Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка «Свабоды»: «Я адчуваю сябе свабоднай у турме»


Хадзіджа Ісмаілава
Хадзіджа Ісмаілава

Журналістка азербайджанскай службы Радыё Свабода Хадзіджа Ісмаілава напісала з турмы, што яна адчувае сябе пераможніцай у «вайне дабра са злом» у сваёй краіне.

Ісмаілава была арыштаваная месяц таму паводле афіцыйнага абвінавачаньня ў «давядзеньні да самагубства» былога супрацоўніка азербайджанскай службы Радыё Свабода Турала Мустафаева, які 21 кастрычніка 2014 году выпіў атруту і трапіў у шпіталь у цяжкім стане. Ісмаілавай пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Праваабаронцы лічаць, што сапраўднай прычынай арышту Ісмаілавай зьяўляюцца яе журналісцкія дасьледаваньні карупцыі ў краіне і высьвятленьне крыніцаў багацьця кіроўнай сям’і Аліевых.

«Што я магу чакаць ад гэтага суду? — напісала Ісмаілава ў лісьце з турмы, які быў апублікаваны на мінулым тыдні. — Калі я назіраю за бездапаможнасьцю судзьдзяў і пракурораў, мне іх шкада. Дзіўна, але я адчуваю сябе больш упэўненай, калі бачу іх у такім становішчы. Я адчуваю сябе абсалютна свабоднай у параўнаньні з такімі службовымі асобамі».

У абарону Хадзіджы Ісмаілавай выступілі Рада Эўропы, Эўразьвяз і АБСЭ. Пэтыцыю за яе вызваленьне падпісаў амэрыканскі пісьменьнік аўганскага паходжаньня Халед Хусэйні (Хадзіджа Ісмаілава пераклала на азербайджанскую мову яго вядомы раман «The Kite Runner»).

Арышт Хадзіджы Ісмаілавай міжнародная супольнасьць разглядае як адзін з эпізодаў шырэйшай акцыі перасьледу ўладамі незалежных журналістаў і грамадзянскай супольнасьці ў Азербайджане.

26 сьнежня 2014 году ўлады апячаталі бюро азербайджанскай службы РС у Баку ды правялі ператрусы ў кватэрах журналістаў, не выстаўляючы пакуль ніякіх абвінавачаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG