Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 26 кастрычніка: 55-годзьдзе Анатоля Сыса


Анатоль Сыс
Анатоль Сыс

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. У рамках "Месяца фатаграфіі ў Мінску" ў прасторы ЦЭХ пройдзе паказ пераможцаў конкурсу World Press Photo Multimedia. Пачатак а 17-й.

Менск. У прасторы "ДК" (вул. Талбухіна, 4) адбудзецца вечарына ў рамках Дабрачыннага праекту “Каліласка” у новым фармаце. Пачатак а 18-й.

Менск. У клюбе “Графіці” адбудзецца канцэрт гурту Recha. Пачатак а 19-й.

Менск (па 20 лістапада) У музэі аддзелу старажытнабеларускай культуры Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ праходзіць выстава "Гуляла Пава ..." (няглюбскія строі у XIX і XX стагоддзях).

Менск. У бары "ДК" (вул. Талбухіна, 4,) пройдзе "Жывая бібліятэка: "Людзі больш, чым стэрэатыпы". Можна будзе сустрэцца і паразмаўляць зь людзьмі розных поглядаў, інтарэсаў і арыентацыяў. Час правядзеньня 13.00 – 17.00.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1795 ― адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай.

1822 – пайшоў у школу Ганс Крыстыян Андэрсан. Будучаму пісьменьніку было на той момант 17 гадоў. Звычайна на такія дэталі біяграфіі зьвяртаюць увагу, каб лішні раз пераканацца, што не адныя вундэркінды дамагаюцца ў жыцьці вялікіх посьпехаў і робяцца славутымі творцамі. Пачаць ніколі ня позна.

1863 – у Жэнэве ўтвораны Міжнародны Чырвоны Крыж.

1947 – праведзеная самая масавая дэпартацыя ўкраінцаў з Заходняй Украіны (каля 78 тысяч чалавек).

1962 – падчас Карыбскага крызісу савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў пагадзіўся на вяртаньне ў СССР караблёў, якія везьлі на Кубу ядзерную зброю.

У гэты дзень нарадзіліся:

1685 – італьянскі кампазытар Дамэніка Скарлаці, аўтар 555 санат для фартэпіяна.

1759 – Жорж Жак Дантон, правадыр францускіх якабінцаў.

1810 – беларускі скульптар і змагар за незалежнасьць Генрых Дмахоўскі. Пасьля сканчэньня Віленскага ўнівэрсытэту ён вучыўся ў Францыі, адкуль адправіўся ў ЗША. Там Дмахоўскі стварыў скульптурныя партрэты Тадэвуша Касьцюшкі і амэрыканскага прэзыдэнта Томаса Джэфэрсана. Гэтыя бюсты і сёньня ўпрыгожваюць памяшканьне Кангрэсу ЗША. Вярнуўшыся на радзіму акурат у часе паўстаньня Каліноўскага, Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісенскага павету. Вясною 1863 году ён загінуў у баі каля вёскі Парэчча пад Барысавам.

1870 ― Надзея Яноўская, апошняя з роду Яноўскіх; гераіня дэтэктыўнай аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча

1888 – Нестар Махно, украінскі рэвалюцыянэр, лідэр анархісцкага руху

1916 – прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран, які кіраваў сваёй краінай два тэрміны па 7 гадоў (1981-1995).

1947 – былая дзяржсакратарка ЗША Гілары Клінтан, жонка экс-прэзыдэнта ЗША.

1959 ― Анатоль Сыс, беларускі паэт.

Знайшлі пацір, сьлязамі поўны,
ніхто ня ведае – чыймі.
Сярэбранае ў срэбным –
поўню
пакутнік нейкі расчыніў.
Ад зла, спакус, грахоў замову
гугнявіў голас за сьцяной...
Знайшлі на дне паціра слова,
з малітвы выпала яно.

КАХАЮ –
вочы прачыталі,
КАХАЮ –
вусны прашапталі,
КАХАЮ –
душы прастагналі,
КАХАЮ –
людзі закрычалі.

Каго?
Паэт сказаў: Айчыну!
Жаўнер: дзяўчыну!
Хтось: сябе!
I сталі дружна,
шчыра, шчыльна,
як на касьбе ці на сяўбе.
А ён канчаўся у зьнямозе –
ніхто яго не пакахаў,
з паціра выплюхнулі сьлёзы,
і налілі праз край віна,
і сталі дружна, шчыра, шчыльна,
як на касьбе ці на сяўбе,
паэт сказаў: п’ем за Айчыну!
I кожны выпіў – за сябе...


Анатоль Сыс, «Пацір».

У гэты дзень памерлі:

899 ― Альфрэд Вялікі, кароль Ўэсэксу.

1764 – ангельскі мастак Уільям Хогарт, ілюстратар, гравёр і тэарэтык мастацтва.

1806 – Шарль Агюстэн Кулён, францускі фізык і вайсковы інжынэр, які ў 1785 годзе экспэрымэнтальна ўсталяваў асноўны закон электрастатыкі (закон Кулёна).

1855 – расейскі перакладчык беларускага паходжаньня Міхаіл Урончанка. Перакладаў Шэксьпіра, Байрана, Гётэ.

1937 ― Юзэф Доўбар-Мусьніцкі, польскі вайсковы дзеяч, генэрал-лейтэнант расейскага войска, генэрал броні, кіраўнік паўстаньня вялікапольскага

1972 – Ігар Сікорскі, авіяканструктар, стваральнік першых у сьвеце верталётаў


З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Казкі з памылкамі. 26 кастрычніка 1822 Ганс Хрыстыян Андэрсэн ва ўзросьце 17 гадоў пайшоў у школу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG