Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ку-ку, ку-ку, ку-ку!»

Ганс Хрыстыян Андэрсэн, вялікі дацкі паэт,

— зьдзекуецца з «калгасьнікаў»-датчанаў пэрсанаж сэрыялу «Каралеўства» фон Трыера, з нацыянальнасьці швэд, якому агіднае ўсё дацкае.

Зь яго, Андэрсэна, досыць насьмяяліся яшчэ пры жыцьці. З доўгага носа і рук да каленяў. Са звычкі гаварыць самому з сабой. Калі Ганс Хрыстыян і расказваў нешта аднагодкам, дык пра тое, што ён гуляе ў ножыкі з самім прынцам Дацкім (ня Гамлетам, а будучым каралём Фрэдэрыкам). «Бедны Ёрык», — рагаталі з фальшывай спагадай дарослыя. Ён прыдумляў гісторыі, калі іншыя былі занятыя пошукам кавалка хлеба. Баяўся хадзіць у школу, бо там лупяць па пальцах і мяккіх месцах — ануча, сьмяяліся суседзі: ну якая школа без аплявухаў, бізуноў і каршнёў. Гэта ж азы пэдагогікі! Думаеш, Андэрсэн, праз сто гадоў у школах біць ня будуць?

«Думаю, не», — адказваў хлопец, апусьціўшы галаву.

І зноў: га-га-га.

Маці запісала яго ў яўрэйскую школу — там ня білі, рэлігія не дазваляла. Але і вучылі не зусім таму, што патрабавалася для сьвецкага выхаваньня сапраўднага датчаніна. Кажуць, у сапраўдную школу Андэрсэн наважыўся пайсьці толькі ў сямнаццаць гадоў: позьняй восеньню, калі ў Даніі гуляе па выспах такі фанабэрысты вецер, а ў гарадах, як у ступах, кожны дзень пачынаючы ад надвячорка блізкае мора таўчэ густы туман, 26 кастрычніка 1822 году ён запісаўся ў самую сапраўдную школу. Біць яго ўжо ніхто ня мог — аднаклясьнікам было па адзінаццаць-дванаццаць гадоў, і Андэрсэн быў на некалькі галоваў вышэйшы за самага высокага зь іх.

Пісаць ён ужо ўмеў — з памылкамі, як і трэба сапраўднаму пісьменьніку зь нізоў. Калі ён зробіцца пісьменным, зь яго нешта можа і атрымацца, верыў Андэрсэн. Верыў толькі ён сам — пайсьці ў школу ў сямнаццаць і цяпер лічыцца прыкметай хутчэй разумовай адсталасьці, чым вялікага таленту. І зноў зь яго сьмяяліся — адкрыта і з асалодай. Можа, таму ён так ніколі ня жэніцца і ня будзе мець дзяцей. Будзе баяцца сьмеху. Любы, хто побач, умее гэта: расьцягнуць вусны ў брыдкай грымасе, агаліць зубы, напусьціць на твар злавеснае павуціньне зморшчын. Ён ня ўмеў сьмяяцца так шчыра, як яны. З слабасьці, мяккасьці, фантазіі, любові. Занадта позна пайшоў у школу.

Граматна пісаць ён так і не навучыўся. Ку-ку, ку-ку, ку-ку... А што, калі сямнаццаць — і праўда найлепшы ўзрост для таго, каб пачынаць вучыцца? Што, калі ўсе чалавечыя праблемы — праз тое, што яго, чалавека, дзяцінства канчаецца занадта рана?.. Праз тое, што яго вучаць сьмяяцца не з таго, з чаго варта — і адвучваюць плакаць. Дзесяцігадовыя матэматыкі, адзінаццацігадовыя філёзафы, дванаццацігадовыя чытачы літаратуры — што яны могуць зразумець у рэчах, зь якіх так хітра і складана пабудаваны сьвет? Калі б казка заставалася з чалавекам даўжэй — мо рэальнасьць не падавалася б яму такой мярзотнай і вартай зьнішчэньня: не цяпер, дык пасьля школы, не сваім імем, дык імем дзяржавы, якой няма справы да страхаў велічынёю ў цалю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG