваньні карупцыі ў краіне і высьвятленьне крыніцаў багацьця кіроўнай сям’і Аліевых.

Рада кіраўнікоў вяшчаньня (BBG) — незалежнае фэдэральнае агенцтва ЗША, якое кантралюе міжнародныя праекты грамадзкага радыёвяшчаньня, у тым ліку Голас Амэрыкі (VOA), Радыё Свабодная Эўропа /Радыё Свабода (RFE /RL), Middle East Broadcasting Networks (Alhurra TV і Radio Sawa), Radio Free Asia (RFA) і Упраўленьне Вяшчаньня Кубы (Радыё і ТВ Марці). Сукупная аўдыторыя ўсіх мэдыяў, падкантрольных BBG — 155 мільёнаў чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG